Спытайце, i "зоркi" вам адкажуць. У прамым эфiры

29.06.2007
"Звязда", 29 чэрвеня 2007 г.


"Славянскi базар" убачаць сёлета нават на Кубе. Гэтаксама зацiкаўленыя ў трансляцыi мастацкага форуму Венгрыя, Малдова, Украiна i Расiя. Патэнцыяльную агульную аўдыторыю спецыялiсты ацэньваюць у 110 мiльёнаў тэлегледачоў, улiчваючы, што сiгнал мiжнароднага спадарожнiкавага канала "Беларусь-ТБ" будзе прымацца ва Украiне, Малдове i Грузii.
Беларускiм жа гледачам пастаяннае "суправаджэнне" па фестывальнаму Вiцебску забяспечаць структуры Белтэлерадыёкампанii: Першы i "ЛАД", Першы нацыянальны канал Беларускага радыё, радыё "Культура", "Сталiца" i "Радыус-FM". Усяго на фестывалi будуць працаваць 175 супрацоўнiкаў БТРК.
Сёлета ў эфiры тэлеканалаў - прамыя трансляцыi адкрыцця i закрыцця "Славянскага базару ў Вiцебску-2007", гала-канцэрт майстроў мастацтва, мiжнароднага дзiцячага музычнага конкурсу i конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песнi, аўтарскiх i юбiлейных канцэртаў. Шэраг фестывальных канцэртаў можна будзе ўбачыць i на святлодыёдных экранах, змешчаных каля Палаца спорту i на Кастрычнiцкай плошчы ў Мiнску. Асноўныя мерапрыемствы i начныя канцэрты плануецца таксама запiсаць для далейшага выкарыстання ў эфiры Першага канала, "ЛАДу", "Беларусь-ТБ" i "НТБ-Беларусь", а таксама для абмену аўдыё- i вiдэаматэрыяламi з замежнымi партнёрамi.
Па традыцыi, на час фестывалю ў Вiцебск перабяруцца праграмы "Ваша лато" i "Добрай ранiцы, Беларусь!". Паводле слоў кiраўнiка праекта "Добрай ранiцы, Беларусь!" Наталлi Марынавай, у творчую камандзiроўку адправяцца ўсе тры пары вядучых, i кожны з iх правядзе ранiшнi эфiр з Вiцебска.
- Стаўку мы робiм на "зорных" гасцей, якiя будуць прыходзiць у студыю. Нават абвясцiлi конкурс для гледачоў - "Задай пытанне зорцы". Пытаннi можна дасылаць хоць зараз на наш электронны адрас utrо@tvr.bу. Галоўны прыз - калекцыя аўтографаў усiх "зорак" "Славянскага базару", - прыадкрыла iнтрыгу Наталля.
Дарэчы, у конкурсе ўжо ёсць прэтэндэнты на лiдарства - адна дзяўчына даслала амаль паўсотнi пытанняў розным артыстам. Самымi запатрабаванымi ў беларускай тэлеаўдыторыi аказалiся ўдзельнiкi "Еўрабачання" - мноства пытанняў адрасаваны Дзiму Бiлану, Цiне Караль, Верцы Сярдзючцы, пераможцы сёлетняга конкурсу Марыi Шэрыфавiч, а таксама абодвум Калдунам. Некаторых "зорак" вядучыя паспрабуюць падчас начных канцэртаў "дастаць" непасрэдна з грымёрак, iншых паклiчуць на запiс у студыю. Раней у беларускiх тэлевiзiйнiкаў быў любiмы госць - Алег Газманаў, якi адзiны з усiх выканаўцаў згаджаўся прыходзiць а 7-й ранiцы ў прамы эфiр, i нават адцiскаўся непасрэдна ў студыi. Але сёлета Газманава на "Славянскiм базары" не будзе, а цi здолее хто паўтарыць падобны "подзвiг", пакуль невядома.
Акрамя таго, кожнаму вядучаму "Добрай ранiцы" давядзецца пабываць у фестывальным "Горадзе майстроў" i засвоiць пэўнае рамяство, а ў каго гэта атрымаецца лепш за астатнiх - вырашаць гледачы, убачыўшы спецыяльныя рэпартажы.
Беларускiх калег таксама папрасiлi даць "майстар-клас" прадстаўнiкi Малдовы - тамтэйшы калектыў ранiшняй праграмы прыедзе ў Вiцебск i будзе знаёмiць сваiх гледачоў з падзеямi фестывалю з самага ранку.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.