"Таму, што мы каманда!"

01.02.2005
"Звязда", 1 лютага 2005 г.


Сваю "радаслоўную" гэта баявая адзінка вядзе са студзеня 1995 года. Менавіта ў той час у эфір выйшлі першыя выпускі Агенцтва тэлевізійных навін, якія хутка сталі своеасаблівай візітоўкай БТ.
Сёння каманда АТН - гэта больш за 200 супрацоўнікаў, сярод якіх журнапісты і філолагі, акцёры і эканамісты, гісторыкі і філосафы самых розных узростаў. А "прадукт" АТН мы штодня бачым на экранах тэлевізараў: 11 выпускаў навін плюс вячэрні інфармацыйны тэлеканал "Панарама" на Першым нацыянальным, пяць выпускаў рэгіянальных навін на "Ладзе", да таго ж мноства аўтарскіх праграм і спецпраектаў.

Пра дзень учарашні (крыху) і сённяшні, пра новыя планы і нязменныя прыярытэты мы гутарым з галоўным "куратарам" АТН, намеснікам старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Аляксандрам Мартыненкам.

- Аляксандр Іванавіч, 10 гадоў - вялікі ці маленькі, а ўсё ж юбілей. Ёсць нагода прыгадаць, з чаго пачыналася Агенцтва тэлевізійных навін...
- Столькі ўсяго адбылося за 10 гадоў, што мне зараз ужо складана аднавіць у памяці, з чаго ўсё пачыналася. Мне падаецца, што ў свой час ва ўсіх былых савецкіх рэспубліках былі інфармацыйныя службы: у першую чаргу Дзяржтэлерадыё СССР, пасля камітэты аўтаномных рэспублік. А новы час прынёс з сабой пэўныя перамены. 3 аднаго боку, гэта была мода, а з другога - неабходнасць: стварыць на базе інфармацыйных рэдакцый нейкія брэндавыя структуры. Так з'явіліся "Вести", служба навін НТБ. Канкурэнцыя паміж рознымі тэлеканаламі, напэўна, і была адной з галоўных прычын стварэння асобнай інфармацыйнай структуры - АТН - у Белтэлерадыёкампаніі.

- Чаму ўсё ж новую структуру назвалі не службай, не аддзелам навін, а менавіта агенцтвам?
- Я мяркую, агенцтва - гэта ўсё ж нешта больш мабільнае, больш хуткае. I больш маштабнае: у АТН першапачаткова ўваходзілі некалькі аддзелаў, якія займаліся асобна падрыхтоўкай навін для радыё, для тэлебачання, апрацоўкай інфармацыйных стужак...

- Поспех любой тэлепраграмы вызначаецца ступенню яе запатрабаванасці ў гледача. Вы адсочваеце рэйтынг "прадукцыі" АТН?
- Канешне. Я перакананы, што навіны - гэта той "прадукт", які быў, ёсць і будзе запатрабаваны. Напэўна, на любым канале выпускі навін - самая рэйтынгавая праграма. У нашым выпадку найбольшым поспехам карыстаецца "Панарама".

- Ці можна сёння гаварыць пра нацыянальны характар беларускіх навін?
- Мне здаецца, вы самі ж і адказалі на сваё пытанне: нацыянальны характар і характар навін вельмі падобныя. Ва ўсякім разе, мы імкнуліся і, думаю, дасягнулі таго, каб навіны на Першым нацыянальным і на тэлеканале "Лад" у найбольшай ступені адпавядалі менталітэту беларусаў. У чым адметнасць беларускіх навін? Яны часцей бываюць спакойныя, узважаныя, рэдка - агрэсіўныя ці штучна "прычасаныя".

- А калі казаць пра "твар" навін - ён жаночы, альбо АТН стараецца захоўваць раўнавагу?
- Тут ужо як атрымліваецца. У АТН сапраўды зараз той перыяд,
калі на экране збольшага - жанчыны. Але гэта не значыць, што ў нашай камандзе мала мужчын, проста яны і іх праца пераважна застаюцца за кадрам.

- АТН адчувае дыханне канкурэнтаў за спінай, альбо ў сферы навін вы - нумар адзін у Беларусі?
- Калі я скажу, што мы "нумар адзін", самыя лепшыя, самыя першыя - значыць, усё, нас трэба зачыняць, бо мы сябе вычарпалі і больш ні на што не здатныя. Таму, з вашага дазволу, прамаўчу, якія мы па нумару. Яшчэ ёсць над чым працаваць, але ёсць і чым ганарыцца. Па колькасці інфармацыйных выпускаў, па аб'ёму навін, па іх размяшчэнню ў эфірнай сетцы Першы нацыянальны нездарма лічыцца галоўным інфармацыйным каналам краіны. А канкурэнцыя - рэч вельмі добрая, яна дазваляе не спыняцца ў развіцці. Самае галоўнае - гэта апраўдаць чаканні нашых гледачоў.

- Дарэчы, пра гледачоў... Многія з іх цікавяцца (у тым ліку задаюць пытанні і "Звяздзе"), чаму беларускамоўныя навіны сышлі як бы ў "рэзервацыю" - на канал "Лад"?
- Насамрэч мы далі гледачам права выбару. Ёсць навіны і рэпартажы на рускай мове, ёсць на беларускай. Пакуль што трэба, каб людзі самі разабраліся, на якой мове яны хочуць атрымліваць інфармацыю. Так склалася, не будзем хітраваць, што большая частка насельніцтва Беларусі ў звычайным жыцці размаўляе па-руску, таму і навіны прасцей успрымае на гэтай мове. Да таго, як прыняць рашэнне, мы атрымалі мноства пісьмаў ад людзей, якія прыехалі з Расіі, Украіны, ды нават і ад карэнных беларусаў. Людзі прасілі, каб выпускі навін ішлі на рускай мове. Зразумела, мы ніколі не зможам задаволіць абсалютна ўсіх, але магчымасць атрымліваць інфармацыю на выбар, па-руску ці па-беларуску, мы далі.

