Святлана Бароўская адзначыла творчы юбілей

18.11.2016

"Звязда"

Даўжэй за ўсё - 19 гадоў! - Святлана працуе ў камандзе праграмы "Добрай раніцы, Беларусь!".

17 лістапада папулярная тэлевядучая канала "Беларусь 1" Святлана Бароўская адзначыла не толькі чарговы дзень нараджэння, але і яшчэ адну знакавую для сябе дату - 25 год працы на беларускім тэлебачанні.

Выпускніца Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута рэалізавала сябе ў кіно, зняўшыся ў 14 рознапланавых праектах (у тым ліку ў баевіку "Дэзерцір" у тандэме з уласным мужам, акцёрам Анатолем Кацянёвым), іграла ў тэатры, кіравала прэс-службай МУС, але сапраўдную вядомасць ёй прынесла менавіта тэлебачанне. За высокі прафесіяналізм і творчыя дасягненні тэлевядучая, нагадаем, сёлета была адзначана высокай дзяржаўнай узнагародай - медалём Францыска Скарыны.

Напэўна, даўжэй за ўсё - 19 гадоў! - Святлана працуе ў камандзе ранішняга "тэлевізійнага будзільніка", праграмы "Добрай раніцы, Беларусь!". Не дзіва, што адзін з галоўных сюрпрызаў да творчага юбілею вядучай падрыхтавалі менавіта партнёры з гэтага праекта, якія прысвяцілі выпуск 17 лістапада цалкам і выключна Святлане Бароўскай. Калегі не толькі літаральна засыпалі вядучую кветкамі, але таксама прыгадалі шмат цікавых гісторый пра імянінніцу, паказалі гледачам мноства ўрыўкаў відэазапісаў мінулых гадоў, падрыхтавалі музычныя віншаванні, чым расчулілі Бароўскую да слёз. "Дзякуй вам, дарагія! Гэта так здорава - нічога не чакаць і атрымаць усё самае лепшае!" - прызналася расчуленая вядучая. Не засталіся ўбаку і тэлегледачы, якія спецыяльна для святочнага выпуску праграмы даслалі праз сацыяльныя сеткі больш як 30 маляваных і фотапаштовак з віншаваннямі і добрымі пажаданнямі.

Вікторыя ЗАХАРАВА.