Святлана БАРОЎСКАЯ: "Сапраўды, адчуваю: я - за мужам…"

15.05.2015

"Звяда"

Калі б хтосьці вырашыў скласці рэйтынг самых прыгожых жанчын Беларусі, несумненна, адной з першых там была б тэлевядучая Святлана Бароўская. Прыгожая, разумная, энергічная, яна валодае велізарнай сілай магнетызму і абаяльнасці. У яе заўсёды выгляд паспяховага чалавека. Яна ўвесь час усміхаецца. У адных гэта выклікае захапленне, у іншых - зайздрасць. Многія ўпэўнены, што сваім поспехам Святлана абавязана мужу, знакамітаму кінаакцёру Анатолію Кацянёву. Журналісты неаднойчы называлі іх самымі прыгожымі мужам і жонкай у Беларусі.

Муж у Святланы, і сапраўды, мара жанчын. І ў прамым, і ў пераносным сэнсе. У сярэдзіне 1980-х гадоў на тэлеэкраны выйшаў ваенна-прыгодніцкі серыял "Сакрэтны фарватар" - і выканаўца галоўнай ролі, Анатоль Кацянёў, адразу ж стаў сапраўднай зоркай. Па ім уздыхалі тысячы дзяўчат ва ўсіх канцах былога Савецкага Саюза. А ён неўзабаве ажаніўся з маладзенькай студэнткай Мінскага тэатральнага інстытута, і вось ужо больш за чвэрць стагоддзя яны разам.

Папулярная вядучая тэлеканала "Беларусь 1" расказвае пра сябе, свайго мужа і сям’ю:

- Я выйшла замуж вельмі рана - на другім курсе інстытута. Да таго часу ў мяне было ўжо дастаткова прапаноў рукі і сэрца. І я зразумела, чаму выбрала менавіта Толю: таму што якраз ён мяне замуж і не клікаў… Мусіць, вельмі добра ведаў пушкінскага "Яўгена Анегіна": "Чем меньше женщину мы любим, тем легче нравимся мы ей…"

Калі я паступіла ў тэатральны інстытут, мы па студэнцкіх білетах хадзілі на многія спектаклі. І ў тэатр кінаакцёра таксама. Дарэчы, ён лічыўся ў нас, у інстытуце, тэатрам жаніхоў. У некаторых нашых дзяўчат былі раманы з яго акцёрамі. І ў мяне тады быў кавалер, які і прывёў туды…

Дык вось Толя потым расказваў, што калі я прыходзіла ў іх тэатр, ён гаварыў: "Якая ў гэтага акцёра прыгожая дзяўчына!" А ў мяне тады былі вельмі доўгія валасы. Ён успамінаў: "Ты хадзіла з та-а-акімі валасамі!.. Такая была прыгожая, дзёрзкая правінцыялка!" - "Ну, так, - кажу, - я была дзёрзкай правінцыялкай. Што тут такога?.. Чытайце класікаў: "Найлепшыя жанчыны нараджаюцца ў правінцыі".

А потым мы з ім сустрэліся: тэатральны інстытут і мой інтэрнат у адным будынку знаходзяцца. І вось у мяне паміж заняткамі ўтварылася "фортка", я пасля ўрокаў танца ў купальніку-трыко і плашчы бягу па вуліцы і сустракаю Толю. "Прывітанне!" - Прывітанне!" Раптам ён гаворыць: "Вой, як ты лёгка апранута!" - і шалік мне на шыю накручвае. Гэта быў такі інтымны момант!.. Ён яшчэ свае ямачкі на шчоках "уключыў"… Я заўсёды бачу, ШТО чалавек адчувае ў пэўны момант. Магу нават не аналізаваць, важная вось гэтая "фарсінка", калі ты адчуваеш хвалі, якія ад чалавека ідуць.

І Толя стаў запрашаць мяне да сябе ў госці. Ды каб я да хлопца (да таго ж вельмі дарослага) - у госці пайшла?!.. Ніколі! Хаця было вельмі прыемна, што мяне запрашае сам "Сакрэтны фарватар"!..

