Тэле... Еўра... Добра... Бачанне

19.09.2003
"Звязда", 19 верасня 2003 г.


Новы сезон на тэле- і радыёканалах - гэта нешта накшталт стыхійнага бедства. СтолькІ ўсяго трэба пралічыць, прааналізаваць, прадумаць і падрыхтаваць, каб застацца папулярным і зрабіцца яшчэ больш цікавым! А час, ён жа не чакае, пакуль вы ўсё гэта паспееце. А патрабавалыюя глядацкая і слухацкая аўдыторыя, як дзеці ў вялікай сям'і, ужо сядзіць ля "стала" і "грукае лыжамі": ві-до-віш-чаў!..

Першы нацыянальны тэлеканал проста вымушаны адпавядаць назве і пастаянна, штодзённа і штогадзінна сцвярджаць, што ён - сапраўды першы (бо, як казаў булгакаўскі Воланд, асятрына другой свежасці - гэта нонсенс, проста тухляціна). Так што да тэлевІзійнага новага года, які па традыцыі пачнецца 21 верасня, БТ падыходзіць у поўным узбраенні і абяцае парадаваць лІтаральна ўсіх. У тэлепраграме на бліжэйшы тыдзень, у прынцыпе, першыя змены і навінкі ўжо бачныя. Але паколькі журналісцкі статус дазваляе пранікнуць у любую "кухню", дазвольце падрыхтаваць вас да сустрэчы з новым тэлебачаннем.
"Тата" Першага нацыянальнага, генеральны прадзюсар прадзюсарскага цэнтра Уладзімір Максімкаў урачыста і трохі пафасна абвясціў на сустрэчы з прадстаўнікамі рэспубліканскіх друкаваных СМІ: "Мы хочам пабудаваць сучаснае тэлебачанне еўрапейскай краіны. Першы нацыянальны бярэ на сябе нялёгкую, але патрэбную місію: мы пачынаем будаваць шоу-бізнэс, пра які так доўга гаварылася ў гэтай краіне". За словы "таты" адказваць будзе ўвесь тэлеканал. Зрэшты, іх гэта, здаецца, зусім не палохае.

Сёння ў свеце навіна...

