Тэлебачанне павярнулася тварам да рэгіёнаў

29.01.2003
"Звязда", 29 студзеня 2003 г.


Калi мiнулы год прайшоў для Першага нацыянальнага тэлеканала пад знакам рэфармавання "цэнтральнага офiса", то сёння кiраўнiцтва занялося давядзеннем да ладу абласных тэлерадыёаб’яднанняў.
Лiтаральна да канца 90-х гадоў аб’ём вяшчання "рэгiяналаў" праз рэспублiканскую сетку складаў не больш за гадзiну на суткi. Мiж тым, мясцовае насельнiцтва цалкам заканамерна цiкавiлася не толькi падзеямi сусветнага i рэспублiканскага маштабу, але i тым, што адбываецца зусiм побач: у вобласцi, раёне, родным горадзе цi вёсцы. У той час як рэгiянальныя дадаткi сталi звычайнай справай для многiх газет, тэлебачанне вырашыла не адставаць i, што называецца, наблiзiцца да сваiх гледачоў.
Для ўсiх абласных тэлерадыёкампанiй сёлета будуць створаны аднолькава спрыяльныя ўмовы працы. Штат кожнага аб’яднання павялiчыцца да 160 чалавек - а гэта ўжо можна параўнаць з такiмi гiгантамi, як АНТ i СТБ. Аб’ём вяшчання ўжо зараз складае па 13-15 гадзiн у суткi, прычым 5 з iх - уласная "прадукцыя". Што датычыцца фiнансавання, то яго рост складзе прыблiзна 33 працэнты ў аднолькавай ступенi для ўсiх абласных прадстаўнiцтваў Белтэлерадыёкампанii. На тэхнiчнае пераабсталяванне мясцовых тэлевiзiёншчыкаў запланавана выдзелiць каля 500 тысяч долараў, акрамя таго, набыць у першым паўгоддзi FM-перадатчыкi для пашырэння абласнога радыёвяшчання.
Яшчэ адно пытанне, якое неабходна вырашыць, - зона пакрыцця, альбо, iнакш кажучы, велiчыня аўдыторыi рэгiянальных тэлерадыёкампанiй. Зараз яна складае менш за палову насельнiцтва ў кожнай вобласцi (а, напрыклад, у Брэсцкай i Гродзенскай абласцях за апошнiя 8 гадоў не ўведзена нiводнага новага перадатчыка - значыць, сетка вяшчання зусiм не пашыраецца). Таму вырашана пайсцi па не вельмi папулярнаму, затое дзейснаму шляху "падразання" расiйскiх каналаў. З 1 лютага 7 перадатчыкаў - якiя раней транслiравалi канал "Расiя" ў Браславе, Брагiне, Жлобiне, Майскiм, Жыткавiчах, Слонiме, Смаргонi, Крычаве - будуць перададзены для трансляцыi рэгiянальнага тэлебачання. Значыць, з’явяцца дадатковыя 30 працэнтаў аўдыторыi...
Дарэчы, аналагiчная сiтуацыя склалася i ў дачыненнi да расiйскiх радыёстанцый. З пачатку гэтага года сышлi з эфiру нашай рэспублiкi станцыi "Голос России", "Юность" i "Маяк". I гэта зразумела: вялiкай папулярнасцю сярод беларусаў яны не карысталiся (паводле слоў Ягора Рыбакова, "Маяк" набiраў усяго каля 1,3 працэнта слухачоў ад агульнай колькасцi), а фiнансавалiся з рэспублiканскага бюджэту - у памеры 608 тысяч долараў у год. Мiж тым, напрыклад, радыёстанцыя "Беларусь", якая вяшчае на краiны Еўропы i на тэрыторыю Расii ажно да Урала, аплачваецца са сродкаў Белтэлерадыёкампанii. I гэта агульнапрынятая ў свеце практыка.
Адказваючы на пытанне наконт стварэння новага тэлеканала, старшыня Белтэлерадыёкампанii заклiкаў пакуль не спяшацца з высновамi. Рэсурсы - творчыя, тэхнiчныя, грашовыя - сапраўды ёсць. А калi гаварыць пра напаўненне верагоднага "БТ-3", яно яшчэ толькi фармiруецца. Дзесьцi праз два месяцы скончыцца сацыялагiчнае даследаванне наконт таго, якiм гледачы бачаць БТ-1. У залежнасцi ад вынiкаў Першы нацыянальны тэлеканал альбо цалкам пяройдзе на камерцыйную аснову (i тады аддасць новаму тэлеканалу культурна-асветнiцкiя i выхаваўчыя функцыi), альбо, наадварот, зробiць акцэнт на так званых "маларэйтынгавых" праграмах для дзяцей i падлеткаў: "Сола для дэбютанта", "5х5" i г.д. "Паступова, калi мы добра да гэтага падрыхтуемся, будзем забiраць перадатчыкi, за якiя плацiць Белтэлерадыёкампанiя, пад трансляцыю ўласных праграм, каб абаранiць нацыянальнае тэлебачанне", - зазначыў Ягор Рыбакоў.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК .