Сумеснаму пошукаваму праекту Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і "Народнай газеты" "Помні імя сваё" споўнілася пяць гадоў

11.09.2010
"Народная газета", 11 сентября 2010 г.


Здаецца, малы адрэзак часу, але шмат жыццёвых гісторый мы з калегамі прачыталі ў лістах радыёслухачоў і чытачоў "НГ", у многія дамы прынеслі радасць сустрэчы з роднымі і блізкімі.
За пяць гадоў на радыё падрыхтавана 260 праграм, якія друкаваліся затым у "НГ". Атрымана больш за пяць тысяч пісьмаў ад слухачоў і чытачоў, у тым ліку і па электроннай пошце. Нашы адрасаты не толькі з Беларусі. Беларускае радыё слухаюць, а газету ў інтэрнэце чытаюць і адпаведна пішуць з Расіі, Украіны, Прыбалтыкі, Польшчы, Злучаных Штатаў Амерыкі, Канады, Японіі, Францыі, Італіі, Германіі, Ізраіля і іншых краін. За гэты час удалося адшукаць 1075 чалавек, шмат людзей пачулі ці прачыталі прозвішчы сваіх родных у спісах загінуўшых беларускіх вайскоўцаў, якія агучваліся і друкаваліся. І пошукавая работа на гэтым не скончана, як і не спыняецца паток пісьмаў з просьбай пра дапамогу ў пошуку родных, блізкіх, знаёмых, а таксама запытаў у розныя краіны свету. Нам дапамагаюць добраахвотныя памочнікі, супрацоўнікі адрасных бюро Віцебскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцей, пошукавая група "Бацькаўшчына", супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў, Упраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў. Вялікі дзякуй ім і нізкі паклон! А нашы чытачы і радыёслухачы шчыра ўдзячны за карпатлівую пошукавую працу, за суперажыванне і падтрымку нашым калегам з Беларускага радыё: аўтару праекта Алегу Міхалевічу, рэдактарам Люцыі Міхалевіч і Вераніцы Салавей, вядучым Святлане Шушаковай і Алегу Вінярскаму, гукарэжысёру Ігару Пісыгіну.
 
Регина НОВИК.