Як прызнаўся намеснік генеральнага дырэктара Агенцтва тэлевізійных навін Юрый Гроераў, самыя вялікія перамены будуць датычыцца менавіта падачы навін: "Я пастараюся быць лаканічным, як выпуск навін у новым сезоне. Мы пачнём выходзіць з пагадзінным крокам, пачынаючы з 7 гадзін раніцы і да 21, а ў 23 - падагульняючы выпуск. Спадзяёмся стаць самымі аператыўнымі і поўнымі". У прынцыпе, за тры хвіліны - менавіта такі час будзе адведзены на кожны сюжэт - цалкам можна паспець падрабязна распавесці пра тую ці іншую падзею. Тым больш, сёння Першы нацыянальны мае для гэтага ўсетэхнічныя магчымасці: напрыклад, толькі тут ёсць перасовачная перадаючая спутнікавая станцыя (СПТС) з лічбавай відэатэхнікай і касмічнай станцыяй сувязі, якая дазваляе выходзіць у эфір з любога пункта краіны.
У новым сезоне змены закрануць таксама мову вяшчання. Сёлета лабараторыя аксіяметрычных даследаванняў "НОВАК" спецыяльна па заказу БТ праводзіла агульнанацыянальнае апытанне, у выніку якога высветлілася: выпускі навін, кінасеансы, забаўляльныя перадачы аўдыторыя жадае глядзець у рускамоўным гучанні, а па-беларуску пажадана агучваць сюжэты для дзяцей і спецыялізаваныя праграмы (напрыклад, культуралагічныя). Такі падыход не пярэчыць Закону аб мовах РБ і дазваляе максімальна задаволіць інтарэсы гледачоў. Абедзве мовы ў эфіры, паабяцалі супрацоўнікі АТН, будуць гучаць чыста і правільна.
Акрамя таго, у новым сезоне ў эфіры з'явяцца новыя твары вядучых - іх пакуль старанна хаваюць ад журналістаў - і стартуюць некалькі спецпраектаў АТН. "Вакол планеты" - штотыднёвая інфармацыйна-аналітычная праграма - будзе падводзіць своеасаблівы вынік асноўных падзей у свеце за тыдзень.
Аналіз асноўных падзей унутры рэспублікі за тыдзень таксама выльецца ў асобную інфармацыйна-аналітычную праграму, якая будзе выходзіць па нядзелях у 21.00 у асвятленні Юрыя Пракопава.
Запуску выключна спартыўнага тэлеканала яшчэ чакаць і чакаць, а вядомыя і проста таленавітыя спартсмены патрабуюць увагі і падтрымкі менавіта сёння, а не заўтра ці паслязаўтра. Вось БТ і падрыхтавала адразу два спартыўныя праекты: штотыднёвы агляд навін "Час спорту" (будзе выходзіць па панядзелках у 23.30) і серыю 13-хвілінных дакументальных вільмаў "Чэмпіёны" - пра славутых спартсменаў рэспублікі (аўтары - карэспандэнты аддзела спартыўных навін Аляксандр Храмылёў і Наталля Нярода). Дарэчы, пра спорт. Першы нацыянальны абяцае і тут заставацца першым: у новым сезоне мяркуецца паказаць летнія Алімпійскія гульні ў Афінах, Лігу чэмпіёнаў, у якой возьмуць удзел лепшыя футбольныя каманды Еўропы; акрамя таго, Белтэлерадыёкампанія набыла эксклюзіўныя правы на трансляцыю чэмпіянату Італіі і фінальнай стадыі чэмпіянату Еўропы па футболу.

