"Сталіца" задае настрой

19.10.2012
"Звязда", 19 кастрычніка 2012 г.


У новым сезоне 2012-2013 гадоў радыёстанцыя "Сталіца" будзе здзіўляць сваіх слухачоў новымі крэатыўнымі ідэямі.

Слухай любімае!

Кожную пятніцу а 15.00 вядучая Таццяна Шышло прапануе выбраць новую дзясятку лепшых хітоў у праграме "Сталіца. ТОП-10".
Па панядзелках у 22.15 аўтар і вядучы Павел Ладуцька расказвае пра творчасць людзей, якія дасягнулі значных поспехаў, сталі сапраўднымі зоркамі і кумірамі пакалення, аднак нечакана пайшлі з жыцця.
У той жа час кожны аўторак на нашай хвалі - час прэм'ер з аўтарскай праграмай Сяргея Бандарэнкі "Аднойчы з песняй". Усе кампазіцыі гучаць упершыню! Гэта праект, дзе кожны артыст, папулярны ці пачатковец, мае магчымасць расказаць пра сябе, падзяліцца навінамі асабістага і творчага жыцця, прадставіць свае новыя песні.
Ад блюза да гранжу і хэві-металу, ад фолька да хард-рока - знайсці свой напрамак у заблытаных шляхах бясконцага музычнага свету вам дапаможа "Ультрамузыка". Актуальныя беларускія і лепшыя сусветныя хіты, свежыя рэлізы, меркаванні экспертаў - ўсе гэта кожную сераду ў 22.15 у праграме Ягора Квартальнага.
Думаеце, знаходзіцца адначасова ў некалькіх месцах немагчыма? У нядзелю з 18.00 да 18.30 вы зможаце наведаць самыя цікавыя музычныя імпрэзы тыдня, не адыходзячы ад радыёпрыёмніка. Агляды канцэртаў, эксклюзіўныя інтэрв'ю, зорныя госці і цудоўная музыка разам з карэспандэнтамі радыёстанцыі "Сталіца", якія перадаюць "З месца падзей".