Танцавальны марафон

11.10.2006
"Звязда", 11 кастрычніка 2006 г.


Выпрабавана на сабе
Напрыканцы кастрычнiка тэлеканал "ЛАД" пакажа праект "Танцуюць усе". З першых трох выпускаў (кожны будзе працягвацца па 26 хвiлiн, i ў эфiр выйдзе ў выхадны дзень i ў буднi ў паўторы) гледачы даведаюцца, хто з удзельнiкаў трапiў у шасцёрку фiналiстаў. Аднак чытачы "Звязды" будуць у курсе падзей ужо зараз.
Адразу адзначу, што ўсе тры адборачныя туры здымалiся ў мiнулую нядзелю на працягу паўсутак. Хоць кастынг пачынаўся а 10-й гадзiне, канкурсанты, у тым лiку i я, прыйшлi заняць чаргу значна раней, бо наглядзелiся тыповых праектаў па расiйскiх тэлеканалах i таму баялiся быць у чарзе апошнiмi. Жадаючых прадэманстраваць свае здольнасцi ў майстэрстве Тэрпсiхоры з’явiліся каля 200 чалавек. Сярод iх былi сапраўдныя "чайнiкi" i прафесiяналы ў бальных, сучасных i iншых танцах, "простыя смяротныя" i "зоркi" экрана i эстрады (у прыватнасцi, рэдактар i сувядучая тэлепраграмы "Ваша лато" Першага канала Вольга Венская i беларуская спявачка Аляксандра Гайдук), людзi ва ўзросце ад 20 да ... 70 гадоў.
Спачатку вядучы i аўтар праекта Дзмiтрый Карась падбадзёрыў усiх прысутных i паведамiў, якi прыз атрымае пераможца. Я iнтрыгу захаваю, але адзначу, што галоўны прэзент - вельмi прыгожы, у першую чаргу спадабаецца жанчынам, але i мужчыны знойдуць яму прымяненне. Пасля настаўленняў вядучы прапанаваў кожнаму выбраць з доўгага спiсу трэк, пад якi будзе танцаваць. Я доўга не магла вырашыць, на чым спынiцца, бо вочы разбягалiся: полька, вальс, дыска, цыганачка, лацiна, песнi беларускiх выканаўцаў i г.д. Перад кастынгам нам прапанавалi патрэнiравацца, аднак размiнка хутчэй нагадвала цэлы нумар, чым банальныя тры прыстукi, тры пляскачы. Харэограф праекта Аляксандр Жарко запрашаў да сябе дзесьцi па 10 чалавек i ўсе паўтаралi за iм: узмахi рук, крокi, паварот... Потым нам уручылi асабiсты нумар (у мяне быў 39) i адправiлi ў клас з люстэркамi, каб падрыхтавацца да свайго выступлення.
Дарэчы, вялiкiм попытам сярод маладых танцораў карысталiся "Былi танцы" Б’янкi i ўсходняя музыка, сярод прадстаўнiкоў старэйшага ўзросту - вальс i лацiна. Нумары выклiкалi цiкавасць, здзiўленне i смех суддзяў, бо кожны па-свойму ўспрыняў параду вядучага Дзмiтрыя Карася: "Калi жадаеце прайсцi далей, трэба здзiвiць, нават шакiраваць журы". Адзiн з юнакоў у чорным плашчы i масцы з сур’ёзнай мiнай на твары хадзiў па сцэне i нават лёг на яе, нехта замест танца адцiскаўся i... спяваў. Асабiста я нiчога лепшага не прыдумала, чым танцаваць з капелюшом танга. Спецыялiсты зрабiлi камплiмент: маўляў, галаўны ўбор мне вельмi iдзе, але захацелi пабачыць iншы вобраз. На жаль, маё разуменне хiп-хопа, якi мне прапанавалi, вельмi разышлося з iх успрыманнем гэтага танца, таму на гэтым мой непасрэдны ўдзел у конкурсе скончыўся. Аднак сумаваць не стала, а засталася ў зале сачыць за далейшымi падзеямi.
У другiм туры патрэбна было выступаць у пары. У час жараб’ёўкi атрымаўся своеасаблiвы белы танец: дзяўчыны "запрашалi" свайго кавалера, выцягваючы паперу з нумарам. Праўда колькасць партнёраў аказалася меншая, чым прадстаўнiц прыгожага полу, таму некаторым давялося ствараць жаночы дуэт. Наталля Макарэвiч не разгубiлася i запрасiла на танец... вядучага. "Малайчына, дачка! - падбадзёрыла яе мацi Тамара Станiславаўна, якая i прапанавала прыйсцi разам на танцы дзеля прыколу, бо сумна было. - Мы б i наша дзесяцiгадовае дзiця ўзялi сюды, але ў нас дома - малы сабака, яго аднаго пакiдаць нельга. Дачка, дарэчы, у мяне разумнiца, цудоўная настаўнiца пачатковых класаў, вядучая на вяселлях. Аднак у iх тут, мяркую, усё куплена, таму не веру, што Наташа пройдзе ў фiнал". Дарма. Дарэчы, у другiм туры ўдзельнiкам прапанавалi станцаваць пад адну з трох песень у выкананнi Анжэлiкi Агурбаш, Наталлi Падольскай i Шакiры. Што датычыцца апошняй спявачкi, то шмат удзельнiц "вылецела" на першым этапе менавiта пад Шакiру, таму ў кулуарах з’явiлася меркаванне наконт яе дрэннага ўздзеяння на журы. Аднак Шакiра дапамагла беларускай спявачцы Аляксандры Гайдук, якая сярод iншых 12 удзельнiкаў прайшла ў трэцi тур. Яго галоўнай задачай стала - паўтарыць за членамi журы i харэографам урыўкi народных, класiчных i сучасных танцаў. На жаль, самая старэйшая ўдзельнiца, пенсiянерка, у мiнулым настаўнiца гiсторыi, Нiна Уладзiмiраўна Носiкава, пакiнула праект у кроку ад фiналу. "Канешне, мне цяжка спаборнiчаць з маладымi, выконваць сучасныя рухi, - тлумачыць яна. - Я нiдзе не займалася танцамi, але яны мне вельмi падабаюцца. Праўда, не сучасныя, а старадаўнiя. Аб тым, што прыйшла на конкурс, не шкадую, бо здолела праявiць сябе, ды i я крыху парушыла правiлы, бо мне за 70 гадоў".
У фiнал выйшлi 6 чалавек. З iмi будуць працаваць кожны тыдзень харэографы i прадстаўнiкi падтанцовак вядомых беларускiх спевакоў. Iмя пераможцы даведаемся не раней Новага года, калi пасля гала-канцэрта адбудзецца галасаванне. Пакуль жа гледачоў "ЛАДа" чакаюць танцавальныя сюрпрызы: кожны з фiналiстаў па чарзе праявiць сябе ў шасцi танцах. I хоць мне не пашчасцiла скласцi iм кампанiю, не засмучаюся: гэта быў адзiн з самых вясёлых i цiкавых дзён у маiм жыццi. Атмасфера склалася настолькi сяброўскай, што нават тыя, хто не прайшоў у наступны тур, дапамагалi ставiць нумары, частавалi цукеркамi, i залу мы пакiнулi толькi калi вызначылiся ўсе фiналiсты, а 21-й гадзiне.

Iрына ПРЫМАК.