Тэлеанонс

21.09.2002
"Культура", 21 - 27 верасня 2002 г.


У новым тэлевізійным сезоне тэлекампанія "ФІТ", яе здымачная група праграмы "Лёс чалавека" падрыхтавала новыя фільмы цыкла. Усяго да канца года беларускі глядач пабачыць 12 серый. Змяніўся час выхаду ў эфір. Зараз "Лёс чалавека" можна будзе пабачыць па БТ па пятніцах і чацвяргах (паўтор праграмы). У хуткім часе выйдуць у эфір наступныя фільмы цыкла "Лёс чалавека".

27 верасня
"Стэфан і Жаклін".
Бацька Стэфана - Уладзімір Парфіновіч паехаў з Беларусі ў 1909 годзе. Яго маці Антаніна Крупіца - у 1912 годзе. А жылі яны недалёка ад Шчучына, у вёсках Зачэпічы і Стукалы. Вёскі стаялі па суседстве на беразе Нёмана. Але, каб пазнаёміцца, яны вымушаны былі пераадолець акіян. Яны сустрэліся ў Нью-Йорку ў 1912 годзе. Не менш цікавы і лёс іх сына Стыва Парфіновіча. Яго знаёмства з францужанкай Жаклін, гісторыя іх сям'і, у якой 6 дзяцей, і паездка ў Беларусь на радзіму бацькоў Стыва сталі падставай для перадачы.

4 кастрычніка
"Званар. Частка першая".
Гэта пачатак гісторьгі жыцця Аляксандра Маліноўскага - дырэктара адзінай у Беларусі школы званароў. Яго шлях да веры і прызвання быў надзвычай цяжкім і доўгім. Аляксандр - рэжысёр па адукацыі. Ён скончыў Ленінградскі інстытут культуры, але акалічнасці склаліся так, што доўга заставаўся без працы і за гэты час практычна ператварыўся ў "бамжа". Ад далейшага падзення, як сцвярджае Аляксандр, яго выратаваў храм. Пра тое, як А.Маліноўскі прыйшоў да Бога, што дала яму вера - у першай частцы праграмы "Званар".

11 кастрычніка
"Званар. Частка 2-ая".
Працяг гісторыі жыцця Аляксандра Маліноўскага. У другой частцы праграмы расказ пра ягоную сям'ю, пра яго дзейнасць у якасці дырэктара школы званароў.

25 кастрычніка
"Кацярына Пліско - кулацкая дачка".
У 30-ыя гады бацькоў Кацярыны Пліско раскулачылі. У іх адабралі ўсё нажытае дабро, а сям'ю адправілі ў Сібір. Па дарозе ў Кацярынінай маці пачаліся роды. Яна нарадзіла хлопчыка, якога назвалі трыма імёнамі - Ваня, Коля, Віця. Жанчыну адразу пасля родаў забілі, таму што яна не магла ісці. Цяпер Кацярына Гаўрылаўна намагаецца вярнуць тое, што ў яе аднялі. А яшчэ яна шукае свайго роднага брата, які ў 1931 годзе быў адпраўлены ў прытулак.