Тэлеканал "ЛАД" прапануе новы сезон праграмы "Лабiрынты"

14.12.2010
По сообщению belreklama.by, 14.12.2010


Трэці сезон аўтарскай праграмы Аляксандра Матафонава "Лабірынты" адкрывае цыкл перадач, прысвечаных гісторыі беларускага фотамастацтва. 18 снежня ў ранiшнiм эфiры тэлеканала "ЛАД" - прэм'ера першага фiльма з новага цыкла "Лабірынты гісторыі беларускага фотамастацтва".
Фільм першы прысвечаны пачатку і росквіту беларускай фатаграфіі. Аўтар правядзе паралелі ў развіцці фатаграфічнай справы Парыжа, Масквы, Пецярбурга і Мінска. Гледачы даведаюцца пра загадкавую гісторыю першага вядомага фотаздымка ў Беларусі, аўтарства якога належыць Антону Прушынскаму.
Другі фільм прысвечаны выдатнаму віцебскаму фатографу-вынаходніку шторна-шчыліннага затвора Сігізмунду Юркоўскаму, які стварыў славутую калекцыю фотаздымкаў гарадскога пейзажу Віцебска канца ХІХ стагоддзя. Таксама Юркоўскі вядомы як аўтар партрэтаў рускага мастака Ільі Рэпіна.
Фільм трэці распавядзе пра сапраўдную сенсацыю ў сусветай фатаграфіі, якой стала выпадковая знаходка ў Парыжскай антыкварнай краме фотаальбома графа Бенедыкта Тышкевіча. Гэта быў заможны арыстакрат, які атрымаў у спадчыну шмат нерухомасці і капіталу, меў маёнткі ў Францыі, Літве, Беларусі. Тышкевіч знаходзіў радасць у паляваннях з шляхцiцамi, вандроўках па свеце і фатаграфіі. 86 ягоных фотаздымкаў, большая частка якіх зроблена ў Беларусі, захоўваюцца ў Музеі фатаграфіі Нісефора Ньепса ў Францыі. Аўтар праводзіць уласнае расследаванне творчай спадчыны графа і высвятляе, што часткова яна захоўваецца і ў Беларусі.
Апошняя, чацвёртая, серыя фiльма прысвечана гісторыі таемнай манаграмы "ЛД", якую пакідаў на сваіх фотаздымках невядомы беларускі фотамайстра ХХ стагоддзя. Двухгадовыя пошукі дазволілі адкрыць новае імя ў гісторыі айчыннай культуры. Ім аказаўся навуковец і педагог, вынаходнік і фатограф, першы ў Беларусі выкладчык тэарэтычнай і практычнай фатаграфіі Леў Дашкевіч.