Тэлеканал "Лад" распачынае...

31.10.2003
"Літаратура і Мастацтва", 31 кастрычніка 2003 г.


18 кастрычніка шмат хто з нас стаў сведкам старту на Беларусі другога нацыянальнага (першага сямейнага) тэлеканала "Лад". Па задуме стваральнікаў, гледачамі новага канала стануць прыхільнікі агульначалавечых каштоўнасцей, якім неабыякавы такія паняцці, як сямейнае шчасце, каханне і павага адзін да другога, згода і цярпенне, адказнасць і гонар за сваю Бацькаўшчыну.
Творчы калектыў тэлеканала "Лад" распрацаваў спецыяльную канцэпцыю праграм па нацыянальнай спадчыне культуры і мастацтва, па сямейных праблемах і спартыўным жыцці. Шмат часу будзе аддадзена дзецям і падлеткам, якія змогуць пазнаёміцца з шэдэўрамі літаратурнага, анімацыйнага і кінематаграфічнага мастацтва айчыны і замежжа.
За першы тыдзень работы тэлеканала гледачы з задавальненнем пабачылі зноў (ужо ў каторы раз, але не надакучыла) фільмы, з, так званага, "залатога фонду" савецкага кінапракату: "Разіня", "Кубанскія казакі", "Блізняты", "Дзяўчына з характерам" і іншыя. Што ні кажы, а некаторым сучасным рэжысёрам трэба павучыцца, каб здымаць такія стужкі, якія і праз дзесяцігоддзі збіраюць шматлікую аўдыторыю гледачоў.
- Асаблівае месца на тэлеканале будуць займаць стужкі для дзяцей, - адзначыў на прэс-канферэнцыі галоўны дырэктар дырэкцыі ліцэнзійных праграм і кінапаказу Канстанцін Вараб'ёў. - Гэта мастацкія фільмы айчыннай вытворчасці, фільмы-казкі еўрапейскіх кінематаграфістаў, іншыя шматсерыйныя кіналенты і анімацыйныя карціны.
Увазе гледачоў будзе прадстаўлена дакументальнае кіно, створанае на студыі "Летапіс" ("Беларусьфільм") і РУП "Белвідэацэнтр". Увогуле ж, адзін з галоўных прынцыпаў кінапаказу на тэлеканале, гэта адказ ад паказу фільмаў, якія прапагандуюць жорсткасць і агрэсію.
Сярод праграм, напрыклад, "Росчырк часу" будзе знаёміць гледачоў з малавядомымі старонкамі з гісторыі помнікаў культуры і быту.
У праграме "Настальжы" будуць выкарыстаны музычныя запісы мінулых часоў, а з сучасным музычным і тэатральным мастацтвам можна будзе знаёміцца гледзячы праграму "Плошча мастацтва".
Перайшлі з Першага нацыянальнага канала на "Лад" і дзве аўтарскія праграмы Аляксандра Дамарацкага "Святло далёкай зоркі" і Алега Лукашэвіча "Наша спадчына".
Як бачна, фармат сямейнага тэлеканала разлічаны не на гонку за рэйтынгам, а перш за ўсё на выкананне культуралагічных, адукацыйных, выхаваўчых і пазнавальных функцый.

Віктар ПАТАПЕНКА.