Сям'я Жукавых падчас пешай вандроўкі наведае 28 краін за 888 дзён

11.03.2016

"Звязда"

Унікальны экалагічны праект задумала рэалізаваць сям'я Жукавых з Віцебска, якая збіраецца падчас пешай вандроўкі наведаць 28 краін за 888 дзён. Эксклюзіўныя аўдыядзённікі вандроўнікаў будуць выходзіць у эфіры міжнароднага радыё "Беларусь", якое выступае інфармацыйным партнёрам.

20 сакавіка стартавай кропкай "Жукоў, што ідуць" стане сталіца Японіі - Токіа. Цяпер Аляксандр і Алена распрацоўваюць маршрут вандроўкі, якая па іх падліках завершыцца 24 жніўня 2018 года на знакамітым Басфорскім мосце, дзе аб'ядноўваюцца еўрапейская і азіяцкая часткі Стамбула. Мэта праекта "Жукі, што ідуць" - свабодная камунікацыя з людзьмі розных нацыянальнасцяў, культур і рэлігій, абмен вопытам у сферы экалогіі, аховы здароўя, інавацыйных тэхналогій. Падарожжа пешшу і здаровы лад жыцця ўдзельнікаў робяць праект па-сапраўднаму экалагічным. А дзякуючы аўдыядзённікам у эфіры міжнароднага радыё пабываць у нязведаных і цікавых куточках планеты ў кампаніі герояў праекта змогуць усе слухачы радыё "Беларусь".

"Мы падрыхтавалі для нашых вандроўнікаў спецыяльны абярэг "Купалінка", які абавязкова прынясе ім удачу. У сваю чаргу, Жукавы паабяцалі, што флаг з эмблемай міжнароднага радыё "Беларусь" пабывае ва ўсіх 28 краінах, якія яны наведаюць", - расказвае загадчык аддзела інфармацыйных, грамадска-палітычных і сацыяльна-эканамічных праграм радыё "Беларусь" Павел Лазовік.

За перамяшчэннямі падарожнікаў можна будзе назіраць па віртуальнай скрэтч-карце на афіцыйным сайце радыё "Беларусь" www.radіobelarus.tvr.by. Аляксандр і Алена таксама будуць весці блог і дзяліцца ўражаннямі і эксклюзіўнымі фотаздымкамі.

Алена ДРАПКО.