Свецкі трыумф герояў спорту

20.01.2009
"Звязда", 20 студзеня 2009 г.


Перад кiм упаў на каленi Уладзiмiр Гасцюхiн, i каму прынёс кветкi Аляксандр Грыгараў
Падзея, якая анансавалася як спартыўны "Оскар", адбылася - 17 студзеня ў сталiчным Палацы спорту ў адпаведнай урачыстай атмасферы былi агучаны вынiкi конкурсу "Трыумф. Героям спорту 2008", у галасаваннi якога мог узяць удзел кожны жыхар нашай краiны. З васьмi прадстаўленых намiнацый народным галасаваннем пераможцы былi абраныя ў чатырох. Адзiн мiльён чатырыста дзевяноста пяць тысяч семсот дзевяноста чатыры бюлетэнi былi прызнаны сапраўднымi - менавiта столькi неабыякавых да спорту прагаласавалi за лепшага спартсмена i спартсменку года, за трэнера i каманду-2008. Прафесiйнае журы абрала пераможцаў у астатнiх намiнацыях: "Прарыў года", "За волю да перамогi", "Самы яркi спартыўны момант года" i "Вынiк года".
Найбольшую колькасць галасоў сабраў "Спартсмен года" Андрэй Арамнаў - алiмпiйскi чэмпiён Пекiна па цяжкай атлетыцы. За яго прагаласавалi 563 218 прыхiльнiкаў, што дазволiла апярэдзiць прамых канкурэнтаў лёгкаатлета Андрэя Краўчанку (сярэбраны прызёр Пекiна па дзесяцiбор'i) i сябра па камандзе Андрэя Рыбакова (сярэбраны прызёр па цяжкай атлетыцы). Андрэй Арамнаў, якi паспеў нядаўна пабываць у Егiпце на аднаўленчым зборы, прызнаўся, што "хацелася стаць Спартсменам года". Пасляалiмпiйская ўвага нiколькi не стамiла атлета, наадварот "прыемна, што заўважаюць, я вельмi рады, калi вiншуюць". Не прапала i жаданне спаборнiчаць - Андрэй збiраецца падрыхтавацца да чэмпiянату свету-2009. "Хачу выйграць i парадаваць беларускiх балельшчыкаў. Нервачкi ў Егiпце падлячылi, можна ўступаць у бой". "Оскара" за перамогу Арамнаву ўручыў вiцэ-прэзiдэнт НАК Генадзь Аляксеенка, а вядомы бiзнэсмен, спартыўны мецэнат i кiраўнiк кампанii "Трайпл" Юрый Чыж выйшаў на сцэну са спецыяльным прызам. Праўда, пажадаў Арамнаву не расслабляцца, бо ўзначалiўшы федэрацыю барацьбы, Юрый Чыж мяркуе, што з шэрагаў барцоў у хуткiм часе з'явiцца канкурэнцыя цяжкаатлетам.
Алiмпiйская чэмпiёнка ў кiданнi молата i сапраўдная прыгажуня Аксана Мянькова стала лiдарам у намiнацыi "Спартсменка года". Таксама больш за 500 тысяч беларусаў аддалi ёй свой голас. Вiншаваць спартсменку мiнiстр спорту Аляксандр Грыгараў выйшаў з букетам з 29 белых руж. Паводле прызнання Аксаны яшчэ да пачатку цырымонii, яна доўга не магла прывыкнуць да ўвагi, якая звалiлася на яе пасля выйгрышу Алiмпiйскiх гульняў. "Столькi мерапрыемстваў, куды нас запрашаюць! Але паступова прывыкла i цяпер нават атрымлiваю задавальненне." Спартсменка раскрыла сакрэт свайго выдатнага знешняга выгляду - пасля ранiшняй трэнiроўкi, якую давялося скарацiць да гадзiны (спартсменка рыхтуецца да чэмпiянатаў Еўропы i свету), яна наведала цырульнiка. Прычоска адняла дзве гадзiны плюс манiкюр. Сукенка для ўрачыстасцi - ад маскоўскага дызайнера. Астатнi час - дарога да Мiнска - спартсменка з мужам па-ранейшаму жыве ў Магiлёве ў iнтэрнаце вучылiшча алiмпiйскага рэзерву. Аксана сцiпла заўважыла, што ўсе яе сапернiцы па намiнацыi, а гэта гiмнастка Іна Жукава i штурхальнiца ядра Наталля Мiхневiч, дастойныя перамогi.
