Святлана Мятлева (Беларускае радыё): "Віншавальны эфір - лекі для душы"

16.08.2014
"Сельская газета", 16 августа 2014 г.

 
Сёння ў гасцях у "ТэлеРадыёТыдня "СГ" вядучая праектаў "Вітаем, віншуем, жадаем!", "СМС-эфір", "Пасля поўначы", "Армейская пошта" і "Бонус" на Беларускім радыё.
- Нарадзілася я ў Сібіры, - пачала свой аповед Святлана, - недалёка ад возера Байкал. Але ў раннім дзяцінстве мяне прывезлі ў Беларусь. Вырасла ў вёсцы Вяляцічы Барысаўскага раёна, планую наведаць тыя мясціны, дзе бацькі падарылі мне жыццё. Памятую, марыла стаць настаўніцай рускай мовы і літаратуры, хаця яшчэ ў школе добра ведала беларускую мову і літаратуру. Памятаю з дзяцінства, як у шэсць гадзін раніцы па радыё гучаў гімн. З ім звязана многае: дарослыя прачыналіся, кармілі хатнюю жывёлу, збіраліся на працу, а потым і нас, дзяцей, будзілі, каб мы ішлі ў школу...
У вёсцы радыё - рэч вельмі папулярная: няма калі вяскоўцам глядзець тэлевізар, хіба толькі вечарам. Некалі радыё з задавальненнем слухалі і малыя, і старыя. Там і важныя навіны, і папулярныя мелодыі, і гутаркі з цікавымі людзьмі.

- Святлана, а сёння цягне вас у вёску?
- Вядома. Шкадую, што ў свой час не падумалі пра дачу, а бабулін дом ужо ў іншых руках, таму ёсць мара купіць у вёсцы хату. Для мяне бабуля засталася найдабрэйшым і наймудрэйшым чалавекам у свеце (яе напрацаваныя рукі ніколі не забуду), вельмі яе любіла і была выдатнай памочніцай: вады прынесці, карову падаіць, на двары прыбрацца... Нават, як тады казалі, "у салому хадзілі" з бабуляй: у тыя гады калгаснікам забаранялі збіраць на полі салому, стагі стаялі да вясны, пакуль не згніюць. А людзям для гаспадаркі яе не хапала, таму ўсе хадзілі "пазычаць" (смяецца).
Напэўна, вёска і загартавала характар: цяжкасці і зараз не пужаюць. А было і шмат прыемнага: рака адразу за агародам, поле, водар вясенніх садоў, восеньская антонаўка, лес недалёка - усё тваё! Адзін паход за навагодняй елкай - цэлая з'ява! За дрэвам хадзілі з малодшай цётачкай Тамарай, якую ўсе называлі "артыстка", яна была ў нас душой кампаніі - магчыма, нешта я ўзяла і ад яе. Другая цётачка была галоўным металургам на адным з буйных прадпрыемстваў Барысава, навучыла мяне быць адказнай за свае ўчынкі і словы, а трэцяя - Ніна - падарыла навыкі гаспадыні: дзякуючы ёй я заўсёды ўмела шыць, вязаць ды гатаваць.
Наогул, сям'я ў нас была немалая і вельмі дружная, зараз, на жаль, стала меньшай. Між іншым, памятаю: першы тэлевізар у пасёлку з'явіўся менавіта ў нашай хаце. У нас збіраліся суседзі, аднавяскоўцы - ну, проста як у стужцы Мікіты Міхалкова "Пяць вечароў": прыходзілі са сваімі крэсламі дзеці і дарослыя, глядзелі свае любімыя перадачы, фігурнае катанне...

- Як вы трапілі на радыё?
- Выпадкова, бо ніколі не марыла быць журналістам, але, як кажуць, нічога выпадковага ў жыцці няма... Тады кіраўніком музычнай рэдакцыі працавала выдатны спецыяліст і мудрая жанчына Зоя Лявонцьеўна Урублеўская - ёй мяне і парэкамендавалі. Я ўжо вучылася ва ўніверсітэце, у мяне і дачушка была... І вось прыйшла на радыё, Зоя Лявонцьеўна дала паглядзець, як ствараюцца радыёпраграмы, папрасіла падрыхтаваць сваю. Мой варыянт ёй спадабаўся, і мяне адразу ўзялі на канал "Радыё 2", цяпер гэта канал "Культура".
Спачатку было вельмі страшна ў эфіры. Мяне паслухалі і сказалі: "Тэмперамент ёсць, але голас белы (гэта значыць, высокі), трэба займацца". Тыдні два-тры я з такім голасам працавала, а страціла яго раптам. Гэта было вясной: гадзіннікі пераводзілі на летні час, а я пра гэта ўспомніла толькі па дарозе на працу. Ляцела, як ракета! Адразу ў студыю і - да мікрафону, не было калі баяцца, таму і голас быў натуральны. А потым мне сказалі: "У нас тут так: цябе кінуць, як у ваду кацяня. Выплывеш - зможаш працаваць. Не - значыць, прыйдзецца шукаць іншае месца". На радыё працую ўжо 17 гадоў.

- У вас некалькі праектаў...
- За мінулыя гады можна налічыць шмат цікавых праграм. У ранішнім праекце "Будзем разам" працавалі з Аляксандрам Аўчыннікавым, у сямейным "Для тых, хто дома" - з Віктарам Шулешкам. Было шмат званкоў і СМС, здаралася, спрэчкі разгараліся ў эфіры. Было нямала тэм пра дзяцей: і здаровых, і з абмежаванымі магчымасцямі. Памятаю, у прамым эфіры - прадстаўнікі сацыяльнай службы. І вось пазваніла адна бабуля і ўзрушана сказала: "Ну што вы тут нас угаворваеце вучыць інвалідаў?! У нас унучка хварэе, і навошта мы з ёй будзем займацца, калі яна пасля эпілепсічнага прыступу ўсё зноў забудзе?! Яна - расліна!"
А ўслед новы званок ад маладой жанчыны: "Нас яшчэ ў раддоме ўгаворвалі адмовіцца ад сына, маўляў, ён не будзе ні чытаць, ні пісаць, ні размаўляць, яго трэба здаць у спецыяльную школу. А пакінулі яго ў сям'і, самі сталі з ім займацца. Зараз ён і чытае, і піша, і размаўляе, а мы нарадавацца не можам!" І расплакалася ў эфіры. Потым было столькі меркаванняў...
Думаю, што радыёэфір - гэта не толькі інфармацыя, музыка, прагноз надвор'я. Часам гэта экстрэмальная сітуацыя, якая дапамагае чалавеку раскрыць сябе, свае пачуцці, падагрэць эмоцыі, а галоўнае - зразумець іншага чалавека. Магчыма, і тая бабуля, якая патэлефанавала першай, задумалася: а можа, і наша ўнучка некалі будзе і чытаць, і пісаць, і бегаць?

- Самыя папулярныя вашы праграмы?
- Віншавальныя. Папулярныя - вячэрняя праграма "Вітаем, віншуем, жадаем!", дзённая праграма і вячэрні выпуск "СМС-эфір". А па нядзелях ідзе "Армейская пошта". Можна сказаць, што крыху адпачыла ад сур'ёзных праектаў, і зараз мне б хацелася зноў рабіць тэматычную перадачу, напрыклад, "Школьная пара".
Між іншым, у бягучым сезоне выйшаў у эфір новы праект "Бонус", пачынаецца ў 18.05 і заканчваецца ў 19.00 - для аўтааматараў, для тых, хто слухае нас па прыёмніках. Выйдзе праект і ў новым сезоне. Там будзе яшчэ больш цікавай інфармацыі, у тым ліку і для аўтамабілістаў, прагноз надвор'я, а госці - вядомыя людзі краіны. Гэта і артысты, і паэты, і кампазітары, і навукоўцы. Яны будуць выказвацца па пытаннях, якія ва ўсе вякі хвалююць людзей.
Хачу дадаць, што я - чалавек вельмі вясёлы і жыццярадасны, аптымістка. І як казаў Лопе дэ Вега: "Хто мала бачыў, многа плача". Паколькі я "пабачыла" нямала, то плакаць больш не хачу. Я ўпэўнена, што добрым настроем можна разагнаць усе нягоды, таму мне падабаюцца аптымістычныя праекты. У мяне было іх шмат: "36.6" - пра здаровы лад жыцця, "Пілігрым" - пра падарожжы, "Нашы дзеці" і "Чалавек-экстрым" - назвы гавораць самі за сябе.
Вельмі люблю праграму "Вітаем, віншуем, жадаем!" Баліць галава, душа, нешта здарылася - вядома, выходзіць у эфір і радавацца нялёгка, але садзішся да мікрафону - і як рукой здымае. Недарэмна кажуць: добрае слова, як малітва, а малітва дапамагае. Думаю, што і мае калегі Віктар Шулешка, Павел Лазовік, Аляксандр Аўчыннікаў, Святлана Колмак, Таццяна Гулейка пагодзяцца: віншавальная праграма - найлепшыя лекі і для тых, хто віншуе, і для тых, каго віншуюць, і для тых, хто проста слухае, як віншуюць іншых.
"Вітаем, віншуем, жадаем!" - гэта праграма пра нас, пра наша жыццё. Мы атрымліваем звычайныя паштоўкі і пісьмы, у нас ёсць электронны адрас, прымаем СМС у прамым эфіры, і ў кожным прывітанні - пачуцці, чалавечы лёс. Пошта ў нас заўсёды багатая, а ў святочныя дні праграма звычайна выходзіць у падоўжаным выглядзе - замест гадзіны яна ідзе дзве альбо тры. Бывала такое, што і Новы год сустракалі з усёй краінай, і СМС былі роўна ў нуль-нуль. Магу дакладна сказаць, што ні на адной радыёхвалі няма такога наплыву паштовак (іх наогул, па-мойму, нідзе не прымаюць), электронных пісем і СМС. Атрымліваем лісты з Усходу, Амерыкі, Еўропы і, вядома, з усіх краін былога Савецкага Саюза, асабліва, з Расіі, Украіны, Казахстана і краін Прыбалтыкі. Нашы землякі, якія жывуць там, віншуюць бацькоў і родных у Беларусі - вось так наша праграма яднае цэлыя краіны.

- Святлана, а ці лёгка трапіць працаваць на радыё?
- Нічога асаблівага не трэба: талент і працаздольнасць. Галоўнае, каб часу хапала, бо кажуць: працаголікі - самы непрадуктыўны народ (смяецца). Памятаю, калі кіраўніком нашага праекта была Валянціна Мікалаеўна Давыдава, прыйшоў да нас Павел Лазовік і сказаў: "Хачу ў вас працаваць". - "Давай, паспрабуй", - адказала Валянціна. Гэтак жа і я калісьці прыйшла. А калектыў у нас выдатны! У нашым "Доме радыё" мы - як адна сям'я. Дарэчы, і сапраўды, многія з нас атрымалі кватэры ў адным доме, ёсць сямейныя пары, калегі - хросныя бацькі нашых дзяцей. Парадніліся.

- Мабыць, назбіралі розных гісторый падчас эфіраў?
- Даўно ўжо было, але мы гэтае вясёлае віншаванне запомнілі. Дзеці пісалі пра сваю матулю: "Акрамя таго, што наша матулечка мудрая і ласкавая, яна яшчэ вельмі смелая. Калі ў нас быў пажар, то яна стала выносіць мэблю з дому і вынесла тэлевізар. Мы жадаем ёй моцнага здароўя, няхай яшчэ доўга гарыць агенчык у вокнах яе дома" (смяецца).
Бывае, што ў эфіры жанчыну віншуе сям'я: муж, дзеці, унукі, але ў яе ж адрас прыходзіць паштоўка і ад іншага мужчыны, а ён яшчэ такія ласкавыя слоўцы піша, што мы не ведаем, што рабіць. Аднойчы нават і пабаяліся даваць два віншаванні - падумалі, раптам сям'я разбурыцца. Такія ж віншаванні бываюць у адрас аднаго мужчыны - пішуць жонка і палюбоўніца...
Ну а самыя кранальныя паштоўкі, вядома, прыходзяць у адрас матуль і бабуль: пакуль друкуеш пісьмо, бывае, і заплачаш. Неяк віншавалі жанчыну, ёй - за дзевяноста. Сваіх дзяцей няма, але яна вырасціла пляменнікаў, таму што браты і сёстры загінулі падчас вайны. І яны пішуць: "Наша мамачка (а мы называем цётачку менавіта так) зрабіла для нас усё, што толькі змагла. І мы разам збіраемся ў яе доме як у роднай матулечкі, вельмі яе любім, цалуем яе працавітыя ручкі, дзякуем Богу за тое, што ён падарыў нам такога мудрага і добрага чалавека!" А да віншаванняў далучылася і яшчэ адна вялікая сям'я: падчас вайны, калі немцы вывозілі альбо растрэльвалі яўрэяў, рызыкуючы жыццём, гэта бабуля, тады яшчэ маладая жанчына, хавала іх у падвале сваёй хаты. Так яны засталіся жывыя.
Нямала віншаванняў у адрас мужных людзей, якія змагаюцца з хваробай, блізкія стараюцца іх падтрымаць. Альбо, напрыклад, былі віншаванні ў адрас чалавека, у якога няма ног, але які не страціў аптымізму, любові да людзей і жыцця. "Яго любіць уся вёска, - пісалі блізкія, - бо ён - цудоўны, жыццярадасны чалавек, майстар на ўсе рукі, свае вырабы дорыць аднавяскоўцам, кожнаму дасць мудрую параду, кожнага падтрымае".

