"Талаш": тэлепрэм'ера

21.01.2012
"Культура", 21 января 2012 г.


Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" напрыканцы студзеня прадстаўляе прэм'еру чатырохсерыйнага тэлевізійнага мастацкага фільма "Талаш" паводле знакамітай аповесці "Дрыгва" класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. Стужка была знята ў мінулым годзе рэжысёрам Сяргеем Шульгой па ўласным сцэнарыі.
Аповесць "Дрыгва" была напісана Якубам Коласам у 1934 годзе і, добра вядомая некалькім пакаленням беларускіх чытачоў, неаднойчы ўвасаблялася на тэатральнай сцэне. "Талаш" - першае з'яўленне на экране герояў гэтага твора пісьменніка, чыё 130-годдзе з дня нараджэння сёлета адзначае Беларусь. Аўтар стужкі Сяргей Шульга пастараўся надаць сюжэтным лініям і вобразам аповесці Коласа больш сучаснае гучанне, сканцэнтраваўшы асноўны драматургічны канфлікт да асабістага.
У стужцы задзейнічаны выключна беларускія акцёры. Галоўнага героя ўвасабляе народны артыст Беларусі Генадзь Гарбук. Астатнія ролі выконваюць таксама народныя - Генадзь Аўсяннікаў, Аўгуст Мілаванаў, Аляксандр Ткачонак, заслужаная артыстка краіны Зінаіда Зубкова, артысты Ніна Разанцава, Таццяна Андросава, Павел Харланчук, Настасся Баброва, Алена Дуброўская ды іншыя. Кансультантам карціны выступіў расійскі рэжысёр Генадзь Палока, творчы лёс якога шчыльна звязаны з "Беларусьфільмам".
Як паведамляе прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі, гістарычная драма "Талаш" будзе дэманстравацца ў дзённым тэлеэфіры тэлеканала "Беларусь 1" у суботу і нядзелю - 28 і 29 студзеня.