Тэлеканал "Беларусь 2" пакажа фільм пра конкурс "Уладар сяла - 2016"

25.11.2016

"Звязда"

Аўтары фільма сабралі ў адно цэлае самыя яркія моманты праекта.

У бліжэйшую нядзелю тэлеканал "Беларусь 2" пакажа фільм пра рэспубліканскі сямейны сельскагаспадарчы конкурс "Уладар сяла - 2016".

Як запэўніваюць аўтары фільма, рэгіянальныя карэспандэнты і здымачная група "Беларусь 2" сабралі ў адно цэлае самыя яркія моманты праекта на ўсіх этапах - раённых, абласных і, нарэшце, фінальнага турніру. Кулінарныя спаборніцтвы і спартыўныя баталіі, конкурс прэзентацыйных відэаролікаў, у якіх удзельнікі прадставілі свае самыя моцныя бакі, сельскагаспадарчая эстафета - гэта толькі частка выпрабаванняў, якія давялося прайсці таленавітым і мэтанакіраваным сем'ям на шляху да фіналу.

Гледачы ўбачаць, напрыклад, незвычайны майстар-клас - па хуткаснай сарціроўцы ўраджаю, а таксама паказ нацыянальных строяў з улікам асаблівасцяў таго рэгіёна, дзе пражывае кожная сям'я-прэтэндэнтка на званне "Уладар сяла". Ну, а фінал рэспубліканскага конкурсу, ідэйным натхняльнікам якога па традыцыі выступіў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, будзе паказаны цалкам.

Вікторыя ЗАХАРАВА.