"Тэлевяршыня" скарылася лепшым

23.04.2013
"Звязда", 23 красавіка 2013 г.


Вызначаны пераможцы ІХ Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу "Тэлевяршыня". Гран-пры "Тэлевізійны праект года" атрымала Белтэлерадыёкампанія за цыкл дакументальных фільмаў "Лёс гігантаў". Спецыяльнымі прызамі былі ўзнагароджаны: ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне" (за актыўнае асвятленне мерапрыемстваў Года кнігі), творчая група АТН Белтелерадыёкампаніі (за актуальнае гістарычнае даследаванне - тэлефільм "Незалежнасць. Скрыжаванні") і памочнік старшыні праўлення ЗАТ "Другі нацыянальны канал" Уладзімір Мартынаў (за асабісты ўклад у развіццё тэлебачання Рэспублікі Беларусь).
Сёлета першае месца ў намінацыі "Лепшая штодзённая інфармацыйная праграма" падзялілі паміж сабой адразу два праекты - "Нашы навіны" (Другі нацыянальны канал) і "24 гадзіны" (Сталічнае тэлебачанне). Лепшай інфармацыйна-аналітычнай праграмай прызнана "Сфера інтарэсаў" (Белтэлерадыёкампанія).
Лепшая публіцыстычная праграма - "Гордасць нацыі" (Другі нацыянальны канал). Лепшая асветніцкая - праект "Партызанскі край" (прадстаўніцтва кампаніі "Мір" у Рэспубліцы Беларусь). Лепшая забаўляльная праграма - "Спяваючыя гарады" (Сталічнае тэлебачанне). Тэматычная праграма "Іншая краіна" гэтага тэлеканала таксама апынулася сярод пераможцаў. А сярод лепшых праграм для дзяцей і юнацтва атрымала статуэтку праграма "Заўтра - гэта мы" (Белтэлерадыёкампанія).
Лепшай праграмай навін на рэгіянальным тэлебачанні названы "Навіны рэгіёна" (Тэлерадыёкампанія "Брэст"). Лепшым рэгіянальным праектам - праграма "Перазагрузка" (Тэлерадыёкампанія "Магілёў").
У намінацыі "Лепшы дакументальны фільм (цыкл)" па выніках галасавання экспертнай групы перамог "Зваротны адлік" (Другі нацыянальны канал). Лепшая сацыяльная рэклама - цыкл відэаролікаў, прысвечаны 130-годдзю Я. Купалы і Я. Коласа (Сталічнае тэлебачанне). А вось узнагарода за лепшы тэлевізійны дызайн дасталася міжпраграмнаму афармленню тэлеканала "Беларусь 2" Белтэлерадыёкампаніі.
Сваіх уладальнікаў знайшлі статуэткі ў намінацыях "Лепшая вядучая штодзённай інфармацыйнай праграмы" - яе ўручылі Кацярыне Тышкевіч (праграма "Нашы навіны", Другі нацыянальны канал). Лепшым вядучым інфармацыйна-аналітычнай праграмы прызнаны Анатоль Ліпецкі ("Вакол планеты", Белтэлерадыёкампанія), а лепшым вядучым забаўляльнай праграмы" на гэты раз стаў Дзмітрый Шунін ("Акадэмія талентаў", Другі нацыянальны канал). У ліку пераможцаў аказаўся і Дзмітрый Астрахан у намінацыі "Лепшы вядучы тэматычнай праграмы" ("Я спяваю", Другі нацыянальны канал). А Марына Грыгор'ева прызнана "Лепшай вядучай рэгіянальнага тэлебачання" (Лідскае тэлерадыёаб'яднанне).
Лепшым рэпарцёрам сёлета стала Вольга Петрашэўская (Сталічнае тэлебачанне). Інга Шычкова - лепшы рэжысёр ( "Альбарутэнія: на дне беларускага мора", Тэлерадыёкампанія "Брэст").
Не засталіся без узнагарод і тыя людзі, якія робяць значны ўклад у кожны выпуск той ці іншай праграмы, але знаходзяцца за кадрам. Лепшы аператар - Аляксей Юнаш ("Карціна свету з Юрыем Казіяткам", "Іншая краіна", Сталічнае тэлебачанне), лепшы сцэнарыст - Барыс Герстэн ("Са свету ў свет. Гісторыя аднаго сыходу" праекта "Зваротны адлік", Майстэрня Уладзіміра Бокуна), а ў намінацыі "Лепшы тэлевізійны прадзюсар" на вяршыні аказалася прадзюсарская група "Міс Беларусь-2012" (Другі нацыянальны канал).

Алена ДРАПКО.