Тэлевiзар у тэлефоне...

23.11.2006
"Звязда", 23 лістапада 2006 г.


Новую паслугу - "Мабiльнае тэлебачанне" - прадставiў на мiжнароднай спецыялiзаванай выставе "Перспектыўныя тэхналогii i сiстэмы" (PTS’2006) аператар сотавай сувязi Velcom. Гасцям выставы была дадзена магчымасць глядзець у мабiльным эфiры як айчынныя, так i замежныя тэлеканалы.
Праўда, звычайным абанентам паглядзець праграмы i клiпы на экране мабiльнiка пакуль што не ўдасца. Паслуга яшчэ знаходзiцца ў тэставым рэжыме, i тое толькi ў Мiнску. Дата запуску, а таксама ўмовы падключэння "Мабiльнага тэлебачання" будуць абвешчаны пазней. Затое, як сцвярджаюць спецыялiсты кампанii, "пераключаць каналы" з дапамогай мабiльнiка можна будзе на ўсёй тэрыторыi радыёпакрыцця Velcom.

...I "тэлефонны" Iнтэрнэт

Гэтаксама ў рамках VIII мiжнароднай выставы PTS’2006 Белтэлерадыёкампанiя прадставiла новую версiю свайго афiцыйнага сайта - pda.tvr.by. Гэтая версiя спецыяльна прызначана для прагляду на экранах кiшэнных камп’ютараў i смартфонаў.
Усiм жадаючым будзе забяспечаны высокахуткасны кругласутачны доступ да PDA-версii сайта. На iм гледачы не толькi знойдуць навiны, анонсы, расклад тэлеперадач, але i змогуць прагледзець i праслухаць у прамым эфiры праграмы тэлеканала "Беларусь-ТБ" i 5 радыёстанцый.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.