Сяргей Макарэй: "Праграму i гледачоў аб'ядноўваюць блогi"

25.10.2013
"Звязда", 25 кастрычніка 2013 г.


У эфiры тэлеканала "Беларусь 3" ужо месяц вядзецца дыялог на самыя актуальныя тэмы ў сацыякультурным праекце "Дыя@блог". Адметны ён перш за ўсё тым, што асноўным каналам зносiн з аўдыторыяй з'яўляюцца блогi вядучых. З iх кожны ахвотны можа даведацца пра анонсы будучага эфiру, выказаць сваю пазiцыю па надзённых тэмах, а таксама задаць пытаннi i, галоўнае, атрымаць на iх адказы. Праграма "Дыя@блог" запрашае з панядзелка па чацвер у 10.25 i ў 22.05. Па панядзелках Навум Гальпяровiч вядзе тэматычны блок "Пра мову", дзе абмяркоўваецца яе роля i месца ў сучасным грамадстве. У аўторак Таццяна Сiвец i Стэла Чыркова гавораць "Пра лiтаратуру", ацэньваючы яе з ракурсу падзей сённяшняга жыцця. У сераду Сяргей Макарэй знаёмiць з дзеячамi культуры i мастацтва, абмяркоўваючы з iмi культурныя падзеi жыцця краiны. А ў чацвер ёсць магчымасць пагаварыць пра сучаснае ўспрыманне суадносiн духоўных запаведзяў i жыццёвых каштоўнасцяў у кампанii Аляксандра Цярэшчанкi - у блоку "Пра вечнае". На пытаннi пра ўзнiкненне праекта, яго "першыя крокi" i будучыню нам расказаў намеснiк галоўнага дырэктара канала Сяргей Макарэй.

- Раскажыце, як i калi ўзнiкла iдэя "Дыя@блогаў"?
- Тэлеканал "Беларусь 3" адкрыўся 8 лютага гэтага года. Падзеi папярэднiчала вялiкая работа, бо трэба было пачынаць з нуля. Безумоўна, нам, як i любому тэлеканалу, хочацца ствараць свой уласны прадукт. У нас ёсць матэрыял, зняты Белтэлерадыёкампанiяй, працы беларускiх кiнематаграфiстаў. Iснуюць розныя ток-шоу, дзе многа вядучых i ўздымаюцца розныя тэмы, а вось праграм, у якiх прысутнiчае простая размова ў студыi, сапраўды мала. Было адчуванне, што цi мы развучылiся працаваць у такiм фармаце, цi, можа, патрэбы сёння iншыя. На глебе такiх назiранняў i разваг з'явiўся гэты праект.

- Чаму вы абралi фармат iнтэрактыўнага дыялогу праз блогi?
- Галоўная iдэя была ў тым, што праграма дае магчымасць абмяркоўваць пэўныя пытаннi культурнага жыцця ў студыi. I iнтэрактыў, якi дазваляе падтрымлiваць зваротную сувязь з аўдыторыяй, безумоўна, плюс. Нехта выкарыстоўвае для гэтага тэлефоны ў прамым эфiры, смс-паведамленнi, а мы пайшлi iншым шляхам - вядзенне блогаў. Наш канал, магчыма, цiкавы больш сталаму пакаленню, але, калi хочацца разлiчваць на ўвагу сённяшняй моладзi, то трэба ўлiчваць, што яна "сядзiць" у iнтэрнэце. Таму мы вырашылi, што якраз такая зваротная сувязь дапаможа неяк разварушыць патэнцыяльную аўдыторыю.

