Свайго "Поля цудаў" у Беларусi не будзе...

12.07.2006
"Звязда", 12 июля 2006 г.


Але ў новым тэлесезоне гледачоў чакае шэраг сюрпрызаў
Белтэлерадыёкампанiя афiцыйна закрыла тэлесезон 2005-2006 i падвяла яго вынiкi. Iх старшыня БТРК Аляксандр Зiмоўскi ацанiў як станоўчыя, адзначыўшы, што адбываецца вяртанне iнтарэсаў гледача на БТ-1 i "ЛАД".
Сапраўды, сёлета як нiколi мала незадаволеных зместам праграм Першага нацыянальнага тэлеканала. Прайшоў шэраг кiнапрэм’ер сусветнага маштабу - добра, паказалi серыялы без рэкламы - цудоўна, забяспечылi прамыя трансляцыi Алiмпiйскiх гульняў у Турыне i чэмпiянатаў свету па хакею i футболу - увогуле выдатна! А яшчэ ўлiчыце такiя ўласныя вялiкiя праекты, як "Плошча Перамогi-2006", трансляцыя культурных падзей ("Еўрабачанне", "Мiс Беларусь"; нарэшце, "Славянскi базар у Вiцебску")... Словам, як сведчаць сацыялагiчныя апытаннi, праведзеныя спецыялiстамi БТРК i незалежнымi даследчыкамi, рэйтынгавы прырост iдзе павольна, але ўпэўнена. Пытанне толькi ў тым, як утрымаць аўдыторыю ля тэлеэкранаў i надалей.
У блiжэйшы час, напрыклад, БТ пачне транслiраваць чэмпiянат свету па аўтагонках у класе "Формула-1" (з 15 лiпеня), а аматарам серыялаў прапануе прэм’еру новай экранiзацыi рамана Iльфа i Пятрова "Залатое цяля" (з 17 лiпеня). Больш нiчога "гэткага", паводле слоў Аляксандра Зiмоўскага, не плануецца: "Як прымусiць чалавека глядзець тэлевiзар, калi чалавек хоча ў адпачынак? Нам будзе дастаткова, калi ён у гэты час паглядзiць хоць бы навiны".
А вось у вераснi пачнецца новы сезон, якi, зразумела, не абыдзецца без сюрпрызаў. I хоць большая частка з iх пакуль не раскрываецца - канкурэнты не спяць, - пра некаторыя можна сказаць ужо зараз.
Так, на "ЛАДзе", хутчэй за ўсё, з’явiцца новы генеральны прадзюсар. Прапанову ўзначалiць тэлеканал атрымаў Сяргей Кухто - i пагадзiўся.
У iнфармацыйным вяшчаннi стрыжнявым праектам стане "Панарама", астатнiя ж праграмы дапоўняць карцiну. У прыватнасцi, запланаваны новы тэлепраект, прысвечаны здароўю - своеасаблiвы "праваднiк па чалавечаму целу".
Вопыт сумеснай з "Беларусьфiльмам" вытворчасцi тэлесерыялаў (фiльм "Тры талеры"), хутчэй за ўсё, не паўторыцца - па фiнансавых меркаваннях. "Мы паспрабуем самi зрабiць серыял на ваенна-патрыятычную тэматыку, можна сказаць, невялiкi, на 4-5 серый, баявiк", - расказаў старшыня БТРК.
Колькасць спартыўных трансляцый калi i зменiцца, толькi ў бок павелiчэння. А вось з забаўляльнымi праектамi сiтуацыя iншая: свайго "Поля цудаў" цi iншых аналагаў расiйскiх праграм у нас так i не будзе. "Мы можам скапiраваць нейкi праект, але ж вы першыя разнесяце мяне i маiх калег на шматкi ў сваiх артыкулах", - пракаментаваў гэту палiтыку Аляксандр Зiмоўскi. Так што гульнявыя шоу пакуль што абмяжуюцца рознымi "Лато".
Што датычыцца расiйскага канала НТБ, якi з 4 лiпеня часткова замяшчаецца беларускай тэлепрадукцыяй, то, паводле слоў старшынi Белтэлерадыёкампанii, яго праграма iстотна не зменiцца. "Мы выключаем з беларускага эфiру толькi той прадукт, на якi не маем лiцэнзiйных пагадненняў цi якi кiраўнiцтва НТБ лiчыць эксклюзiвам. Навiны, скажам, эксклюзiвам не лiчацца - мы iх не замяшчаем", - адзначыў Аляксандр Зiмоўскi.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.