Тэа паедзе ў Данію без чызкейкаў, затое з гальштукам-бабачкай

17.04.2014
"Звязда", 17 красавіка 2014 г.

 
- Тры чамаданы адзення назбіралася! - смяецца выканаўца. Але тут жа пераключаецца на больш сур'ёзны тон і расказвае, што для ўсёй беларускай дэлегацыі стылісты прыдумалі карпаратыўны стыль а-ля "mr Cheesecake": модныя белыя кашулі (іх, дарэчы, пашылі беларускія вытворцы), класічныя цёмныя нагавіцы і гальштукі-бабачкі. Такі выгляд, як мяркуюць спецыялісты, дапаможа нашай камандзе вылучыцца вонкава ў агульным, зазвычай вельмі яркім, калейдаскопе "Еўрабачання".
У гэтым жа рэчышчы выканана і прома-прадукцыя: дыск і інфармацыйны буклет, які прадстаўляе беларускага артыста, магніты з краявідамі Мінска, а таксама спецыяльныя VІP-сувеніры для калег-тэлевізійнікаў і артыстаў з іншых краін, што ўдзельнічаюць у сёлетнім конкурсе. Дапамагаюць наладжваць стасункі з прадстаўнікамі розных краін і арганізоўваюць розныя піяр-акцыі ажно два піяршчыкі - адзін працуе на рускамоўную аўдыторыю, другая, брытанка Кэтрын Локет, - на англамоўную.
Але галоўнае, што павязе беларускі ўдзельнік на "Еўрабачанне" - безумоўна, сам конкурсны нумар на песню "Cheesecake". Ужо вядома, што ў ім, акрамя ўласна саліста Тэа (Юрыя Вашчука), будуць задзейнічаны бэк-вакалісты Дзяніс Ліс, Арцём Ахпаш і Юрый Селязнёў, а таксама танцоры Аляксандр Залескі і Андрэй Мартынаў. 

- Як так атрымалася, што сабраліся "ў джазе толькі хлопчыкі"? - пацікавіліся мы.
- А вы чакалі, што будзе, як у кліпе, дзяўчына-прыгажуня? - ажыўляецца Тэа. - Вельмі часта нават калегі-артысты пытаюцца, ці будзе ўсё, як у кліпе. Я лічу, што прома-кліп і сцэнічны нумар - рэчы зусім розныя: калі кліп здымаецца на якім-небудзь айсбергу, напэўна, не трэба гэты ж айсберг рабіць і на сцэне. Канцэпцыя выступлення даволі простая: мы з сябрамі ў добрым настроі гуляем па вуліцы і спяваем пра тое, што хопіць, нарэшце, называць хлопцаў "салодкімі чызкейкамі", мы ад гэтага ўжо стаміліся. Адпаведна з гэтай задумкай і падбіраліся ўдзельнікі - усе яны насамрэч не толькі мае калегі па сцэне, але і добрыя сябры, выдатныя хлопцы, з якімі вельмі камфортна і лёгка працаваць. Наогул, я лічу, вельмі важна, што сёлета падабралася цудоўная каманда, дзе ўсе разумеюць адзін аднаго. 

Увесь мінулы тыдзень спявак працаваў з запрошанымі замежнымі спецыялістамі - шведскай рэжысёркай Ціне Матулесі, якая рабіла пастаноўку нумара, і педагогам па вакале Алексам Панаі з Кіпра, які добра ведае спецыфіку конкурсу як на ўласным прыкладзе, так і па працы з іншымі артыстамі. Памятаючы пра тое, што лепшае??- вораг добрага, усім знаёмы варыянт конкурснай песні вырашылі істотна не змяняць, каб не сапсаваць яе, а толькі крыху "дашліфаваць", палепшыць асобныя моманты.
Наколькі гэта ўдалося зрабіць - убачым ужо праз два з паловай тыдні. Пакуль жа "Cheesecake" актыўна падхоплівае публіка на прома-канцэртах, а выканаўца і ўся каманда нацэлены на максімальна добры вынік. Але прагнозы рабіць не бяруцца і пытанні пра магчымую перамогу сустракаюць з усмешкай. "Давайце не будзем заганяць саміх сябе і артыста ў рамкі планаў, якое месца нам трэба заняць, а проста атрымаем задавальненне ад гэтага вялізнага, яркага свята!" - прапануе кіраўнік праекта "Еўрабачанне" ў Беларусі Вольга Шлягер.
Напярэдадні адлёту ў Капенгаген Тэа паспее яшчэ выступіць на вечарынцы ў Маскве, якую ладзяць прадстаўніцы Расіі сёстры Талмачовы з удзелам расійскіх эстрадных "зорак" і канкурсантаў са Швецыі, Румыніі, Азербайджана, Сан-Марына, а таксама возьме актыўны ўдзел ва ўласных "провадах" - афіцыйным мерапрыемстве з абсалютна неафіцыйнай назвай "Хлапечнік Тэа". Пажадаюць спеваку ўдачы і скажуць словы падтрымкі не толькі вядомыя беларускія артысты, але таксама пераможца "Еўрабачання-2009", нарвежац з беларускімі каранямі Аляксандр Рыбак і прадстаўнік нашай краіны на "Еўрабачанні-2008" Руслан Аляхно, які цяпер жыве і працуе ў Расіі.
А ўжо 28 красавіка беларуская дэлегацыя на чале з намеснікам старшыні Белтэлерадыёкампаніі Маратам Маркавым адправіцца ў Данію, дзе стартуе так званы "Еўратыдзень". 30 красавіка ў Тэа адбудзецца першая рэпетыцыя на сцэне B&W Hallerne на востраве Рэфсхалеюн, дзе пройдзе конкурс, 3 мая - другая рэпетыцыя і прэс-канферэнцыя для прадстаўнікоў міжнародных СМІ.

Простая мова

- Каб добра выступіць на "Еўрабачанні", не патрэбна мільёнаў долараў! Галоўнае, каб песня і нумар былі зроблены прафесійна, якасна і з густам.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.