Тэлесерыял "Сакрэтны фарватар" і сёння любяць гледачы, а ў той час ён быў проста фантастычна папулярны. Галоўны герой увасабляў вобраз сапраўднага мужчыны - прыгожы, мужны, высакародны. Немагчыма было ў яго не закахацца. А калі ты бачыш яго ў рэальным жыцці, побач, блізка…

- Я ж спачатку пакахала не Толю Кацянёва, а "Сакрэтны фарватар". Потым яму пра гэта неаднойчы гаварыла, а ён не хоча верыць. Кожная дзяўчына марыць пра сур’ёзнага, паспяховага мужа… Гэта сёння ў модзе "банкіры", а ў той час дзяўчаты вельмі захапляліся артыстамі. Вось я і выйшла за самага паспяховага з іх. Мне - або найлепшы, або ні якага не трэба… Усё павінна максімальна супасці па маёй шкале… Думаю, я наўрад ці закахалася б у артыста, які са словамі "На стол пададзена!" выходзіць у спектаклі адзін раз. Не люблю няўдачнікаў і сквапных мужчын…

Потым мы з Толем сустрэліся ў кінастудыі. Ён зноў стаў запрашаць да сябе. А я - не і не!.. Мяне мама вельмі правільна навучыла ў гэтым плане: колькі разоў хлопцу сказаць "не", куды паглядзець у такі момант ды як узмахнуць вейкамі…

Святлана ўсміхаецца. Зразумела, яна гэта кажа з гумарам, як і многае іншае ў нашай размове.

- І калі ён трэці раз запрасіў мяне ў госці, я падумала, што цяпер можна пайсці папіць гарбаты (смяецца). Я пайшла. І ўсё… Гэта быў крах маіх надзей на тое, што я ніколі ні ў каго не закахаюся…

На пачатку вучобы студэнткі акцёрскага факультэта шчыра клянуцца сабе, сяброўкам, выкладчыкам, што ў найбліжэйшыя гады ні ў каго не закахаюцца, не выйдуць замуж, не пачнуць рана нараджаць дзяцей, а будуць усе свае сілы аддаваць дасягненню вялікай мэты - стаць знакамітымі артысткамі. Але… Юных прыгажунь з тэатральнага інстытута "разбіраюць" замуж вельмі хутка…

- Ён частаваў мяне халадніком… Быў такі клапатлівы, такі гаспадарлівы!..Усё ўмеў рабіць!.. У яго быў такі чысты пакой!.. І ўсе рэчы - па паліцах!.. Адным словам, тое, што я ўбачыла, мне вельмі спадабалася. Усё было, як мы ў кніжках чыталі: разумны, прыгожы, сур’ёзны, надзейны… Мара любой дзяўчыны. Я была ўражана і трымалася нядоўга…

Адным словам, я патэлефанавала дадому: "Мама, я выходжу замуж!" А мама, як сірэна: "А-а-а-а!.." Я адразу паклала трубку. І вось, пакуль я прыйшла з інстытута ў інтэрнат, яна ўжо прымчалася з Маладзечна і сядзела ў маім пакоі. Гэта было проста нейкае пахаванне: "Як рана!.. Ён жа дарослы мужчына!.. Яму ўжо трыццаць гадоў!.. А табе яшчэ трэба вучыцца!.." Але я была няўмольная.

Святлана Бароўская ў інтэрв’ю вельмі часта і цёпла ўзгадвае сваю маці. Падкрэслівае: нягледзячы на тое, што яна вельмі строгая і нават магла б узначаліць усіх строгіх мам у свеце, насамрэч яны - вялікія сяброўкі. Дзіўна, што тады, на другім курсе, Святлана не паслухалася маці…

Памятаю, як я везла Толю знаёміцца са сваімі бацькамі (смяецца). Адрэпеціравала ўсё, як галоўны рэжысёр: і што тату сказаць, што маме… Ён ідзе з кветкамі, як сапраўдны жаніх, а мама - у акне. Усміхаецца… Мы прыйшлі - стол накрыты, тазік "аліўе" стаіць, за сталом ужо мая малодшая сястра сядзіць. Бацькі ўбачылі Толю, трохі супакоіліся. А ён, дарэчы, не надта абцяжарваў сябе думкай спадабацца ім… Проста арганічна паводзіў сябе… Жартаваў… Мама сказала яму: "Ну, Толечка, з’ешце яшчэ хаця б адзін дранічак". А ён адказаў: "А што гэта вы мяне абмяжоўваеце, Кацярына Дзмітрыеўна?" І потым запытаўся: "Ну, я цяпер буду вас мамай клікаць?" А маці засмяялася: "Сынок мне знайшоўся! Усяго на восем гадоў маладзейшы!.."

