Тэледоктар Цярэшчанка: "Лепш на веласіпедзе ў лес, чым на мерседэсе ў бальніцу"

17.09.2010
"Звязда", 17 сентября 2010 г.


Кожны тыдзень, у нядзелю, гледачы тэлеканала ЛАД спасцігаюць "Лячэбныя таямніцы" разам з доктарам Цярэшчанкам. А ці ёсць асабістыя таямніцы ў самага телевізійнага ўрача краіны, як ён ставіцца да народнай медыцыны і што думае пра сучасную моладзь - усё гэта ўмясцілася ў двухгадзіннай размове. Толькі ў кампаніі з Аляксандрам Сяргеевічам час ляціць непрыкметна. Інтэлектуал і нейрахірург, у яго есць свой погляд на любыя тэмы - ад "класавай барацьбы" да начных клубаў, пры гэтым перамяшчаецца з аднаго месца ў другое з хуткасцю ветру. Сустрэліся мы ў адной са сталічных кавярняў, потым тэрмінова памчаліся на студыю, па дарозе заскочылі яшчэ па справах, тут знянацку аб'явіліся тэлевізійнікі, і ўсё гэта адбывалася, заўважце, у другой палове дня. Хацелася сказаць: "Доктар, спыніцеся і дайце перадыхнуць". Але спыняцца не сталі. Яго жыццё - гэта пастаянная праца над сабой, удасканальванне і ажыццяўленне самых смелых мараў.
 
Жыццё прафесіянальнае
 
- Напэўна, такі напружаны графік трываць можа не кожны. Калі стамляецеся, як прыходзіце ў форму?
- Калі я стамляюся, то еду ў Вільнюс выпіць з сябрамі кубак кавы, каб "памяняць візуальны шэраг", ці гляджу любімы фільм. Увогуле, ёсць шмат розных формаў інтэлектуальнага і фізічнага адпачынку. Гэта і музеі, і тэатр, і кіно, і кніга. Ёсць плаванне, тэніс, веласіпед. Проста прагулка па парку. Адна з маіх праграм праходзіла пад дэвізам: "Лепш на веласіпедзе ў лес, чым на мерседэсе ў бальніцу". Імкненне да здароўя патрабуе перш-наперш жадання.
 
- А здаровы лад жыцця паводле доктара Цярэшчакі, гэта што?
- Па-першае, гэта маё добразычлівае стаўленне да ўсіх, хто жыве побач. Пазітыўна і творча гляджу на свет. Калі мы вядзём размову пра намеры, то яны таксама павінны быць творчымі. Уявіце, калі нас без малога 10 мільёнаў, і кожны дзень мы будзем ствараць штосьці пазітыўнае - усмешку, добры прыём пацыента, нават гайку, але лепшую, чым японскую, - тады і жыццё зменіцца. Час ад часу мы разумеем здаровы лад жыцця вельмі прымітыўна. Калі доктар угаворвае пацыента з лёгачным захворваннем не паліць, дзяржава марнуе на яго лячэнне грошы, а ён, ужо лежачы на аперацыйным стале, кажа, што курэнне - гэта яго адзіная асалода ў жыцці, то нічога добрага ў яго жыцці не атрымаецца. Калі ён курыць, а ў яго ёсць захворванне, звязанае з курэннем, няхай плаціць дзяржаве за свой капрыз, за лекі. І доктар не павінен угаворваць пацыента жыць правільна, ён можа толькі растлумачыць, што трэба, а што нельга. Патрэбна адказнасць пацыента за сваё жыццё і здароўе.
 
- Хто вы ў першую чаргу - доктар ці тэлевядучы?
- На першым месцы я заўсёды доктар. Зараз займаюся папулярызацыяй сваіх ведаў і ведаў паважаных калег. Мая звышзадача - данесці веды пра чалавека да максімальнай колькасці людзей, вярнуць увагу да саміх сябе. Часам людзі пра свае аўтамабілі раскажуць больш, чым пра саміх сябе. Крый божа прапусціць час замены масла ці заліць не той бензін. Калі мы з машынай зробім нешта не так, то машына не паедзе. А да свайго арганізма можна ставіцца не так уважліва. Толькі калі ён спыняецца, тады пачынаем думаць і... не бяжым да доктара.
 
- Але знайсці ўрача, які табе дапаможа, таксама складана.
- Вы разглядаеце ўрача як бензакалонку, якая павінна выдаць вам паліва тут і адразу. Здароўе патрэбна перш-наперш не доктару, а табе самому. Прэтэнзій не павінна быць. Не факт, што ты прыйшоў, і ўрач з першага разу паставіць дыягназ і скажа, як гэта лячыць. Свайго доктара трэба знайсці, а яшчэ паважаць і любіць!
У сваёй праграме я імкнуся паказаць, што беларускія ўрачы - прафесіяналы еўрапейскага ўзроўню. Нядаўна праходзіў сусветны кангрэс траўматолагаў у Швецыі. З 500 дакладаў 16 было беларускіх (!), 9 рускіх і 1 украінскі. Уявіце, які ўзровень у айчынных спецыялістаў! Можна сказаць, што нашы ўрачы прывезлі 16 алімпійскіх медалёў.
 
