Тэлеканал "Беларусь 3" запускае праект "Сусветная класіка"

08.04.2016

"Звязда"

Сустрэча з сусветнымі "зоркамі" на "Беларусь 3".

З 9 красавіка тэлеканал "Беларусь 3" запускае праект "Сусветная класіка", у якім тэлегледачам будзе прадстаўлена падборка жывых канцэртаў найлепшых выканаўцаў з усяго свету. У межах праекта плануецца паказаць выступленні Пола Макартні, Андрэа Бачэлі, AC/DC, Deep Purple, The Rollіng Stones, Depeche Mode, Сцінга, Элтана Джона, Робі Уільямса і іншых.

Гэтай вясной гледачы "Беларусь 3" змогуць убачыць грандыёзныя выступленні самых папулярных музыкантаў нашага часу. Культуралагічны канал пачынае вялікае падарожжа па канцэртах найлепшых выканаўцаў свету. Кожны дакранецца да неверагоднай атмасферы, якая пануе ў перапоўненых канцэртных залах. Зможам пачуць песні, якія крочаць з намі праз усё жыццё. Усе звароты музыкантаў да публікі будуць перакладзены на беларускую мову.

9 красавіка ў 21.00 у эфіры тэлеканала "Беларусь 3" адбудзецца першае шоу - канцэрт аднаго з заснавальнікаў легендарных The Beatles, таленавітага кампазітара і шыкоўнага меладыста сэра Пола Макартні. У канцэрце пад красамоўнай назвай "Космас унутры нас" гледачам пашчасціць пачуць хіты, якія паўнапраўна лічацца вяршыняй музычнай лірыкі мінулага стагоддзя. "Yesterday", "Let Іt Be", "Eleanor Rіgby", "Get Back" - немагчыма ўявіць сучаснае жыццё без гэтых вечных песень...

Варта таксама адзначыць, што некаторыя канцэрты праекта "Сусветная класіка" будуць суправаджацца ў эфіры "Беларусь 3" цікавымі праграмамі, дакументальнымі стужкамі пра дзейнасць музыкантаў. Так, 9 красавіка, адразу пасля шоу "Космас унутры нас", пачнецца дакументальны фільм "Рознымі шляхамі. Жыццё пасля "Бітлз" - пра творчы шлях усіх удзельнікаў легендарнага гурта.

Канцэртную эстафету на "Беларусь 3" працягнуць выступленні Лаянэла Рычы, Андрэа Бачэлі і групы AC/DC. Лаянэл Рычы - амерыканскі поп-выканаўца, які разам з Майклам Джэксанам і Прынцам панаваў на алімпе сусветнай поп-музыкі ў першай палове 1980-х гадоў. Андрэа Бачэлі - славуты італьянскі тэнар, выканаўца не толькі класічнай, але і папулярнай музыкі. Яго канцэрт "Адна ноч у Цэнтральным парку" - гэта чароўныя гукі сімфанічнага аркестра і квінтэсэнцыя вядомых арый у выкананні найлепшых галасоў свету. Аўстралійскі гурт AC/DC - легендарныя рокеры, якія ўжо пятае дзесяцігоддзе захапляюць мільёны слухачоў, да сённяшняга дня ўражваюць і заваёўваюць сэрцы меламанаў па ўсім свеце.

У перспектыве на культуралагічным канале запланаваны канцэрты Шакіры, Адэль, а таксама групы Deep Purple. Зрэшты, поп- і рок-музыкай тэлеканал не абмяжуецца: у эфіры будуць прадстаўлены і оперныя пастаноўкі. Напрыклад, спектакль "Яўген Анегін" у "Метраполітэн-опера" з удзелам Ганны Нятрэбкі і нашай зямлячкі Аксаны Волкавай.