"Сяброўскі" юбілей без межаў

12.12.2003
"Звязда", 12 снежня 2003 г.


Сёння ў Палацы Рэспублікі пройдзе канцэрт, прысвечаны 30-годдзю ансамбля "Сябры". Аднак, справядліва заўважыў мастацкі кіраўнік ансамбля Анатоль Ярмоленка, гэта будзе не справаздачнае падвядзенне вынікаў, а - запрашэнне сяброў "Сяброў" на творчую вечарыну. Акрамя папулярных песень, можна сказаць, былых і цяперашніх шлягераў, абяцаюцца прэм'еры. Чакаюць прыезду гасцей з Расіі - аднак іх імёны беларускія музыканты пералічваць катэгарычна адмовіліся, вельмі слушна заўважыўшы, што гэта - IX свята, і беларускіх прыхільнікаў запрашаюць не на эстрадных "зорак" з блізкага замежжа, а менавіта на "Сяброў".
"Сябры - гэта калектыў, на творчасці якога выхоўвалася і расла нацыя, - адзначыў генеральны прадзюсар Першага нацыянальнага тэлеканала Уладзімір Максімкаў. - I гэты канцэрт, у арганізацыі якога ўзялі ўдзел Нацыянальная тэлерадыёкампанія, а таксама прадзюсарскія цэнтры Масквы і Мінска, можна разглядаць як першы крок да вялікага сумеснага праекта, які будзе трансліравацца не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і за яе межамі". Сённяшні канцэрт, дарэчы, кожны жадаючы зможа паглядзець у запісе ў эфіры БТ напярэдадні Новага года. А на 5 мая наступнага года ўжо запланавана вялізная канцэртная праграма "Сяброў" у Крамлёўскім палацы, тэлеверсію гэтага канцэрта будзе трансліраваць ужо расійскае тэлебачанне. Запланаваны грандыёзны тур беларускага ансамбля па сталіцах краін СНД, беларускіх і расійскіх гарадах - усяго больш як 50 канцэртаў.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.