У намiнацыях "Каманда года" i "Трэнер года" адказ быў вiдавочны: сенсацыя-2008 БАТЭ i Вiктар Ганчарэнка. Галоўны трэнер БАТЭ цяпер знаходзiцца на стажыроўцы ў iспанскiм "Вiльярэале", статуэтку за яго ад старшынi "Белтэлерадыёкамапанii" Аляксандра Зiмоўскага атрымаў старшы трэнер клуба Вадзiм Скрыпчанка. Старшыня Прэзiдэнцкага спартыўнага клуба Дзмiтрый Лукашэнка назваў "Каманду года", акрамя яго павiншаваць старшыню праўлення БАТЭ Анатоля Капскага выйшаў са спецыяльным прызам кiраўнiк Беларускай калiйнай кампанii Уладзiмiр Нiкалаенка.
Пераможца ў намiнацыi "Прарыў года" Iна Жукава не саступала ў знешнiм выглядзе Аксане Мяньковай, на цырымонii яна з'явiлася ў сукенцы аднаго з модных сталiчных буцiкоў. Гiмнастка расказала перад цырымонiяй, што скончыла спартыўную кар'еру i цяпер працуе ў адной са страхавых кампанiй. Але канчаткова развiтацца з гiмнастыкай пакуль не атрымалася - сярэбраная прызёрка Алiмпiяды ў Пекiне ўдзельнiчае ў паказальных выступленнях. Чарговае ў хуткiм часе ў ЗША, куды Жукава днямi i накiруецца. Пераможца намiнацыi з доўгай, як i спаборнiцтвы па дзесяцiбор'i, назвай "Самы яркi спартыўны момант года" Андрэй Краўчанка са спортам завязваць нi ў якiм разе не збiраецца i наадварот лiчыць, што ўсе яго гучныя перамогi яшчэ наперадзе.
Намiнацыя "За волю да перамогi" сёлета дасталася Людмiле Валчок, чэмпiёнцы зiмовай Паралiмпiяды ў Турыне i вiцэ-чэмпiёнкi летняй Паралiмпiяды ў Пекiне. Волi гэтай дзяўчыны Палац спорту апладзiраваў стоячы. А акцёр Уладзiмiр Гасцюхiн да таго расчулiўся, што апусцiўся перад Людмiлай на каленi i прэзентаваў уласны альбом, прысвечаны творчасцi. Нацыянальная каманда па веславаннi на байдарках i каноэ, прадстаўнiкамi якой былi высокiя i статныя хлопцы ў дзелавых касцюмах на чале з галоўным трэнерам Уладзiмiрам Шантаровiчам, выйграла ў намiнацыi "Вынiк года". Вадзiм Махнеў, Раман Петрушэнка, Артур Лiтвiнчук, Аляксей Абалмасаў, Аляксандр i Андрэй Багдановiчы прыцягальныя знешне i ўсе як адзiн алiмпiйскiя чэмпiёны. На iх рахунку два камплекты залатых i адзiн - бронзавых медалёў.
Такой была для нас ХХIХ летняя Алiмпiяда ў Пекiне, вынiкi i герояў якой яшчэ раз нагадаў спартыўны "Оскар". Конкурс "Трыумф. Героям спорту 2008" арганiзавалi i правялi рэспублiканскае дзяржаўна-грамадскае аб'яднанне "Прэзiдэнцкi спартыўны клуб", Белтэлерадыёкампанiя, Мiнiстэрства спорту i турызму, Нацыянальны Алiмпiйскi камiтэт.

Алена АЎЧЫННIКАВА.