Там творчы дух, там святам пахне...

11.07.2007
"Звязда", 11 ліпеня 2007 г.


Фестывальнае надвор’е традыцыйна непрадказальнае: то сонца прыпячэ, насуперак прагнозам сiноптыкаў, то лiтаральна праз некалькi хвiлiн дождж стаiць сцяной (на сольным канцэрце Валерыя Лявонцьева разыгралася навальнiца такой сiлы, што часам адмаўлялася працаваць апаратура - але абноўлены дах Летняга амфiтэатра "баявое хрышчэнне" паспяхова вытрымаў). I толькi надвор’е душэўнае, у сэнсе агульнага настрою, нязменна сонечнае:
ВIЦЕБСК ГУЛЯЕ!
Летнi амфiтэатр i абласная фiлармонiя, Дом кiно i тэатр iмя Якуба Коласа, краязнаўчы музей, "горад майстроў" у парку iмя Фрунзе, Мiжнародны прэс-цэнтр... Жыццё вiруе на ўсiх гэтых пляцоўках, i часам мы з калегамi, як тая малпа, проста не ведаем, як бы гэта "разарвацца" на некалькi частак, каб ўсюды паспець. Найлягчэй назiраць за сваiмi, беларускiмi артыстамi. I не дзiўна - сёлета наша дэлегацыя вялiкая, як нiколi. Калi раней творчы "дэсант" у Вiцебск абмяжоўваўся 100-150 чалавекамi, то на гэты раз - каля 600.
"Беларускi дзень", якi прайшоў у Вiцебску адначасова з Днём горада, стаў адным з самых насычаных i - амаль памiж радкоў заўважым - адным з самых запатрабаваных. Калi на канцэрт урачыстага адкрыцця "Славянскага базару ў Вiцебску" было прададзена 100 працэнтаў бiлетаў, то на гала-канцэрт майстроў мастацтваў Беларусi - больш за 90, у той час як некаторыя iншыя канцэрты збiралi толькi палову залы. Што да збору на адной сцэне зорак "Еўрабачання", то, быць можа, у зале некаторыя крэслы i пуставалi, але ля агароджы арт-кафэ да апошняга шчыльнай сцяной стаялi людзi, якiя жадалi сфатаграфаваць сваiх кумiраў або ўзяць аўтограф. "Гэты канцэрт - падарунак нашым беларускiм гледачам за iх увагу i падтрымку праекта на ўсiх яго этапах", - паведамiлi арганiзатары. Праўда, атрымаюць гледачы гэты падарунак толькi ў вераснi - калi будзе паказана тэлеверсiя канцэрта. Тады ж будзе канчаткова рэалiзавана i цiкавая "фiшка": падчас канцэрта публiцы даваўся шанц адзначыць на бiлеце таго выканаўцу, хто варты прадставiць Беларусь на "Еўрабачаннi-2008", што пройдзе ў Сербii, а ў вераснi вынiкi галасавання будуць падведзены. Зрэшты, галасаванне нi на што не паўплывае - толькi дасць карцiну чаканняў аўдыторыi, гэткiя папярэднiя стаўкi.
"Можа, фаварыту гледачоў усё ж будзе дадзены нейкi бонус - бо Дзiму Калдуну ў свой час крэдыт даверу таксама выдалi менавiта гледачы?" - пацiкавiлiся мы ў арганiзатараў канцэрта. Адказ, на жаль, будучых кандыдатаў не парадуе: калi вас любiць публiка - гэта цудоўна, але звычайную схему конкурснага адбору нiхто не адмяняў, i яе давядзецца прайсцi.
