Такія вось "балясы"

19.09.2014
"Звязда", 19 верасня 2014 г.


Як журналісты "елі мыла" ў тэлеэфіры і правяралі веданне роднай мовы
Удзельнічаць у праграме рэспубліканскага тэлеканала "Беларусь 3" "Размаўляем па-беларуску" мяне запрасілі не таму, што быццам бы добра ведаю беларускую мову. Апошняе магло стаць нават перашкодай, бо праграма створана менавіта для тых, хто яе ведае недасканала або ўвогуле ніяк, але цікавіцца і вельмі хоча гаварыць. Проста мне практычна нічога не трэба было растлумачваць - на Гомельскім абласным тэлебачанні прайшла асноўная частка майго працоўнага жыцця.
З камандай аднадумцаў таксама пашанцавала: за гульнявы стол са мной сталі Аляксандр Яўсеенка - загадчык аддзела гомельскай гарадской газеты "Советский район", з якім мы калісьці вучыліся ў адной школе, і Тамара Суботка, мая былая студэнтка, а сёння галоўны рэдактар гарадской газеты "Гомельские ведомости". Сябры і калегі, адным словам.
Прыадкрыю сакрэт для тых, хто ніколі не быў на студыі тэлебачання, але вельмі хоча трапіць у кадр. Чорнае і белае не надзявайце, клетачку-палосачку таксама, бо гэтым створыце праблемы для аператараў і рэжысёраў. Прычоску вам зробіць непасрэдна ў студыі чароўная дзяўчына Галя Хаткоўская. Дарэчы, бліскучую галаву Сашы Яўсеенкі прыйшлося добра прыпудрыць - каб не блікавала. Ён крыху бурчаў штосьці пра сваю "правільную арыентацыю", але ўрэшце аддаўся прафесіяналам ТБ.
Вось такімі нафарбаванымі нас запусцілі ў студыю на запіс праграмы. Між тым адтуль толькі выйшлі калегі з іншых выданняў. У іх эмоцый было праз край, але ж мы прыйшлі па сваю дозу адрэналіну.
Мікрафоны на нас прымацоўвала яркая бландзінка - гукарэжысёр Наташа Гавароўская-Белянкова. Агульную "карцінку" з нябачнага для нас боку кантралявала рэжысёр праграмы, сур'ёзная Віка Дубавец. Мы высвятлялі дробязі, без якіх ніводная праграма не можа адбыцца: куды глядзець, як стаяць, якой рукой ціснуць кнопку. Працэсам у студыі кіравала вядучая праграмы - абаяльная Алена Трацэнка.
І тут (для нас упершыню) высветлілася, што тры цудоўныя жанчыны, якія прыйшлі ў студыю ў якасці нашых саперніц, яшчэ і прафесіяналы нашай агульнай моўнай справы. Журналісты ўступалі ў няроўны бой супраць чытачак, а па сумяшчальніцтве - выкладчыц рускай і беларускай мовы. Адна з іх, Таццяна Фіцнэр - дацэнт кафедры беларускай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Трэба сказаць, тут мы ў сваіх сілах моцна засумняваліся. І недарма.
- Мы ствараем шоу ці як? - спытаў Саша Яўсеенка і прапанаваў назваць каманду журналістаў "Балясы". Выкладчыцы сябе сціпла назвалі "Паляшучкамі" - бо ўсе родам з глыбінкі Палесся.
Трэба сказаць, першае заданне, як гэта бывае заўсёды, было не проста лёгкім, а звышлёгкім. Мы займаліся перакладам з рускай на беларускую слоў: "петух", "тыква", "забор", "бусы", "ружьё", "ангел". Выйграваў той, хто хутчэй ціснуў на вялізную кнопку. У другім конкурсе каманды перакладалі ўжо словазлучэнні і сказы. У трэцім конкурсе Алена Трацэнка прапанавала нам патлумачыць сэнс рэдкаўжывальных беларускіх слоў. Словы былі сапраўды не самыя штодзённыя: "цвыркун", "разынкі", "прусак", "ядловец", "камізэлька", "каліва".
І ўсё ж, як вы разумееце, гэта былі "кветачкі". Бо справа дайшла да фразеалагізмаў і нашага ўмення да месца іх ужываць. Тут усе мы "паплылі". Журналістам дастаўся выраз "як мыла з'еўшы". Фантазія разгулялася, і мы прапанавалі рускі аналаг "как аршин проглотил". У ходзе невялічкай дыскусіі прыйшлі да высновы, што лепшым аналагам будзе "с кислой миной". Пры гэтым сказ, які прыдумаў Саша, выклікаў выбух смеху: "Я адчуў сябе як мыла з'еўшы, калі пабачыў лічбы ў квітку па аплаце кватэры". Тым часам у гульню ўключыўся эксперт - пісьменнік Святаслаў Крупенька:
- На самой справе, тут размова ідзе хутчэй не пра мыла, а пра мыльную траву. У ветэрынарных даведніках адзначана, што калі карова з'есць такога "мыла", то становіцца вялая і прыгнечаная.
Ну а на апошнім конкурсе ўсе мы заспявалі. Прычым нават тыя, у каго ні слыху няма, ні голасу. Так што даруйце, калі пачуеце гэтыя спевы ў эфіры. Лепшым знаўцам літаратуры сярод удзельнікаў нашай каманды была Тамара Суботка: яна памятала не толькі вядомыя песні, але і вершы беларускіх паэтаў. Тым не менш мы дакладна "затармазілі" на ўрыўку з паэмы "Курган" Янкі Купалы.
Прызнаюся: мы прайгралі, але ўсё ж ніхто не палічыў, што час змарнаваны. Хаця б таму, што ў падарунак ад тэлеканала "Беларусь 3" і выдавецтва "Беларусь" атрымалі вялізную кнігу "Традыцыйная мастацкая культура беларусаў". Вось пачытаем усе 1200 старонак - і будзем больш дасведчанымі. І тады зноў папросімся ў гульню "Размаўляем па-беларуску".

Ірына АСТАШКЕВІЧ.