Сцiплае абаянне iўрыта

06.05.2005
"Звязда", 6 мая 2005 г.


...Iзраiльскую ўдзельнiцу 50-га мiжнароднага конкурсу песнi "Еўрабачанне" журналiсты ўжо паспелi ахрысцiць Дзюймовачкай. Бо 24-гадовая Шыры Маймон, мiнiяцюрная абаяльная бландзiнка, сапраўды больш падобная на казачную гераiню, чым на папулярную спявачку i тэлевядучую.
За плячыма Шыры, тым не менш, вялiзны вопыт. "Выступаць" яна пачала з чатырох гадоў, спяваючы на сямейных урачыстасцях. У 10 гадоў узяла ўдзел у дзiцячым фестывалi, пазней уваходзiла ў склад маладзёжнага гурта, брала ўрокi танца, гiтары i клавiшных. Прызывалася ў армiю, выступала перад войскамi з ансамблем Ваенна-паветраных сiл. У 2003 годзе вырашыла паспрабаваць свае сiлы ў шоу "Нараджэнне зоркi" (iзраiльскi варыянт амерыканскага "Iдала", расiйскай "Фабрыкi зорак" i г.д.), дзе заняла другое месца i набыла вялiкую папулярнасць у публiкi. З гэтага моманту, у прынцыпе, кар’ера Шыры нагадвае лёс Наташы Падольскай, з папраўкай на рознiцу ў часе.
Маладая спявачка падпiсала кантракт з кампанiяй "Гелiкон Рэкардз", стала вядучая маладзёжнага тэлешоу, выканала галоўную ролю ў мюзiкле "Мама Мiа". У лiстападзе 2004 года выйшаў першы сiнгл Шыры "Until You Understand Me", якi не сыходзiў з верхнiх радкоў iзраiльскiх чартаў. Другiм сiнглам стала конкурсная песня для "Еўрабачання" "Hasheket Shenish’ar" ("Застаецца толькi цiшыня"), з якой Шыры перамагла 13 iншых прэтэндэнтаў у фiнальным адборачным туры, набраўшы 116 са 120 магчымых балаў. Варта адзначыць, што канкурэнты ў дзяўчыны былi вельмi i вельмi сур’ёзныя: на перамогу ў значна большай ступенi прэтэндавала кампазiцыя, якую напiсаў Цвiка Пiк, аўтар знакамiтай "Viva La Diva" (з гэтай песняй у свой час "Еўрабачанне" пакарыў... ла... Дана International).
Конкурсная песня, што цiкава, прагучыць на iўрыце. "Мне здаецца, што аб яе сэнсе слухачы здагадаюцца па манеры выканання, нават не ведаючы мовы", - разлiчвае Шыры. Але, каб не рызыкаваць быць незразуметай, спявачка суправадзiла песню кранальным вiдэа ў стылi кiнафiльма "Целаахоўнiк" (паводле слоў PR-менеджара артысткi Шламiт Амiр, для клiпа нават спецыяльна наладзiлi кастынг, каб знайсцi хлопца, падобнага да Кевiна Костнера). Акрамя таго, падчас прома-тура, якi ўжо ахапiў Кiпр, Украiну i Беларусь, каманда Шыры распаўсюджвае прома-прадукцыю з англамоўным тэкстам песнi i бiяграфiю спявачкi. Самым няўцямным выканаўца тлумачыць, аб чым песня, на словах: "Я спяваю пра страчанае каханне i пра тое, што адчувае чалавек, якi застаўся ззаду".
- Анжэлiка вельмi гарачая, з ёй проста i лёгка зблiзiцца, да таго ж у яе надзвычай прыгожая песня, якая можа прэтэндаваць на самае высокае месца ў конкурсе, - выказала Шыры сваю ацэнку беларускай канкурсанткi. Прычыны такой сiмпатыi, як нам удалося даведацца, не толькi творчыя, але i чыста прыватныя: Шыры i Анжэлiка нарадзiлiся ў адзiн дзень, 17 мая, i ўжо дамовiлiся адзначыць днi нараджэння разам у Кiеве - праўда, яшчэ не вырашылi, як менавiта.
Пакуль жа самае важнае для дзяўчыны - "выступiць i прадставiць Iзраiль настолькi годна i добра, наколькi я здолею. Я веру ў сваю песню i спадзяюся, што яна закране душы i сэрцы людзей". Дапамагаюць Шыры ў падрыхтоўцы аўтары песнi Пiнi Арунбаеў i Эяль Шахар, асабiсты менеджар Давiд Эпштэйн, мiнулагоднi iзраiльскi канкурсант Давiд Д`Ор. Творчыя i спонсарскiя сiлы з-за мяжы iзраiльцяне вырашылi не прыцягваць - разлiчваюць справiцца самi i не фарсiруюць падзеi.
Падзякаваўшы супрацоўнiкам Белтэлерадыёкампанii за магчымасць наведаць нашу краiну, Шыры паспела перад вылетам назад у Iзраiль раздаць некалькi тэле- i радыёiнтэрв’ю, а таксама даць дабрачынны канцэрт у Мiнскiм яўрэйскiм абшчынным доме. I хоць у Мiнску ў параўнаннi з Хайфай зараз халаднавата, дзяўчына засталася ў захапленнi ад беларускай сталiцы.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.