Дарэчы, як адзначыў арганiзатар гэтага канцэрта, кiраўнiк тэлепраекта "ЕўраФэст" Аляксандр Цiхановiч, правiльнай назвай мерапрыемства з’яўляецца ўсё ж "ЕўраФэст"-"Славянскi базар" - Песнi дружбы". Крыху пазней стала зразумела, чаму так: колькасць беларускiх i проста пабочных артыстаў значна пераважала над колькасцю ўдзельнiкаў i лаўрэатаў "Еўрабачання". Апошнiх, уласна кажучы, можна было нават па пальцах пералiчыць: Марыя Шэрыфавiч (Сербiя), Наталля Барбу (Малдова), Марыя Шэсцiч (Славенiя), Дзiма Калдун (Беларусь), Дана Iнтэрнэйшнл (Iзраiль), Цiна Караль (Украiна). Верка Сярдзючка, якая прымала ўдзел у канцэрце адкрыцця i нават падахвоціла кiраўнiка нашай краiны на танец, з-за шчыльнага гастрольнага графiку надалей на фестывалi не засталася. Фiлiп Кiркораў увогуле не прыехаў - паводле адных звестак, не змог, па другiх - нават i не быў запрошаны... Калi на канцэрт пачалi ўжо разыходзiцца бiлеты, адмовiўся ад выступлення расiйскi гурт "Серабро" - кажуць, з-за больш важнага выступлення. Так што гонар Расii засталася абараняць толькi Анiта Цой - яна ж старшыня мiжнароднага музычнага дзiцячага конкурсу. Чамусьцi ў тэрмiновым парадку пакiнула Вiцебск i Анжэлiка Агурбаш, якая села ў машыну праз паўгадзiны пасля выступлення на "беларускiм" канцэрце, а яе iмя выкраслiлi з праграмы. А Дзiма Калдун, якi выходзiў на сцэну некалькi разоў, трапiў у форс-мажор: дзесяткi разоў адпрацаваная пастаноўка "Wоrk Yоur Mаgiс" раптам дала збой, i з-за няправiльна зараджанай пiратэхнiкi феерверкi ледзьве не абпалiлi твары танцорам... Гурту "Dа Vinсi" увогуле не пашанцавала: канцэрт настолькi зацягнуўся, што блiжэй да пятай ранiцы музыкантам засталося толькi павiтаць гледачоў i... пакiнуць сцэну, нават не праспяваўшы. Што i як было з астатнiмi выканаўцамi - глядзiце ў вераснi...
На беларускiм гала-канцэрце адной з цiкавых падзей стала маштабная прэзентацыя новага складу - дакладней, рэйнкарнацыi - ансамбля "Верасы". Зараз гэта дзве дзяўчынкi i два юнакi, якiх мастацкаму кiраўнiку ВIА Васiлю Раiнчыку, паводле яго ўласнага выказвання, "Бог паслаў". "У iх наперадзе вялiкая будучыня, я ўпэўнены", - катэгарычна абвясцiў прафесар. Iдэя ўз’яднання "Верасоў" лунала ў паветры даўно, але рэалiзаваная была толькi зараз. I ўжо выклiкала як захапленнi, так i нараканнi. Прычым з крытычнымi заўвагамi адной з першых выступiла... колiшняя ўдзельнiца i "зорка" ансамбля Ядвiга Паплаўская. "Вы прабачце за такую, быць можа, занадта эмацыйную рэакцыю, але для мяне "Верасы" - гэта дыягназ, а для Васiля Раiнчыка - спосаб заробку грошай. Калi я была на канцэрце ў Мiрскiм замку, то глядзела з акна машыны i здзiўлялася: як Вася Раiнчык, добры музыкант, моцны пiянiст, якога мы з Сашам некалi прывялi ў ансамбль, мог дазволiць, каб песнi "Верасоў" гучалi ў такiм варыянце? Было такое адчуванне, што гэта караоке пад мелодыi, скачаныя з Iнтэрнэта, - скардзiлася артыстка. - Гэтыя юнакi i дзяўчаты - яны неблагiя выканаўцы, але пакуль што гэта проста квартэт з не вельмi высокiм мастацкiм узроўнем, iм трэба расцi да таго, каб мець права насiць назву "Верасы". Зрэшты, "нованароджанаму" калектыву няма яшчэ i трох месяцаў - так што, верагодна, варта пачакаць, перш чым хвалiць або крытыкаваць гэтых маладых артыстаў.
Затое што датычыцца артыстаў сталых, яны парадавалi прыхiльнiкаў. У рамках фестывалю былi прэзентаваныя два альбомы: Iрына Дарафеева прадставiла зусiм свежанькую пласцiнку "Я хачу быць марай", а Якаў Навуменка - зборнiк "Залатыя песнi", куды ўвайшлi добра вядомыя з савецкiх часоў хiты: "Лада", "Калодзеж", "Гарадскiя кветкi", "Усходняя" i г.д. Плануецца, што "Залатыя песнi" стануць серыяй, куды ўвойдуць як мiнiмум пяць альбомаў.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.