- Значыцца адна з мэт - вярнуць iнтэрнэт-карыстальнiкаў да тэлевiзара?
- Сёння праграма выходзiць у эфiр чатыры разы на тыдзень. Мы размаўляем пра лiтаратуру, пра мову, пра прыгожае i вечнае. Кожны вядучы вядзе блог, дзе мае магчымасць выказвацца. У адказ на гэта людзi пiшуць свае каментарыi. Калi тэма эфiру загадзя заяўляецца ў блогу, то можна пакiдаць свае пытаннi. З аднаго боку, так мы заахвочваем аўдыторыю глядзець праграму, каб пачуць адказы на свае пытаннi ў эфiры. Але сёння для таго, каб атрымаць адказ, ужо неабавязкова ўключаць тэлевiзар. Яго можна i ў iнтэрнэце знайсцi. Калi ўзяць, напрыклад, моладзь, то яна можа i не глядзець нiчога, а проста хоча выказацца. Iншая справа, што iнтэрнэт - тая пляцоўка, дзе чалавек у пэўнай ступенi вольны ў сваiх выказваннях, таму рэакцыя аўдыторыi больш шчырая, а гэта важна.

- Праграма працуе ў чатырох напрамках. Якi з iх найбольш цiкавы для аўдыторыi?
- Самая цiкавая праграма сёння, мабыць, у Аляксандра Цярэшчанкi "Дыя@блог. Пра вечнае", бо там сапраўды ўздымаюцца тэмы, якiя закранаюць многiх. А, напрыклад, у "Дыя@блогах. Пра лiтаратуру" ў нашых лiтаратараў ёсць магчымасць расказваць i заяўляць пра сябе. Дзялiцца сваiмi думкамi i адказваць на пытаннi чытачоў. Кожны з нашых вядучых скрупулёзна працуе над выбарам тэм: хочацца ж, каб прысутнiчала сутыкненне думак i не знiкаў iнтарэс у гледача.

- Цi паступiлi ад гледачоў за час iснавання праекта ў эфiры нейкiя прапановы, крытыка?
- Безумоўна. Манiторынгу пакуль што не праводзiў. З уласных праграм, якiя сёння ёсць на канале, "Дыя@блог" мае сваю адметнасць, бо прысутнiчае палярнасць думак, пэўны "тэматычны нерв", але, магчыма, праграма па-беларуску спакойная, таму што ў нас не крычаць адно на аднаго i не вылiваюць каву. Можа камусьцi гэтага i не хапае. Але ёсць тэмы для абмеркавання i прысутнiчае iнтэрактыў, якi аб'ядноўвае праграму з гледачамi. Што датычыцца, напрыклад, майго кiрунку праграмы - "Дыя@блог. Пра прыгожае", то тут вельмi шырокае поле для дзейнасцi. Аднак, у адрозненне ад той жа праграмы пра лiтаратуру, дзе госцi залежаць ад тэмы, я яе выбiраю ў залежнасцi ад самiх герояў праграмы. Тэм i праблем хапае ў любой сферы, i iх трэба агучваць.

- Што яшчэ ў планах зрабiць у рамках праекта?
- "Дыя@блог" дае магчымасць аператыўна рэагаваць на тыя цi iншыя падзеi ў культурным жыццi: тычыцца гэта выхаду новай кнiгi цi адкрыцця чарговага тэатральнага сезона... Мы арыентуем гледача i ў той жа час прыслухоўваемся да яго. У Навума Гальпяровiча людзi самi прапаноўваюць тэмы, а ў яго яна самая складаная - пра мову. У планах зрабiць многае. Сёння, напрыклад, шмат беларускiх акцёраў здымаецца ў расiйскiх серыялах, а некаторыя нават не ведаюць пра тое, што яны беларускiя. Я за тое, каб паказваць сваiх, бо ў нас ёсць кiм ганарыцца.

Алена ДРАПКО.

P.S. Сацыякультурны праект "Дыя@блог" тэлеканала "Беларусь 3" адзначаны ўзнагародай Мiнiстэрства iнфармацыi Рэспублiкi Беларусь i Саюза яўрэйскiх грамадскiх аб'яднанняў за актыўны ўдзел у асвятленнi тэмы Халакоста. Дыплом у намiнацыi "Пасведчаннi, застаньцеся назаўсёды" праект атрымаў за тэматычны выпуск "Дыя@блог. Пра вечнае" Аляксандра Цярэшчанкi.