Тэле"ЛАД"ныя прапановы

27.10.2003
"Культура", 25 -31 кастрычніка 2003 г.


Тэлеканал "Лад", які абраў сваім дэвізам крылатую фразу "Лад у сям'і - згода ў краіне", пачаў сваё вяшчанне. Яго канцэпцыя - сямейнэе тэлебачанне, здольнае задаволіць густы ўсёй сям'і. 21 кастрычніка стваральнікі канала далі афіцыйную прэс-канферэнцыю з нагоды адкрыцця телеканала і пазнаёмілі журналістаў са сваімі планамі, напрацоўкамі і спадзяваннямі.

Першы ў Беларусі сямейны тэлеканал ствараецца на базе абласных тэлерадыёкампаній. Прыярытэт у інфармацыі тут аддадзены рэгіёнам. Дзённы ж эфір будзе насычаны спартыўнымі перадачамі, дзіцячымі і пазнавальнымі праграмамі. Не будуць абдзелены ўвагай мастацтва і культура. Так, гледачы ўбачаць аўтарскія праграмы Аляксандра Дамарацкага і Алега Лукашэвіча "Святло далёкай зоркі" і "Наша спадчына"; сярод старых-новых знаёмых - тэлепраграма рэжысёра Сяргея Кацьера "Тэлевізійны дом кіно", якая на "Ладзе" атрымала новы фармат, новых вядучых і новую назву - "Час кіно". Як падкрэслілі стваральнікі, патэнцыяльны глядач гэтай праграмы - сямейны, і яна будзе ў меншай ступені зарыентавана на прафесійных кінематаграфістаў. Сярод праграм гісторыка-культурнага блока, павінна выклікаць цікавасць "Імгненне вечнасці". У ёй аўтары паспрабуюць разгледзець вядомыя гістарычныя падзеі ў незвычайным ракурсе. Напрыклад, першы выпуск распавядзе аб такой эпахальнай падзеі нашай гісторыі, як падпісанне Брэсцкага міру.
Напэўна, знойдзе сваіх прыхільнікаў і "Плошча мастацтваў", якая абрала аб'ектам сваёй увагі сучаснае музычнае і тэатральнае мастацтва, і "Росчырк часу", у якой аўтары пазнаёмяць гледачоў з малавядомымі старонкамі гісторыі помнікаў культуры і побыту.
Музыка на "Ладзе" "загучыць" у праграмах "Настальжы" і "Спявай, душа!". У першай будуць выкарыстаны запісы з архіва Белтэлерадыёкампаніі, а у другой гледачы сустрэнуцца з самабытнымі выканаўцамі народных песень з глыбінкі.
Яшчэ адна з асаблівасцей "Ладу" - канцэпцыя кінапаказу. Як падкрэсліў галоўны дырэктар ліцэнзійных праграм і кінапаказу Канстанцін Вераб'ёў, "Тэлеканал "Лад" арыентуецца на пазітыўнае, здаровае тэлебачанне, пазбаўленае адмоўнага псіхалагічнага ўплыву. Таму кіно, прадстаўленае на нашым тэлеканале, будзе пазбаўлена агрэсіі і насілля". "Лад" - за супрацоўніцтва з Рэспубліканскай экспертнай камісіяй, закліканай спыняць прапаганду жорсткасці і гвалту, з Дзяржрэгістрам. Зацікаўлены ён і ў дыялогу з экспертамі-псіхолагамі.
"Мы зрабілі апытанне гледачоў БТ, - працягнуў спадар Вераб'ёў, - і яно паказала, што большасць людзей - каля 60 працэнтаў - хочуць бачыць на экранах савецкае кіно. Глядач смуткуе па добрым старым кіно. Таму наш эфір абавязкова будзе шчодры на такія фільмы. Але не толькі на савецкія карціны. Будуць прадстаўлены і лепшыя стужкі сусветнага кінематографа, прызёры міжнародных фестываляў вядомыя серыялы і абавязкова - беларускае кіно". У прыярытэтах "Ладу" - айчынная мультыплікацыя і дакументальнае кіно.
Яшчэ адно пытанне - мова вяшчання тэлеканала. "Паколькі мы жывём у дзвюхмоўнай краіне, - адка-заў на гэтае пытанне генеральны прадзюсер тэлеканала Аляксандр Семярнёў, - "Лад" будзе трымацца гэтага прынцыпу. Жорсткага моўнага дыктату ў нас няма - маўляў, столькі працэнтаў - беларускай мове, столькі - рускай. Мы будзем імкнуцца выхоўваць павагу да беларускай мовы і максімальна трымацца гэтага накірунку. Безумоўна, у нас ёсць вялікае жаданне павялічыць долю праграм на беларускай мове".
"У Беларусі жыве дзесяць мільёнаў чалавек, - падвёў вынікі Аляксандр Семярнёў. - Усе мы розныя, і няма нічога дзіўнага ў тым, што кожны з нас жадае задаволіць свае густы. Наш тэлеканал створаны дзеля прапаганды агульначалавечых каштоўнасцей і нацыянальнай культуры. Калі выбіраць паміж расійскай "Культурай" і сваім "Ладам", дык, мяркую, кожны патрыёт павінен выбраць "Лад".

Спецыяльна для "К" адкрыццё канала "Лад" каментуе тэлевядучы Аляксандр ДАМАРАЦКІ:
- Вакол перакрыцця канала "Культуры" разгарэлася нямала жарсцяў. Я, прызнаюся, нават і не чакаў. Ведаў, што пэўная катэгорыя людзей глядзіць "Культуру", ды выявілася, што яе глядзяць усе. Напэўна, гэта не зусім добра, што так здарылася. Але сёння рабіць наконт гэтага нейкія высновы рана. Што мы створым у эфіры, што ў нас атрымаецца - вось галоўнае пытанне. Спадзяванні - самыя светлыя. Хай хоць бы палова з таго, што мы задумалі, ажыццявіцца! Пры ўсёй любові да рускай культуры ўсё ж неабходна адчуваць гонар за сваю культуру, за сваіх людзей і за іх здзяйсненні, за нашу гісторыю. Усё гэта неабходна паказваць і, як гаварылі раней, прапагандаваць. У нас, нарэшце, ёсць такая магчымасць, але тут мы пачынаем казаць: "Навошта перакрылі расійскі канал?". Трэба проста трошачкі пачакаць, паглядзець, прыгледзецца да "Ладу", а потым рабіць высновы. Я, як асцярожны чалавек, так і кажу: пажывём - пабачым.
Тым больш, па словах таго ж Аляксандра Семярнёва, тэлеканал "Лад" не адмаўляецца ад магчымага супрацоўніцтва з расійскім каналам "Культура". "Мне не хочацца сёння нічога абяцаць, але, магчыма, рэйтынгавыя праграмы "Культуры" змогуць з'явіцца ў і беларускім "Ладзе".

Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ.