Старт пад нумарам семнаццаць

02.11.2007
"Звязда", 2 лістапада 2007 г.


Днямi ў Ратэрдаме адбылася жараб’ёўка ўдзельнiкаў Мiжнароднага дзiцячага конкурсу песнi "Еўрабачанне-2007". Прадстаўнiку Беларусi Аляксею Жыгалковiчу дастаўся нумар 17 - такiм чынам, выступленне нашага юнага артыста завершыць конкурсную праграму.
Традыцыйна першы i апошнi нумары выступлення лiчацца выйгрышнымi, бо найбольш запамiнаюцца гледачам. Менавiта гэтыя нумары, а таксама стартавы нумар прадстаўнiка Галандыi - краiны, якая прымае конкурс - былi вызначаны на жараб’ёўцы.
Першы нумар атрымаў прадстаўнiк Грузii Атар Андрыядзе (ён сёлета, дарэчы, узяў 1-ую прэмiю на конкурсе "Славянскi базар у Вiцебску"). Мiж iншым, Грузiя, гэтаксама як Лiтва i Арменiя, удзельнiчае ў дзiцячым "Еўрабачаннi" ўпершыню. Канкурсант з Галандыi выступiць дзесятым. Парадак выступлення iншых краiн-удзельнiц будзе вызначаны пазней. Сам жа конкурс адбудзецца 8 снежня, а яго прамую трансляцыю ў нашай краiне забяспечаць Першы канал i спадарожнiкавы канал "Беларусь-ТБ". Беларускi канкурсант трапiць у Ратэрдам "З сябрамi" - менавiта так называецца песня, якая прынесла 11-гадоваму мiнчанiну перамогу ў адборачным рэспублiканскiм конкурсе. Абвяшчаць балы галасавання ад нашай краiны будзе таксама сталiчны школьнiк - спецыяльна для гэтай пачэснай мiсii 13-гадовы Саша Рагачэўскi прайшоў кастынг на тэлебачаннi.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.