Тэлеканал "Беларусь 3" адзначае дзень нараджэння

12.02.2016

По сообщению БелТА

Тры гады таму, у лютым, тэлеканал "Беларусь 3" паспяхова стартаваў у эфіры і сёння з’яўляецца платформай для творчай і інтэлектуальнай эліты, а таксама адлюстраваннем багатай нацыянальнай палітры. Што важна, і, бадай, гэта адно з самых значных дасягненняў "Беларусь 3", канал стаў неад’емнай часткай мастацкага і культурнага жыцця краіны. Без перабольшвання можна сказаць, што сёння канал фарміруе нацыянальны партрэт самаідэнтычнасці беларускай культуры і грамадства ў цэлым пры дапамозе сучасных медыйных рэсурсаў.

"Беларусь 3" - першы сацыякультурны канал у краіне, мэта якога - асвятляць культурнае жыцце рэспублікі. Асноўная задача тэлеканала - пазіцыянаванне сукупнасці матэрыяльных і інтэлектуальных каштоўнасцей Беларусі ў сучаснай медыяпрасторы. Ужо на працягу трох гадоў канал вядзе даверную размову з гледачом на тэмы культуры ў самым шырокім сэнсе гэтага слова.

Адна з асаблівасцей "Беларусь 3" - імкненне ўсё больш размаўляць з гледачамі па-беларуску. З адметнасцей і тое, што ў эфіры канала прадстаўлена дастаткова музычнага і тэатральнага мастацтва: здымаюцца і транслююцца канцэрты, спектаклі, творчыя сустрэчы. Таксама ў эфіры заўсёды можна ўбачыць цікавыя прэм’еры: оперы, тэатральныя праекты, разнажанравыя канцэрты і новыя тэлеперадачы.

Увазе гледачоў прадстаўляюцца і запісы канцэртаў найважнейшых культурных мерапрыемствах краіны, сярод якіх - Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", Міжнародны фестываль Юрыя Башмета, Міжнародны фестываль "Хварастоўскі і яго сябры", Міжнароднае музычна-спартыўнае свята "Вялікая бард-рыбалка", Міжнародны фестываль Дзяніса Мацуева і інш.

Займальнай складаючай эфіру з’яўляюцца тэлепартрэты нашых сучаснікаў, людзей мастацтва, якія рэгулярна прадстаўляюць гледачам аўтары праекта "Камертон". Героямі праграмы станавіліся Анатоль Ярмоленка, Станіслаў Гаварухін, Генадзь Гарбук, Уладзімір Хаціненка, Віктар Бабарыкін, Эмануіл Вітарган, Мікіта Міхалкоў, Арыстарх Ліванаў, Юозас Будрайціс, Міхаіл Фінберг, Рэнат Ібрагімаў, Уладзімір Юматаў, Вячаслаў Шарапаў, Леанід Захлеўны, Міхаіл Казінец і інш.

Акрамя таго, канал ладзіць акцыі, дзякуючы якім гледачы могуць далучыцца да шматграннай беларускай культуры не толькі праз эфір. Да прыкладу, у мінулым годзе асаблівай старонкай у жыцці "Беларусь 3" стала ўнікальная шырокамаштабная акцыя "Любіць Беларусь!", якая праводзілася сумесна з Рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем "Белая Русь" і з удзелам ансамбля народнай музыкі "Бяседа" Белтэлерадыёкампаніі. Вядомы творчы калектыў ажыццявіў творчае падарожжа па ўсіх рэгіёнах краіны, дзе музыкантаў на канцэртах сустракалі перапоўненыя залы прыхільнікаў з кветкамі...

Вядома, эфір "Беларусь 3" - гэта безліч мастацкіх фільмаў і экранізацый класічных літаратурных твораў, а таксама стужкі айчынных і замежных рэжысёраў, якія сталі класікай кінематографа.

Прынамсі, праграмы тэлеканала даступныя анлайн на сайце www.3belarus.by. Акрамя таго, на афіцыйным інтэрнэт-канале на YouTube.com можна паглядзець упадабаныя перадачы, альбо выпускі праектаў, якія не атрымалася ўбачыць у эфіры.

Дарэчы, па выніках даследванняў, асаблівай папулярнасцю ў інтэрнэт-асяроддзі карыстаюцца праграмы "Подых струн", "Размаўляем па-беларуску", "Бард-парад", хіт-парад "Сто песень для Беларусі", "Камертон", "Дыяблог" і "Наперад у мінулае".

"Беларусь 3" імкнецца зрабіць свае праекты яшчэ больш цікавымі: калектыў збіраецца здзейсніць яшчэ шмат цікавых ідэй.