Сінема, сінема, сінема

Падчас падрыхтоўкі да новага вяшчальнага сезона асабліва пастаралася Дырэкцыя ліцэнзійных праграм і кінапаказу. Кіно на блакітных экранах, шаноўныя тэлегледачы, нам цяпер будуць прапаноўваць не з бухты-барахты, а па-навуковаму. Дзеля гэтага быў распрацаваны унікальны 40-старонкавы дакумент пад назвай "Канцэпцыя кінапаказу Белтэлерадыёкампаніі": тут адлюстраваны жанравыя і тэматычныя перавагі розных мэтавых і ўзроставых груп аўдыторыі, дэкларавана папулярызацыя нацыянальнага кінематографа і лепшых узораў сусветнага кінамастацтва. Звярніце ўвагу, дарэчы: УСЕ фільмы на БТ - ліцэнзаваныя, набытыя абсалютна законным шляхам, а значыць, якасныя па гучанню і відэараду. Цудоўна, калі гэты падыход пачнуць выкарыстоўваць і іншыя тэлеканалы.
Як будуць вызначацца "годныя" для паказу стужкі? Пры адборы ўлічваецца абсалютна ўсё: медыяпаказчыкі, рэнтабельнасць (колькасць грошай, заробленых на рэкламе ўнутры фільма), папулярнасць акцёраў і рэжысёраў, вядомыя студыі-вытворцы, бюджэт фільма. Адбіраюцца пераважна карціны рэйтынгавых жанраў: камедыя, баявік, фантастыка, дэтэктыў, трылер, меладрама і прыгоды. Пры гэтым, канешне, не знікнуць з канала і так званыя "інтэлектуальныя" стужкі, якія аказваюць станоўчы ўплыў на фарміраванне духоўна багатай асобы. "У бліжэйшыя некалькі тыдняў, - заўважыў дырэктар Дырэкцыі ліцэнзійных праграм і кінапаказу Канстанцін Вараб'ёў, - мы пастараемся прадставіць гледачам як мага больш якаснага кіно. У першы ж дзень адкрыцця новага сезона будзе адразу пяць прэм'ер: "Макасіны Маніту", "Калас назаўжды", камедыя "Поўны прывад" і іншыя карціны; за бліжэйшыя тры тыдні пакажам 14 кінапрэм'ер, многія з якіх - сусветныя. А вось кіно класа "В", малабюджэтнага, якое не выходзіць у пракат, будзе значна меней".
- Канстанцін Іванавіч, вы столькі ўсяго наабяцалі, што загадзя рыхтуешся не "адліпаць" ад экрана. Хочаце сказаць, што і паказу другой часткі "Матрыцы" дачакаемся?
- Абавязкова. I не толькі "Матрыцы". Мы зараз замацоўваем паняцце структурыравання кінапаказу, так што кожны глядач зможа выбіраць, што яму паглядзець: напрыклад, па панядзелках - блокбастэры, па серадах - фантастыка, па суботах - эротыка... Між іншым, Першы нацыянальны пакажа ў бліжэйшы час фільм з неўвядальнай Сільвіяй Крыстэль, які 14 гадоў не сыходзіў з экранаў парыжскіх кінатэатраў і быў нават занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса... Здагадаліся, пра што я?
- "Эмануэль"?
- Дакладна так. Аднак, мушу заўважыць, мы не будзем забывацца таксама пра новае рускае кіно і стары добры савецкі кіне матограф. Уявіце: за 8 месяцаў гэ тага года ў эфіры Першага нацыянальнага было прадстаўлена больш чым 140 фільмаў вытворчасці "Беларусьфільма", і, мяркуючы па водгуках гледачоў, гэтыя паказы карыстаюцца папулярнасцю. А яшчэ скажу па сакрэту, што ў новым сезоне мы пакажам новы серыял. Назву не раскрыю, дам толькі падказку: у сусветным рэйтынгу серыялаў ён займае першае месца...
Вяртанне да "беларусьфільмаўскай" прадукцыі радуе: гэта значыць, што можна будзе зноў перагледзець "Белыя росы" і "Чорны замак Альшанскі", "Чырвоную шапачку" і мой любімы "Не пакідай"...

Шоу назаўжды: эфірныя забаўлянкі

Забавы на БТ з'яўляюцца з самай раніцы. Дакладней, з самай ранішняй праграмы "Добрай раніцы, Беларусь!". Яна мяняе будову: кожная відэаінфармацыя будзе чаргавацца з уключэннямі са студыі. Гэтыя перамены звязаны з больш дакладным вывучэннем аўдыторыі (ну нарэшце): кожныя 15 хвілін нехта новы падключаецца, нехта, наадварот, выключае тэлевізар і бяжыць на работу, нехта проста "лётае" па кватэры, збіраючы дзяцей у школу і гатуючы сняданак. Зараз усе пералічаныя вышэй катэгорыі змогуць быць у курсе апошніх падзей, ды яшчэ паралельна пазнаёміцца з прагнозам надвор'я, курсамі валют і цэнамі на паліва, гараскопам і г.д. А рубрыка "Хуткі сняданак" ператворыцца ў кулінарнае міні-шоу, бо гасцямі будуць вядучыя повары сталічных кафэ і рэстаранаў (праўда, ці акажуцца прапанаваныя імі рэцэпты даступнымі для большасці тэлегледачоў, пытанне спрэчнае). Вядучымі праграмы застануцца ўсё тыя ж асобы: маладая маці Ларыса Грыбалёва плюс паліглот Алесь Круглякоў, а таксама новаўтвораная сямейная пара Надзея Герасімчык - Яўген Юранаў.
Акрамя гэтага, Яўген Юранаў возьме на сябе дадатковы абавязак шоумена і пачне весці праграму "Любы капрыз!", сутнасць якой выказаў літаральна наступнымі словамі: "На працягу дня простая асфальтаўкладчыца зможа папрацаваць мадэллю, а мадэль - паспрабаваць сябе на ўкладцы асфальту". Ну-ну, задумка смелая, а прэтэнзіі на раскрутку вядучага відавочныя; галоўнае, каб гэта не стала чарговай "падставай".
Праграма "Усё нармальна, мама!" набывае новую рубрыку: Ларыса Грыбалёва прапануе цікавыя сустрэчы з маці папулярных беларускіх выканаўцаў. Вось тут мы і даведаемся ўсю праўду пра куміраў!
"Школа зласлоўя" пасталела і вырасла ў "Акадэмію зласлоўя": зараз гасцей, як і вядучых, будзе двое. Паводле задумкі аўтараў, госці сутыкнуцца лбамі і будуць спрачацца адзін з адным, але асабіста я вельмі спадзяюся, што яны (госці) аднойчы аб'яднаюцца і паказальна растопчуць вядучых - вось дзе радасць для аўдыторыі будзе!
Запускаецца і яшчэ адна "даставучая" праграма - штотыднёвая размова народных любімцаў Сашы і Сірожы з нейкай папулярнай асобай пад назвай "Дастань зорку". Бедныя нашы айчынныя "зоркі", іх і без таго няшмат. Я так разумею: каго не дабілі начныя прыгажуні са "Школы зласлоўя" - адправяць у накаут Саша з Сірожам. А двое на аднаго - нячэсна!