Ведаеце, каб цяпер мяне спыталі: памыліліся вы ці не ў сваім выбары, я адказала б - не памылілася!.. Ён добры, надзейны, клапатлівы… Усё, што трэба адрамантаваць, адрамантуе, усё, што трэба прыбіць малатком, прыб’е. Пытанні фінансавага забеспячэння сям’і фактычна цалкам на ім. Ён вельмі адказна ставіцца да абавязкаў галавы сямейства. Сапраўды, адчуваю: я - за мужам.

А які ён цудоўны бацька! Як Толя калыхаў дзяцей па начах, асабліва другога, Кліма, ён у нас кепска спаў. Ужо за адно гэта майму мужу трэба паставіць помнік. Таму што не ўсе таты падымаюцца, калі дзіця пачынае плакаць, звычайна штурхаюць у бок жонку… Толя мог насіць дзіця гадзінамі. Ходзіць, ходзіць, маўчыць… Калі я ўся такая імпульсіўная, то ён - сапраўдны спакой, грунтоўнасць, стараннасць, ахайнасць, скрупулёзнасць. На жаль, рознасць характараў - гэта асноўны канфлікт нашага жыцця. Муж вельмі закрыты. Можа тыдзень маўчаць. А я не магу так, мне трэба, каб было нейкае дзеянне…

Спачатку ім было складана адно з адным. Як і любой маладой сям’і, дзе ідзе працэс прыціркі характараў. Але яны ўмудрыліся ў пачатковы перыяд сумеснага жыцця нават зняцца ў адным фільме - блокбастары "Дэзерцір". Праўда, Святлана не надта любіць гэты фільм.

- Уражанні ад здымак засталіся… жахлівыя. Няма нічога горшага, чым здымацца разам з мужам. Толя ўвесь час гаварыў, што і як мне рабіць, як іграць, як паводзіць сябе… У нас там была сумесная сцэна, вельмі сексуальная. Уяўляеце, як іграць з мужам каханне, калі наўкол стаяць пяцьдзясят чалавек і ўсё наўкол гарыць!.. Таму я абсалютна абыякавая да "Дэзерціра". Толя там - так!.. Змагаецца, "валіць" бандытаў, усіх перамагае… А я… Больш люблю іншы свой фільм - "Пяшчотная зіма". Там - маё жыццё…

Сцэнарый фільма "Пяшчотная зіма" напісала Юлія Ляшко, з якой Святлану звязвае шматгадовае, моцнае сяброўства. Ролю вераломнай сяброўкі ў гэтым фільме сцэнарыстка пісала спецыяльна для Бароўскай. Рэжысёр запрасіў здымацца менавіта яе. І - дакладнае пападанне! Роля атрымалася! Бароўская на экране - чароўная, спакуслівая, каварная…

- У "Пяшчотнай зіме", сапраўды, маё жыццё. Мы здымаліся ў інстытуце, дзе я вучылася, у інтэрнаце, дзе я жыла, на кухні - на маёй інтэрнатаўскай кухні!..

Многіх прыхільнікаў пары цікавіць, як у маленькай суполцы пад назвай "сям’я" ўжываюцца два такія неардынарныя характары, дзве выдатныя асобы, дзве яскравыя зоркі.

- Мы маглі б за гэтыя гады развесціся дзвесце разоў, калі б кожны з нас ішоў далей у чарговым канфлікце, каб не саступалі ўзаемна адно аднаму. Першыя гады сямейнага жыцця ён мяне проста даймаў сваёй педантычнасцю: каструля павінна стаяць так, а накрыўка павінна ляжаць так… Вядома, я трохі разгільдзяйка. Калі кінула сукенку ў крэсла, то яна мне там не замінае. Няхай сабе ляжыць, пакуль я не захачу яе прыбраць. У Толі ж ад гэтага "калатун" пачынаўся.

