Сямейны альбом у кантэксце "Эпохі"

28.01.2012
"Культура", 28 января 2012 г.


Прэм'ера дакументальнага тэлепраекта, прысвечанага постаці знакамітага беларускага мастака Напалеона Орды, адбудзецца на пачатку наступнага тыдня ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1".
Цыкл фільмаў падрыхтаваны ў рамках аўтарскага дакументальнага праекта Алега Лукашэвіча "Эпоха", дзе падрабязна прадстаўлена жыццё і творчасць славутага творцы - не толькі вядомага мастака, але і выбітнага музыканта, піяніста, кампазітара, пісьменніка, педагога, архітэктара, публіцыста і вучонага.
Як паведаміў у размове з карэспандэнтам "К" Алег Лукашэвіч, здымачная група Белтэлерадыёкампаніі працавала над праектам цягам двух гадоў як на радзіме творцы, у Беларусі, так і ў Польшчы ды Францыі - мясцінах, што непасрэдна звязаны з жыццём і дзейнасцю Орды, 205 гадоў з дня нараджэння якога адзначаецца сёлета. У час працэсу падрыхтоўкі дакументальнай стужкі, па словах яе стваральніка, было знойдзена шмат цікавых фактаў, у тым ліку атрыманых ад прамых нашчадкаў Напалеона Орды, якія жывуць у Францыі. Тэлежурналісты пазнаёміліся з арыгінальнымі фотаздымкамі, дакументамі, асабістымі рэчамі, што захоўваліся ў сямейным архіве і да гэтага часу не былі шырока вядомыя. У прыватнасці, гледачы ўбачаць кадры з сапраўднага рарытэта - сямейнага альбома Напалеона Орды, драўляную вокладку якога выразаў сам мастак. Акрамя таго, у цыкле фільмаў будуць прадстаўлены пасведчанні аб заканчэнні гімназіі ў Свіслачы, а таксама - аб залічэнні васямнаццацігадовага Напалеона студэнтам Віленскага ўніверсітэта, датаванае 7 кастрычніка 1823-га. Каштоўны таксама і знойдзены тастамент Напалеона Орды, які быў складзены 20 красавіка 1883 года ў Варшаве.
Варта адзначыць, што аматараў айчыннай гісторыі чакае працяг арыгінальных праектаў Алега Лукашэвіча. Так, бліжэйшым часам здымачная група Белтэлерадыкампаніі плануе завяршыць працу над дакументальнай стужкай, прысвечанай славутаму роду Радзівілаў.