Аднакласнікі ўсіх масцей, збірайцеся!

Вы памятаеце ўсіх, з кім вучы-ліся некалі ў адным класе? I абсалютна ўпэўненыя, што ніхто з гэтых людзей не стаў супер-пупер-знакамітасцю? А вось паглядзім! Нездарма БТ запускае ў эфір ліцэнзійнае шоу "Аднакласнікі".
3 2000 года гэтая праграма - сімбіёз шоу, гульні, шчырых размоў і ашаламляльных адкрыццяў - ужо была паказана ў 17 краінах свету і паўсюль мела неверагодны поспех. А потым дацкая кампанія-праваўладальнік сумесна з Белтэлерадыёкампаніяй адаптавала названае шоу для беларускага гледача. Сюрпрыз рыхтавалі прыкладна год, прадумваючы ўсе дэталі, кантралюючы нават вытворчасць дэкарацый.
Вядучы - адабраны пасля мноства кастынгаў "жыўчык" Кірыл Слука, здаецца, як нельга лепей падыходзіць для гэтай ролі - запрашае ў студыю дваіх вядомых людзей і прапануе ім, а таксама ўсім прысутным у студыі і ля тэлеэкранаў, вярнуцца ў "школьныя гады цудоўныя", прыгадаць поспехі і няўдачы, а магчыма, і першае каханне... Самае складанае ў арганізацыі шоу, як прызналіся яго стваральнікі, - знайсці аднакласнікаў сёлетніх зорак; ужо даводзілася адшукваць і прывозіць на здымкі людзей з Расіі, Украіны, Латвіі, Германіі. А яшчэ давялося старанна корпацца ў школьных архівах, сустракацца з былымі класнымі кіраўнікамі, дырэктарамі школ...
Далей яшчэ доўга можна распавядаць пра праекты Першага нацыянальнага - напрыклад, пра стварэнне ў 2004-2005 гадах айчыннага "народнага" тэлесерыяла, або пра новы музычны праект для пачаткоўцаў "Кропка", або пра фестываль "На скрыжаваннях Еўропы", па выніках якога вызначацца прэтэндэнты на ўдзел у "Еўрабачанні", або пра гісторыка-культурную праграму Алеся Матафонава "Адкрыты архіў"... Але ж вы памятаеце: лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Ці прачытаць. Уключайце тэлевізар, спадары і спадарыні (толькі не захапляйцеся празмерна), і рабіце высновы самі: глядзець або не глядзець.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.