Прайшлі гады, і я сама стала прыбіраць рэчы ў шафу… А Толя стаў, скажам так, больш… разгільдзяісты. Мы трохі памяняліся рысамі характару. І перасталі перавыхоўваць адно аднаго. Я нават аднойчы падслухала, што ён пра мяне сказаў: "Ну, у яе такі характар…" Няўжо праз столькі гадоў ён зразумеў, што ў мяне такі характар?! І я сама ад яго пакутую.

Ведаеце, гавораць, што ёсць лінія фронту ў сямейным жыцці. Вось мая тэрыторыя: сяброўкі, кніжкі, уборы… У мужа: рыбалка, лазня… І кожны з нас спрабуе перайсці тую лінію, залезці на чужую тэрыторыю. А гэтага, пераканана, рабіць нельга…

Людская пагалоска ўжо шмат разоў разводзіла Святлану Бароўскую з Анатолем Кацянёвым, прыпісвала ім сямейныя праблемы… На жаль, чуткі - гэта звычайная з’ява для людзей публічных. Да таго ж, калі муж і жонка паспяхова займаюцца кожны сваёй прафесіяй.

Анатоль пастаянна ў ад’ездзе, яго запрашаюць здымацца ў беларускіх, расійскіх, украінскіх фільмах і тэлесерыялах. Калі ён вяртаецца дадому з кіназдымак, для сямейнікаў - свята. Праходзіць дзень, другі, і яны са Святланай стараюцца з’ехаць з горада. У іх ёсць дом на беразе Вілейскага вадасховішча. Для іх абаіх - лепшага дома на свеце няма. Асабліва для Кацянёва, заўзятага рыбака. Ён яго так і называе - "дом рыбака".

Сынам тут таксама падабаецца. Старэйшы, Уладзімір, скончыў філасофскі факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, працуе ў адной піяркампаніі. Сур’ёзны, разважлівы, эрудзіраваны. Малодшы сын, Клім, - натура творчая, вучыцца ў дзясятым класе і яшчэ толькі выбірае свой шлях у жыцці. Святлана з Анатолем ганарацца сынамі. І адно адным…

- Думкай Толі я даражу… Неяк ён інтэрв’ю даваў адной газеце… Я прачытала… О!.. Дык вось я якая для яго - каханая і адзіная!.. А калі прачытала словы: "На мяне ніхто не можа крычаць. Адзіны чалавек у свеце, каму я гэта дарую, - мая жонка!.." Прызнацца ў такім публічна! Для мяне гэта шмат значыць. За такое я ўсё магу яму дараваць (усміхаецца).

Амаль чвэрць стагоддзя Святлана Бароўская працуе на беларускім тэлебачанні. Шмат гадоў запар яна будзіць краіну разам з праграмай "Добрай раніцы, Беларусь!" А зусім нядаўна на тэлеканале "Беларусь 1" з’явілася аўтарская перадача Святланы Бароўскай "Выхад ёсць". З вялікім майстэрствам, пры дапамозе нестандартных пытанняў і ўмення выклікаць прыхільнасць і давер тэлевядучая "раскручвае" вядомых людзей на шчырасць і нечаканыя для іх саміх прызнанні. Яе госці - а сярод іх ужо былі Мікалай Мірны, Вольга Клебановіч, Эльвіра Сакура, Таццяна Бандарчук, Ала Цупер, Лідзія Ярмошына, Аляксандар Ціхановіч, Іскуі Абалян - жартуюць і плачуць у эфіры, прызнаюцца ў слабасцях, расказваюць пра свае цяжкасці, праблемы, крыўды, пра тое, як яны перажылі ў жыцці здраду ці нейкую бяду… І заўсёды іх расповед мае сцвярджальны фінал: "Выхад ёсць!"

"Я не з усімі магу так шчыра размаўляць, з табой магу", - сказаў Святлане Бароўскай падчас перадачы народны артыст Беларусі Аляксандр Ціхановіч. На маю думку, гэтыя словы - найвялікшы камплімент для тэлевядучай, высокая ацэнка яе прафесійнага таленту.

Святлана ж прызнаецца, што ўсяго толькі хацела зрабіць перадачу аб простых і спрадвечных ісцінах - жыцці, каханні, сям’і, роднасці… Пра тое, чым яна сама так даражыць у жыцці і што так клапатліва захоўвае ўжо шмат гадоў…

Тамара БУНТА.