Тэлевядучы і студэнтка Універсітэта Арыстоцеля

07.09.2010
"Звязда", 7 сентября 2010 г.


Белтэлерадыёкампанія назвала імёны вядучых дзіцячага "Еўрабачання-2010"
Доўгачаканая інтрыга вырашылася: вядучымі дзіцячага "Еўрабачання-2010" сталі тэлежурналіст Дзяніс Кур'ян і пяцікурсніца журфака БДУ Лейла Ісмаілава.
- Кастынг завершаны, і вось яго вынікі, - прадстаўляючы журналістам вядучых, сказаў тэлевізійны прадзюсар дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне" Аляксандр Капёнкін. - Дзяніс быў выбраны вядучым яшчэ ў маі, яго кандыдатуру зацвердзіў Еўрапейскі вяшчальны саюз (далей - ЕВС) як чалавека, які мае адносіны да асвятлення "Еўрабачання". Таму далей мы шукалі вядучую.
На гэту ролю зацвердзілі 21-гадовую студэнтку журфака БДУ. Студэнтка аддзялення тэлебачання і радыёвяшчання па студэнцкай праграме Эразмус Мундус апошні семестр правучылася ва Універсітэце Арыстоцеля (Грэцыя), прычым адразу на двух факультэтах: журналістыкі і англійскай мовы і літаратуры. Таму за асноўны крытэрый - англійская мова - Лейла не перажывала.
- Заяўку я падала праз інтэрнэт, пра кастынг мне расказала мама, - успамінае Лейла. - На той момант я знаходзілася яшчэ ў Тэсалоніках, дзе заканчвалася мая стажыроўка. Я павінна была быць там яшчэ месяц, але калі даведалася, што прайшла адбор і мяне выбралі ў дваццатку, вырашыла адразу прыехаць. Калі шчыра, то, вяртаючыся з Грэцыі, я баялася, што ў мяне будзе грыкліш - мешаніна англійскай і грэчаскай моў (у грэкаў вельмі спецыфічны акцэнт). Але пастаралася справіцца. У першым туры з намі працаваў суфлёр - трэба было чытаць сцэнарый, што нескладана. Але пасля рэжысёр пачаў даваць заданні: у Дзяніса адключыўся мікрафон - трымай залу; прападае сувязь са спадарожнікам - адцягні ўвагу залы.
- Кастынг праходзіў па прынцыпе "Паўднёвае Бутава", - прыадкрывае таямніцы адбору Дзяніс Кур'ян. - Рэжысёр пастаянна даваў указанні: зараз у вас будзе незвычайны госць, зараз са сцэны зваліцца прыз, зараз за 20 хвілін вы павінны прыдумаць танец...
- У кожнага з прэтэндэнтаў у вуха ўстаўлялася т.зв. "агучка" - пастаянныя каманды даваў рэжысёр, - працягвае Аляксандр Капёнкін. - І перш за ўсё нас цікавіла рэакцыя вядучых: каманда ідзе па-руску, а вядучы павінен сабрацца і, не падаючы віду, працягваць весці дыялог па-англійску. Лейла - адзіная, хто цудоўна справіўся з гэтай задачай - свабодна імправізавала, не запіналася, рабіла ўсё так, як трэба.
- На выхадзе мы павінны былі атрымаць стыльную беларуска-еўрапейскую пару, якая будзе весці шоу і перадаваць настрой аўдыторыі на той бок тэлеэкрана. І, як мне падаецца, выбраць такую пару ўдалося.
Дзяніс Кур'ян, каментуючы сваю кандыдатуру ў ролі вядучага, адзначыў:
- Насамрэч, я не лічу сябе лепшым - было шмат дастойных кандыдатур. Проста так склалася, што я даўно меў дачыненне да гэтага конкурсу, а гэта вельмі пажаданая ўмова у ЕВС. Калі паглядзець на спрактыкаваных вядучых, то заўсёды хтосьці з іх - гэта альбо каментатар конкурсу папярэдніх гадоў, альбо чалавек, які даўно "ў тэме" гэтага конкурсу і ведае, як гэта машына працуе знутры.
Дзяніс і Лейла весці шоу будуць па-англійску. Французская мова, якая разам з англійскай, лічылася на конкурсах "Еўрабачання" вядучай, скарыстаная не будзе.

Ілья ЛАПАТО.