Тэлебачанне... па патрабаванню

06.11.2002
"Звязда", 6 лістапада 2002 г.


На мiнулым тыднi ў Вялiкабрытанii пачалася вытворчасць першых iнтэрактыўных тэлепрыёмнiкаў PDR, якiя, як мяркуецца, пакладуць пачатак "тэлебачанню па патрабаванню". Iншымi словамi, у самаго гледача з’явiцца магчымасць вырашаць, што i калi глядзець.
Як паведамiлi ў аддзеле па сувязях з грамадскасцю Белтэлерадыёкампанii, менавiта пра гэта, у прыватнасцi, вялася гаворка на семiнары для супрацоўнiкаў тэхнiчных службаў кампанii, якi правёў дырэктар тэхнiчнага аддзела Еўрапейскага вяшчальнага саюза (ЕВС) спадар Ф.Лэйвен.
Так, з выпуску навiн глядач зможа самастойна выбiраць тыя рэпартажы i тую iх паслядоўнасць, якая яму падабаецца, а не падпарадкоўвацца, як зараз, меркаванню рэдактара. Тэлепрыёмнiк можа запiсаць у буфер памяцi любiмыя тэлеперадачы, а з цягам часу, "вывучыўшы" густы гаспадара, ён зможа ўжо самастойна выбiраць тое, што найбольш вам падабаецца. Для зручнасцi ў тэлепрыёмнiку будзе падрабязны электронны даведнiк запiсаных тэлеперадач. Мяркуецца, што напачатку навiнка будзе каштаваць каля 700 еўра, але з цягам часу цана будзе знiжацца.
Дарэчы, Белтэлерадыёкампанiя да пачатку новага тэлевiзійнага сезона змянiла не толькi сетку вяшчання, лагатып, слоган, знешнi выгляд будынка, але i правяло мадэрнiзацыю самай вялiкай тэлестудыi. У прыватнасцi, новае светлавое абсталяванне для яе называецца унiкальным i не маючым аналагаў у краiнах СНД. Вiдэаэкраны i вiдэапраектары дазваляюць ствараць вялiкiя праекцыi лагатыпаў, заставак праграм, праецыраваць "жывое" вiдэа. Спецыяльныя светлавыя прыборы дазваляюць мадэлiраваць любыя iнтэр’еры, любую колеравую гаму тэлеперадачы. Закуплены новы аператарскi рэйкавы комплекс з дыстанцыйным абсталяваннем i аператарскiм кранам, прызваны зрабiць адлюстраванне больш дынамiчным, што ўжо, безумоўна, заўважылi тэлегледачы.

Сяргей РАСОЛЬКА.