- Часта нейкая падзея робіцца навіной толькі таму, што пра яе расказалі па тэлевізары. Як выбраць, ці з кожнай падзеі можна зрабіць навіну?
- У прынцыпе з кожнай. Розніца толькі ў падачы інфармацыі. У АТН, напрыклад, няма "жоўтых" навін. Мы не апускаемся да ўзроўню бытавых рэчаў, паколькі гэта ўсё ж галоўны нацыянальны канал краіны, а робім так, каб навіна была цікавая для максімальнай глядацкай аўдыторыі. Чым большы інфармацыйны спектр навіны, тым большую перавагу яна для нас мае.

- А што рабіць, калі ў той жа "Панараме" няма цэнтральнай навіны, так званага "гвазда"?
- Так не бывае. Выбар заўжды ёсць. Часцей, наадварот, цяжка вызначыцца, калі ідзе некалькі важных падзей, з якіх трэба вылучыць адну, самую галоўную. А пошукамі "гвазда" мы не займаемся ўжо даўно.

- Адкуль у АТН прыходзяць новыя вядучыя? Сюды можа трапіць літаральна "чалавек з вуліцы"?
- Так, - не задумваючыся, выдае Аляксандр Іванавіч. Пасля ўдакладняе: - Не скажу, што існуе школа вядучых, няхай гэта будзе проста клас. Дык вось, у гэтым класе з вядучымі навін і рэпарцёрамі на працягу года пастаянна працуюць нашы спецыялісты. Калі ў чалавека ёсць пэўны набор якасцяў, якія падыходзяць для тэлевядучага, альбо ён нам тэлефануе, альбо мы самі яго недэе знаходзім і запрашаем паспрабаваць свае сілы. Што неабходна? Самае першае - вялікае жаданне працаваць у нас.
Калі такога жадання няма, ніякія іншыя характарыстыкі не выратуюць. I, канешне, звычайны набор для тэлевядучага: дыкцыя, знешні выгляд, уменне працаваць у камандзе.

- АТН даўно выйшла за рамкі проста інфармацыйных выпускоў і мае добры дзесятак уласных праграм і спецпраектаў. Магчыма, на падыходзе штосьці новенькае?
- Так, рыхтуецца некалькі новых праектаў. У бліжэйшы час з'явіцца праграма на прававую тэматыку "Nota bene". На падыходзе таксама шэраг праектаў, прысвечаных 60-годдзю Вялікай Перамогі. Напрыклад, мы рыхтуем сумесна э тэлерадыёаб'яднаннем "Саюз" вялікі 16-серыйны дакументальны серыял, героямі якога стануць людзі, якія прайшлі праз вайну і зрабілі значны ўклад у Перамогу, - з усіх 15 былых савецкіх рэспублік. Зараз карэспандэнты АТН якраз працуюць у гэтах краінах. Фіналам фільма, паводле папярэдняй задумкі, будзе сустрэча герояў на беларускай зямлі.

- Калі дазволіце, асабістае пытанне. Шлях ад вядучага да намесніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі - гэта вельмі паспяховая кар'ера. У чым сакрэт такога поспеху?
- Шчыра кажучы, я не кар'ерыст; магчыма, у нечым гэта нават дрэнна. Ва ўсякім разе, я ніколі не імкнуўся да кар'еры кіраўніка. Я вельмі люблю сваю работу, але найвялікшае задавальненне атрымліваў, калі быў проста рэпарцёрам. А павышэнне атрымалася неяк само па сабе...

- Няўжо вы ніколі не шкадавалі, што давялося сысці з экрана?
- Я стараюся не марнаваць час на тое, каб аб нечым шкадаваць. Калі так атрымалася - напэўна, так трэба было. Магчыма, калі-небудзь я вярнуся зноў у кадр, аднак ужо больш вопытным чалавекам. Мне гэтага хацелася б. У душы і па складу характара я застаюся проста журналістам.

- На дні нараджэння прынята рабіць падарункі. Які падарунак на 10-годдзе АТН быў для вас найлепшым?
- Па вялікаму рахунку, юбілей у нас прайшоў як звычайны працоўны дзень, мы яго не адзначалі. Канешне, мне вельмі хацелася б усіх сабраць, павіншаваць, каб у людзей было сапраўднае свята, але гэта не атрымліваецца - мы не можам спыніцца ні на момант. Таму самы галоўны падарунак - тое, што ніхто не пакрыўдзіўся, што ўся каманда гэта зразумела.

- Тэлебачанне вас літаральна ахоплівае з усіх бакоў (нават у рабочым кабінеце Аляксандра Мартыненкі ажно два пастаянна ўключаныя тэлевізары. - Аўт.). Вы ад яго не стамляецеся?
- Стамляюся. (Усміхаецца.) Аднак і без яго таксама не магу, адчуваю, што нечага не хапае. Як быццам і змучаны прыходжу дамоў, і ўсё адно лаўлю сябе на тым, што адразу шчоўкаю тэлевізійным пультам. Гэта складана патлумачыць: напэўна, нейкая асаблівая залежнасць...

- Альбо проста вялікая любоў да сваёй працы. Дзякуй за размову і - з днём нараджэння АТН!

Гутарыла Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

Р.S. 10 гадоў - гэта 3653 дні, альбо 87.762 гадзіны, кожная з якіх напоўнена падзеямі, працай і - навінамі, навінамі, навінамі... А што зробіш? Навіны - гэта іх прафесія!