Тэлерадыёпаклон

05.05.2005
"Звязда", 5 мая 2005 г.


7 мая з нагоды вялiкага свята - 60-годдзя Перамогi ў Вялiкай Айчыннай вайне - Белтэлерадыёкампанiя правядзе тэлерадыёмарафон "Паклонiмся вялiкiм тым гадам". Гэта першы падобны праект тэлерадыёжурналiстаў, ажыццёўлены па iнiцыятыве намеснiка старшынi Белтэлерадыёкампанii Аляксандра Мартыненкi i намеснiка генеральнага дырэктара Агенцтва тэлевiзiйных навiн Людмiлы Кавалёвай.
Тэлемарафон пачнецца а сёмай гадзiне ранiцы i будзе транслiравацца ў рэжыме нон-стоп на працягу ўсяго дня на Першым нацыянальным тэлеканале i канале "Беларусь-ТБ". Удзельнiкам марафону выступiць i тэлеканал "Лад". Першы нацыянальны канал Беларускага радыё, радыёстанцыя "Радыус FM" i канал "Культура" падрыхтуюць свае праекты i будуць весцi рэпартажы аб ходзе тэлерадыёмарафону.
За васемнаццаць з паловай гадзiн трансляцыi тэлерадыёмарафону "Паклонiмся вялiкiм тым гадам" беларусы пазнаёмяцца з ветэранамi Вялiкай Айчыннай вайны, аўтарамi спецыяльных праектаў, прысвечаных Перамозе, кiраўнiкамi вядучых прадпрыемстваў краiны, прадстаўнiкамi маладзёжных арганiзацый. Будзе паказана лепшая хронiка ваеннага часу, праекты пра невядомыя старонкi гiсторыi. Акрамя таго, падчас марафону для ўсiх тэлегледачоў i гасцей студыi беларускiя выканаўцы паднясуць музычныя падарункi.
Ад звычайнай сеткi вяшчання ў тэлеэфiры застануцца толькi навiны. Астатнi час зоймуць спецпраекты, сустрэчы з вядомымi людзьмi i прамыя рэпартажы з рэгiёнаў, уключэннi з Брэсцкай крэпасцi. Таксама плануюцца ўключэннi з Масквы i Кiева.
У ходзе марафону пройдзе збор сродкаў на рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой". Грошы на рахунак можна будзе пералiчыць у кожным аддзяленнi Беларусбанка. Таксама будуць прымацца грошы з Расii i Украiны. Узнос можа быць чыста сiмвалiчны, галоўнае - не быць абыякавым да мiнулага краiны. "У нас мноства праблем, якiя не вырашацца самi па сабе, пакуль мы не будзем актыўнымi i не навучымся паважаць i ганарыцца сваiм мiнулым", - сказаў на гэты конт намеснiк старшынi БТРК Аляксандр Мартыненка.
Пералiчыць сродкi можна будзе на рахункi: 3625000000177 (у расiйскiх рублях); 3625000000180 (у беларускiх рублях); 3625000000089 (у доларах ЗША). Iнфармацыю аб пералiчэннях пастаянна будзе прадастаўляць iнфармацыйны цэнтр, якi размесцiцца ў адным з сектараў студыi. Апроч таго, гэты цэнтр дазволiць весцi iнтэрактыў з тэлегледачамi, кожны чалавек зможа патэлефанаваць у студыю i выказаць свае меркаваннi. Таксама будуць задзейнiчаны iнфармацыйныя цэнтры з абласных тэлерадыёаб’яднанняў i iншых краiн. (Напрыклад, трансляцыя рэпартажаў з Брэсцкай крэпасцi будзе ажыццяўляцца праз спадарожнiк у Жэневе.)

Вiкторыя ШМЯЛЁВА.