Так i з'еў бы!

13.12.2013
"Звязда", 13 снежня 2013 г.


АТН накрые стол "у савецкiм стылi".
Што агульнага памiж рыжскiмi шпротамi i селядцом iвасi, "Савецкiм шампанскiм" i "Кiеўскiм" тортам, плаўленым сырком "Дружба", шакаладам "Алёнка" i марозiвам за 20 капеек? Усё гэта - харчовыя сiмвалы Савецкага Саюза, якiя займалi пачэснае месца ў святочным i паўсядзённым меню мiльёнаў грамадзян вялiкай краiны...
Потым гэтыя прадукты знiклi з прылаўкаў савецкiх гастраномаў, дый самi гастраномы не вытрымалi нашэсця супермаркетаў. Але настальгiя па "тым самым" смаку засталася. Узгадаць яго беларусам дапаможа праект Агенцтва тэленавiн "Лёс гiгантаў - 2" пад кодавай назвай "Гастраном".
Першы праект "Лёс гiгантаў" з поспехам прайшоў не толькi ў Беларусi, атрымаўшы па вынiках 2012 года Гран-пры ў прафесiйным конкурсе "Тэлевяршыня". Дакументальным цыклам гiсторый пра ўзлёт i падзенне найбуйнейшых прадпрыемстваў i марак СССР (Саратаўскi авiязавод, "Булгартытунь", "Уралмаш", "РАФ", матацыклы "Ява", аўтобусы "Iкарус" i шмат iншых) зацiкавiлiся i ў Расii, дзе шэраг рэгiянальных тэлеканалаў набыў правы на яго паказ.
- Мы доўга думалi, пра што яшчэ з савецкага мiнулага можна распавесцi. А тэма ляжала на паверхнi. Аднойчы нехта з маскоўскiх калег сказаў: "Якая смачная ў вас каўбаса - як савецкая!" - прыгадвае кiраўнiк АТН Кiрыл Казакоў. - Мы зачапiлiся за гэтую фразу i вырашылi зрабiць 10-серыйны цыкл пад агульнай назвай "Гастраном" - пра вядомыя калiсьцi прадуктовыя савецкiя брэнды i пра тое, што ад iх засталося цяпер.
Да пытання тэлевiзiёншчыкi падышлi грунтоўна: над праектам працавалi выключна аўтары, старэйшыя за 30 гадоў, хто сапраўды паспеў у дзяцiнстве зведаць смак "савецкiх" прадуктаў. А здымкi вялiся амаль паўгода на тэрыторыi некалькiх краiн - Расii, Беларусi, Украiны, Латвii i нават Германii, дзе, як высветлiлася, на аснове натуральнага рыслiнгу выраблялi сапраўднае "Савецкае шампанскае". Нямала намаганняў давялося прыкласцi i для таго, каб знайсцi для здымак аўтэнтычныя рэчы - напрыклад, вагi савецкага часу.
- Людзi дапытлiвыя, у прынцыпе, збольшага недзе чулi або чыталi пра ўсе гэтыя факты, - заўважае Кiрыл Казакоў, якi выступае ў якасцi вядучага "Лёсу гiгантаў - 2". - Але мы i не прэтэндуем на сенсацыйныя адкрыццi i не сцвярджаем, што вырабленыя па савецкiх рэцэптах прадукты - найсмачнейшыя ў свеце. Задумка была зусiм iншая: напярэдаднi Новага года сабраць гледачоў каля тэлевiзараў i "смачна", цiкава распавесцi пра ўлюбёныя прадукты з iх дзяцiнства цi маладосцi.
Навошта ў "Доктарскую" каўбасу дадавалi салетру, цi праўда, што шпроты ў бляшанку ўкладваюцца ўручную, якой "пароды" насамрэч селядзец iвасi i з кiм судзiлася ўжо дарослая гераiня шакаладкi "Алёнка"? Пра ўсё гэта i не толькi - у перадсвяточным меню ад АТН. Пачнецца тэлевiзiйная дэгустацыя з шампанскага, а завершыцца, як заведзена, дэсертам - "Кiеўскiм" тортам.

Калi: з 16 снежня па буднях.
Дзе: "Беларусь 1".

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.