Тэлесезоны па восені лічаць...

20.09.2002
"Звязда", 20 верасня 2002 г.


21 верасня ў Мінску на пляцоўцы ля Палаца спорту Першы Нацыянальны тэлеканал праводзіць грандыёзную прома-акцыю, прысвечаную адкрыццю новага тэлевізійнага сезона.
Асноўная мэта гэтага унікальнага мерапрыемства - пазнаёміць тэлегледачоў з людзьмі, якія робяць тэле- і радыёперадачы, раскрыць некаторыя іх прафесійныя сакрэты. Белтэлерадыёкампанія імкнецца цалкам рэалізаваць новы лозунг БТ - "Тэлебачанне тваёй краіны", даць магчымасць народу сустрэцца з любімымі вядучымі "жыўцом".
А першай гадзіне на пляцоўцы пачне працаваць выстава тэлевізійнай тэхнікі. Кожны жадаючы зможа на некалькі хвілін стаць рэжысёрам ці тэлеаператарам з дапамогай самага сучаснага абсталявання.
Яшчэ праз гадзіну выйдзе ў прамы эфір спецвыпуск праграмы "Добры дзень, Беларусь!". Прысутныя ля Палаца спорту змогуць задаць свае пытанні ветэранам тэлеэфіру і вядучым зусім новых перадач Першага Нацыянальнага.
3 15.00 плануецца выступленне ўдзельнікаў Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу юных талентаў "Сузор'е надзей". Пасля завяршэння канцэрта наступіць чарга спартыўнай шоу-праграмы, дзе гледачы пабачаць удзельнікаў чэмпіянату свету па аэробіцы і выхаванцаў Акадэміі фізвыхавання з праграмай па акрабатыцы і ўсходніх адзінаборствах. Адначасова на Свіслачы пройдзе водная феерыя - выступленне спартсменаў на байдарках і парусніках. Музыку, конкурсы з абавязковымі прызамі і проста добры настрой абяцаюць прадаставіць вядучыя радыё "Сталіца". А дапамогуць ім каманда КВЗ "Сімплі-Сіці" (Гомель-Віцебск), ансамбль народнай музыкі "Бяседа" і інструментальны ансамбль Белтэлерадыёкампаніі.
Акрамя таго, можна будзе сфатаграфавацца на памяцьз папулярнымі вядучымі (некаторыя з іх, напрыклад, Ларыса Грыбалёва, Алена Спірыдовіч, Сяргей Кухто - будуць весці святочную праграму). Традыцыйна да відовішчаў будзе далучаны "хлеб" - выязны гандаль і салдацкая кухня.
Пасля запуску вялізнага паветранага шара з сімволікай Белтэлерадыёкампаніі адбудзецца масавы "вылет" мноства звычайных паветраных шароў і ўзняцце сцяга Першага Нацыянальнага тэлеканала. А там недалёка і да сумеснага канцэрта з удзелам "зорак" расійскай і беларускай эстрады ды заключнага феерверка.
Словам, новы тэлесезон пачнецца на беларускім тэлебачанні яскрава і адметна. Дай Бог, каб гэтак жа і прадоўжыўся.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.