Сёння стане вядома, хто прадставіць Беларусь на дзіцячым "Еўрабачанні"

26.08.2016

"Звязда"

Сёння стане вядома, хто прадставіць Беларусь на дзіцячым песенным конкурсе "Еўрабачанне-2016". Фінал нацыянальнага адбору ў форме гала-канцэрта адбудзецца ў Белтэлерадыёкампаніі і будзе транслявацца а 22 гадзіне ў прамым эфіры на тэлеканалах "Беларусь 1" і "Беларусь 24", а таксама на афіцыйным сайце холдынга tvr.by.

Нагадаем, па выніках папярэдняга праслухоўвання ў фінал адборачнага тура трапілі 8 юных артыстаў і 2 калектывы. За музычную пуцёўку на "Еўрабачанне" спаборнічаюць прадстаўнікі сталічнага рэгіёна (Алена Цітова, Юлія Мажылоўская, Стэфанія Сакалова, гурт "Нясумны ўзрост", Марыя Жыліна, Зінаіда Купрыяновіч і Аляксандр Мінёнак), Магілёўшчыны (Марыя Магільная і Вольга Канавалава) і Віцебшчыны (шоу-гурт "So-Nі-Ka"). Сяброўскую і творчую падтрымку канкурсанты атрымаюць ад леташняга беларускага ўдзельніка дзіцячага "Еўрабачання" Руслана Асланава, які адмыслова для канцэрта падрыхтаваў песню з рэпертуару славутага гурта "Aerosmіth". Акрамя таго, шанц паказаць сябе ў тэлеэфіры атрымалі некалькі ўдзельнікаў сёлетняга адбору, якія, хоць і не прайшлі ў фінал, але былі заўважаны і адзначаны прафесійным журы: Асоль Амброзяк, Паліна Русецкая, Аляксандра Лакціёнава, Беата Кабірава, Ігар Мураўкін, ансамбль "Заранак".

Хто з прэтэндэнтаў, акрамя безумоўнага таленту, артыстызму і прагі да перамогі, валодае яшчэ здольнасцю прыцягваць удачу і заваёўваць сэрцы публікі і суддзяў, даведаемся ўжо ўвечары.

Вікторыя ЗАХАРАВА.