Сусветныя радыёўрокі беларускай мовы

14.05.2007
"Культура", 12-18 мая 2007 г.


Мелодыя знакамітай песні “Радзіма мая дарагая” добра вядома далёка за межамі нашай краіны. Вось ужо 45 гадоў гэтая мелодыя - пазыўныя сігналы радыёстанцыі “Беларусь”, прызначанай для замежных слухачоў.
Зрэшты, падчас прэс-канферэнцыі ў сценах Белтэлерадыёкампаніі, прымеркаванай да юбілею радыёстанцыі, Галоўны дырэктар Галоўнай дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё Навум Гальпяровіч засяродзіў сваю ўвагу не столькі на немалой ужо гісторыі гэтага медыяпраекта, колькі на яго сучасным ажыццяўленні. Бо, паводле слоў Н.Гальпяровіча, на новы этап свайго развіцця радыёстанцыя выйшла менавіта 3-4 гады таму. Раней яе эфірны час доўжыўся ўсяго 4 гадзіны, а цяпер - ужо 19, прычым 10 з іх займае вяшчанне ў онлайн-рэжыме праз Інтэрнет. Плануецца, што з наступнага сезона пачуць радыё “Беларусь” можна будзе ў любы час сутак.
Маніторынгавыя даследаванні аўдыторыі, праведзеныя апошнім часам, дазволілі стварыць сярэднестатыстычны “партрэт слухача” і канкрэтызаваць яго ўпадабанні ды прыярытэты цікавасцей. Адметна, што нацыянальная культура, і асабліва - фальклор, займае сярод іх адно з першых месцаў.
Па словах Галоўнага дырэктара Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Белтэлерадыёкампаніі Міланы Бакуновіч, сёння больш як палова аўдыторыі радыё “Беларусь” жыве ва Усходняй Еўропе, затое другая палова падзелена паміж дзесяткамі краін свету, у тым ліку і такімі ад нас далёкімі, як Індыя, Кітай, Пакістан, Лівія...
Яшчэ больш пашырыць аўдыторыю радыёстанцыі дазволіла арганізацыя Інтэрнет-вяшчання. Галоўны дырэктар Галоўнай дырэкцыі Інтэрнет-вяшчання Белтэлерадыёкампанні Ірына Палажэнцава распавяла журналістам, што на сайт радыёстанцыі www.radiobelarus.tvr.by завітваюць карыстальнікі са ста з лішкам краін свету.
Па словах Н.Гальпяровіча, калі раней радыёстанцыя была прызначана перадусім для суайчыннікаў, што апынуліся па-за межамі Бацькаўшчыны, дык цяпер яна адрасавана ўсім, хто хоча пазнаёміцца з нашай краінай, даведацца пра самыя розныя аспекты яе жыцця. Таму і нядзіўна, што вяшчанне сёння ідзе на пяці мовах: беларускай, рускай, англійскай, нямецкай і, з нядаўняй пары, на польскай.
Апрача спецыялістаў, што маюць непасрэднае дачыненне да фармавання эфіру радыё “Беларусь”, падчас прэс-канферэнцыі журналістам былі прадстаўлены і некаторыя з яе слухачоў. Шведы Ульмар Квіг і Бэнт Эрыксан вельмі актыўна сочаць за перадачамі радыёстанцыі, рэгулярна дзеляцца з іх стваральнікамі сваімі крытычнымі заўвагамі. І вось цяпер яны ўпершыню наведалі краіну, пра жыццё якой здолелі даведацца так шмат. Шведскія госці распавялі карэспандэнту “К”, што цікавасць да Усходняй Еўропы ў іх дзяржаве няспынна павялічваецца, а знаёмстваз беларускім фальклорам і прыродай дазволіла ім знайсці шмат агульнага паміж нашымі краінамі.
Адным з найбольш адметных праектаў радыёстанцыі “Беларусь”, распачатых за апошні час, сталі ўрокі беларускай мовы, якія па-англійску вядзе аспірантка НАН Беларусі Таццяна Слівец. Кіраўніцтва радыёстанцыі прызналася, што спярша гэтая ініцыятыва падалася ім досыць смелай ды рызыкоўнай, але ж у плане сваёй запатрабаванасці яна пераўзышла ўсе чаканні. Радыёкурсы нашай мовы займелі вучняў на ўсіх кантынентах свету. Апрача, вядома, Антарктыды, на якую вяшчанне станцыі “Беларусь” пакуль не распаўсюджваецца.