- Вас, мабыць, слухачы пазнаюць па голасе?
- Пазнаюць. Зусім нядаўна заходзіла ў госці да сяброўкі: падымаюся па лесвіцы, а насустрач - жанчына. Нешта ў мяне запыталася, я адказала. "Вы - Святлана Мятлева? - здзівілася яна. - Я вас па голасе пазнала". Бывае, што і ў краме пазнаюць, і нават у аўтобусе. Я стараюся маўчаць, хаця мне вельмі цяжка гэта рабіць, гэта ж мая прафесія - размаўляць. Як сказаў знакаміты Іван Ургант: "Ёсць думка, што ў жыцці мы не такія вясёлыя, як у эфіры, нават зануды, але са мной усё наадварот, мяне і дома не заткнуць". Напэўна, так і з намі, радыйшчыкамі.

- На ваш погляд, якім павінна быць сучаснае радыё?
- За вокнамі XXI стагоддзе, прыходзяць новыя тэхналогіі, і радыё таксама павінна адпавядаць. Зараз нават 75-гадовыя карыстаюцца мабільнай сувяззю, Інтэрнэтам. Таму трэба, каб чалавек ля мікрафона валодаў ведамі, вопытам, каб ён, па магчымасці, мог даць адказы на пытанні, якія хвалююць слухачоў. Хаця, з іншага боку, у XXI стагоддзі нас хвалюе тое, што і да народжання Хрыстовага. Чалавек ля мікрафона не павінен быць пустым - гэта галоўнае.

- Правадное радыё ў вёсках адыходзіць. Што вы думаеце аб гэтым?
- Мы атрымліваем нямала пісем і СМС. Вяскоўцы вельмі шкадуць, што адключылі іх радыё, што многія ўжо зараз не могуць слухаць любімыя перадачы. Мы ім адказваем: нешта новае прыходзіць у наша жыццё, не будзе правадной сеткі, будуць радыёпрыёмнікі, і мы зноў будзем разам. Але разумеем, што не ўсе змогуць знайсці замену, многія людзі сталага ўзросту засталіся адны - хто ім купіць прыёмнік? А калі яго не будзе, то дзе яны змогуць пачуць песні сваёй маладосці? Першы нацыянальны канал Беларускага радыё - унікальная хваля, тут ёсць музыка для ўсіх пакаленняў і на любы густ. Усё ж будзем спадзявацца, што, як і раней, добрыя словы і прыгожыя мелодыі знойдуць сваіх адрасатаў і падораць ім святочны настрой.

- Святлана, а ці ёсць у вас нейкія захапленні, акрамя працы?
- Раней, калі дачушка была маленькая, я любіла шыць і вязаць. Рабіла гэта для яе, для мужа, сясцёр. Усяму, што ўмею, навучыла і дачку. Але пазней займацца рукадзеллем не было калі. Таму маім захапленнем на доўгія гады стала менавіта радыё, любімым месцам - студыя і мікрафон. Працы было багата: адзін эфір, напрыклад, завяршаўся ў гадзіну ночы, а наступны пачынаўся з шасці раніцы.
Аднойчы дачка ў школьным сачыненні напісала: "Мая мама ўстае рана і ідзе на працу. Там яна працуе, працуе, працуе, працуе, працуе (гэта слова было паўторана ў сачыненні разоў 20), потым прыходзіць дадому і кладзецца стомленая спаць". А калі падрасла, яна мне сказала: "Мама, дзякуй табе вялікі за прыклад. Калі б не ты, я б так і не зразумела, што дабіцца нечага ў жыцці дапамагаюць мэтанакіраванасць і працаздольнасць". Дзякуючы ім, дарэчы, мы атрымалі новую кватэру, і на нейкі час маім хобі стаў рамонт. Гэта вельмі цікава - рабіць свой дом утульным і прыгожым. Як нехта сказаў: "А счастье - это купить обои, обзавестись семьей, запастись терпением. А счастье - это когда на кухне двое пьют чай и мажут на хлеб варенье..." Мне здаецца, што для любога человека галоўным хобі ў жыцці павінна быць сям'я, блізкія людзі. Мне хочацца, каб яны былі шчаслівыя. Калі я магу нечым дапамагчы, зраблю гэта з радасцю.
А так вельмі люблю падарожнічаць, была ў многіх гарадах краін былога Савецкага Саюза, люблю паездзіць па розных мясцінах Беларусі. Люблю аўтамабіль, можна сказаць, што і ён - маё хобі. Нехта сказаў, што каб жыць і радавацца, трэба рабіць дзве рэчы: па-першае - жыць, па-другое - радавацца. Мне здаецца, што я гэта ўмею.

- Дзякуй за цікавую сустрэчу! Усяго самага добрага!

Вера ГНІЛАЗУБ, "СГ".