- Тым не менш прэстыж прафесіі за апошнія гады пахіснуўся. З чым гэта звязана?
- Урачы ва ўсе часы былі элітай, не толькі ў медыцыне - элітай разумовай, ментальнай, грамадзянскай. Зараз жа праяўляецца больш утылітарны аспект. Патрэбны проста дактары, якія штосьці будуць рабіць і ўмець. Я думаю, што гэта часовая з'ява. Добры доктар, як і праграміст ці мастак, - гэты штучны прадукт. Паколькі нашы прэтэнзіі да свайго здароўя растуць, значыць, патрэба ў добрых дактарах будзе вышэй і вышэй з кожным годам.

- Вашу праграму можна лічыць якасным інтэлектуальным прадуктам?
- Мне не сорамна ні за адну праграму, якую выпусціў у эфір. Можа, бывае калі-нікалі няёмка за тэхнічную частку, але не за змест. Тым больш што з гэтага сезона мы пачынаем здымаць праграму ў фармаце HD. Гэта вялікі крок наперад. Гэта магчымасць развіцця не толькі нашага калектыву, але і развіццё тэлебачання ўвогуле.

Жыццё асабістае
 
- Мне падалося, што вы патрабавальны чалавек да іншых і ў першую чаргу да сябе.
- Не разумею другасных людзей. Другасных у сэнсе мэтанакіравання, жаданняў. Паважаю, падтрымліваю зносіны з лепшымі. Калі перад табой чужы чалавек, на бытавым узроўні, ты ў прынцыпе не можаш ад яго патрабаваць шмат, мы розныя, з рознымі поглядамі на аднолькавыя рэчы. Патрабавальным трэба быць да сваіх родных і блізкіх, людзей, лёс якіх залежыць ад цябе.
 
- Дарэчы, у вас дзве дачкі. Яны таксама пойдуць ці ўжо ідуць па слядах бацькі?
- Старэйшая вучыцца ў маім любімым універсітэце. Яна стаматолаг, як і маці. Вельмі паслядоўная асоба, і я ў яе веру. А малодшая, магчыма, будзе займацца журналістыкай, тэлебачаннем. Яна ў творчых пошуках. Цяжкіх, але неабходных.
 
- Як вы пазнаёміліся са сваёй жонкай?
- Выпадкова сустрэліся, а мелі стасункі невыпадкова. Яна праявіла мужнасць у сяброўстве са мной. Памятаю, як мая будучая жонка паехала з нашай мужчынскай кампаніяй катацца на горных лыжах. Яна не ведала, што такое горныя лыжы, у тыя часы іх нават па тэлевізары не паказвалі. Мы паехалі ў Карпаты і там яна стала на горныя лыжы і паехала. Я ёй вельмі ўдзячны, таму што жыць са мной, чалавекам, які пастаянна рухаецца наперад, вельмі складана.
 
- У прынцыпе, ваша імкненне да творчасці, развіцця і няспыннага руху - заканамерная з'ява. Ваш бацька быў членам Саюза журналістаў СССР, вы сябравалі з Быкавым і Караткевічам. Пабываўшы ў кампаніі такіх людзей, цяжка застацца не творцам.
- Я ўдзячны свайму бацьку за падоранае аналітычнае мысленне. Быкаў - гэта другі чалавек пасля майго бацькі, з якім у мяне былі такія даверлівыя адносіны. Нас пазнаёміў наш агульны сябар Яўген Коктыш - легенда беларускай фотажурналістыкі. Памятаю, калі мы наведваліся да Быкавых, то Ірына Міхайлаўна, яго жонка, мяне заўсёды частавала сырамі, якія прывозіў Васіль Уладзіміравіч з замежжа. А Караткевіч нават ляжаў у клініцы, дзе я працаваў. Уладзімір Сямёнавіч хварэў, таму нашыя гутаркі былі больш медыцынскія, але не менш цікавыя. Шмат чаго было цікавага і памятнага. Размовы з Алесем Адамовічам - гэта эпоха ў развіцці светапогляду майго і маіх сяброў. Разам з маладымі мастакамі - Славуком, Зінкевічам, Ганяевым, Селешчуком - гулялі ў футбол, у фуфайках, не гламурна, штурмавалі Карпаты, наведвалі выставы ў Вільні, у Маскве. Працавалі і працавалі... І ў кожнага з нас з тых часоў была свая, але і агульная мэта - стаць ЧАЛАВЕКАМ. 

Вольга КОРШУН.