Сярод прэтэндэнтаў на дзіцячае "Еўрабачанне" найбольш мінчан і магілёўцаў

16.06.2012
"Звязда", 16 июня 2012 г.


Прычым Міншчына лідзіравала яшчэ на адборачным этапе. З 54 заявак, што прыйшлі на адрас аргкамітэта рэспубліканскага дзіцячага конкурсу "Песня для Еўрабачання", амаль палова - 26! - з Мінска, яшчэ 3 - са сталічнай вобласці. З рэгіёнаў самай актыўнай была Магілёўшчына - 7 заявак. Затое ў фінальнай дзясятцы аказаліся ўсяго 3 удзельнікі з Мінска і ажно 3 - з Магілёва. Таксама прайшлі ў фінал конкурсу 3 прадстаўнікі Гомельскай вобласці (з Гомеля, Мазыра, Светлагорска) і 1 - сталічнай (з Маладзечна).
Сярод фіналістаў, акрамя сольных выканаўцаў, ёсць дуэт, трыа і ансамбль з 6 удзельнікаў:
Мінск - Канаплянік Антоній (11 гадоў), Жашко Ягор (12 гадоў), ансамбль "Заранак" (6 дзяцей ва ўзросце 10-12 гадоў);
Магілёў - Трубяцкая Ганна і Шушкоў Цімур (13 гадоў), Круглік Ірына (11 гадоў), Шапялевіч Валерыя (13 гадоў);
Гомель - Прахарэнка Таццяна (13 гадоў), Мазыр - Атрошчанка Юлія (13 гадоў), Светлагорск - трыа "Дзеці сонца" (13-15 гадоў), Маладзечна - Атрашэнка Дар'я (11 гадоў).
- Наколькі цяжка было выбіраць гэтых дзесяцярых з больш як паўсотні? - пацікавілася "Звязда" ў нязменнага куратара адбораў на дзіцячае "Еўрабачанне", выканаўчага прадзюсара тэлеканала "Беларусь-2" Людмілы Барадзіной.
- У адпаведнасці з палажэннем конкурсу, спачатку прафесійнае журы з 8 чалавек (у яго ўвайшлі прадстаўнікі міністэрстваў культуры і адукацыі, тэле- і радыёканалаў, вядомыя выканаўцы) на чале з народным артыстам Беларусі, кампазітарам Эдуардам Зарыцкім адслухала абсалютна ўсе дасланыя "плюсавыя" кампазіцыі і адабрала 13 канкурсантаў для жывога праслухоўвання пад "мінусавыя" фанаграмы. З гэтых 13 у фінал прайшлі 10. Агульнае ўражанне, якое ў нас склалася пасля праслухоўвання, - што дзяцей, моцных у вакальным плане, больш, чым добрых песень. Прасочваўся, на жаль, і негатыўны ўплыў дарослых - аўтараў, кампазітараў, аранжыроўшчыкаў - у тым сэнсе, што некаторыя песні былі больш дарослымі за свайго выканаўцу, ці, наадварот, занадта просценькімі для артыста. Але ўсе гэтыя заўвагі і парады журы ўжо выказала канкурсантам, педагогам і бацькам. Цяпер у іх ёсць цэлае лета для "дамашняга задання". У верасні на фінальным канцэрце пачуем і ўбачым, што атрымалася.
Вераснёўскі фінальны канцэрт "Песні для Еўрабачання" будзе транслявацца ў прамым эфіры канала "Беларусь 1". Пераможцу рэспубліканскага конкурсу - і, адпаведна, прадстаўніка Беларусі на дзіцячым "Еўрабачанні-2012" - абяруць сумесна тэлегледачы і прафесійнае журы.
Сам жа міжнародны дзіцячы песенны конкурс, нагадаем, пройдзе ў снежні гэтага года ў Амстэрдаме (Нідэрланды).

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.