Тэлеканал “Беларусь 3” прэзентаваў “Калыханку” і “Дабраранак” на фестывалі “Анімаёўка-2015”

15.09.2015

По сообщению БелТА

З 9 па 13 верасня ў Магілёве прайшоў XVIII Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка-2015”. Сёлетні мультыплікацыйны форум стаў самым буйным за ўвесь час існавання. На ім было прадстаўлена 225 фільмаў з 43 краін свету. Упершыню ў конкурснай праграме “Анімаёўкі” прынялі ўдзел аніматары з Аўстраліі, Грэцыі, Ізраілю, Мексікі, Румыніі, Паўднёвай Карэі, Японіі, паведамляе прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі.

У гэтым годзе арганізатары “Анімаёўкі” прадставілі гледачам і ўдзельнікам багатую конкурсную праграму, мноства выстаў, майстар-класаў, творчых сустрэч са стваральнікамі анімацыйных фільмаў і знакамітымі артыстамі. Адно з самых яркіх шоу было падрыхтавана супрацоўнікамі тэлеканала “Беларусь 3”, якія прэзентавалі дзіцячыя праекты “Калыханка” і “Дабраранак” у кінатэатрах Магілёва і Горках. Акцёры самай знакамітай дзіцячай праграмы на айчынным тэлебачанні Фея Сноў - Алена Бікрынёва і Топа - Уладзімір Варанкоў паказалі яркае прадстаўленне і правялі некалькі конкурсаў і віктарын, а пасля адказалі на ўсе пытанні дзяцей, якія прысутнічалі на выступленні. Самыя актыўныя ўдзельнікі віктарыны атрымалі падарункі ад “Беларусь 3”.
Арганізатарамі выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Магілёўскі аблвыканкам і Магілёўскае дзяржаўнае прадпрыемства “Кінавідэапракат”.