"Спяць і мышкі, і стрыжы..."

14.01.2011
"Звязда", 14 студзеня 2011 г.


Куды падзеўся Дзед Барадзед, і ці ўбачым мы зноў парася Сеню? Дзіцячая "Калыханка" адзначае 30-гадовы юбілей. У дзень нараджэння стваральнікі праграмы расказалі журналістам пра планы і ўзгадалі, з чаго ўсё пачыналася.

- Трыццаць гадоў таму ўзнікла ідэя стварыць дзіцячую праграму кшталту "Спокойной ночи, малыши", толькі яе беларускі варыянт, - успамінае карэспандэнт спецыяльнага аддзела падрыхтоўкі тэлепраграм для дзяцей і юнацтва галоўнай дырэкцыі тэлевытворчасці і аўтар многіх сцэнарыяў "Калыханкі" Алена Фурсава. - Доўга думалі над назвай - хацелі, каб гэта была ўсё ж беларуская назва. Казалі, што Ніна Шоба, на той час рэдактар галоўнай рэдакцыі, неяк прысніла назву "Калыханка", ад беларускага слова "калыхаць". Так і зацвердзілі. Першыя праграмы былі больш статычнымі, пазней мы прыдумалі выязныя выпускі. Ездзілі і ў Ташкент, і ў Маскву.

З "Калыханкай" Алена Фурсава працуе ўжо 25 гадоў, і значную частку з іх Алена Сяргееўна правяла ў кадры - побач з казачнымі персанажамі. Узгадваючы легендарнага Дзеда Барадзеда, жанчына прызнаецца:
- Персанаж Дзеда Барадзеда ўнікальны. Яго вадзілі адразу тры акцёры, а чацвёрты агучваў. Акцёры былі ў чорным, самога Дзеда таксама здымалі на чорным фоне - гэта давала магчымасць пры мантажы пераносіць яго ў любое месца. Атрымаўся такі ўдалы беларускі персанаж, ды і песню падабралі добрую. Але кожная лялька мае свой знос. З цягам часу Барадзед пачаў асыпацца, у яго пачалі адвальвацца вусы і барада. А паколькі цыкл перадач з яго удзелам быў вельмі працаёмкім, паступова Дзед Барадзед заняў сваё месца ў музеі.

Куды схаваць акцёра, альбо пра жыццё лялькаводаў
- Сцэнарысты часам такога панапісваюць, - са смехам узгадвае акцёр Уладзімір Варанкоў - голас медзведзяняці Топы. - "Топа спусціўся з дрэва, вісіць галавой уніз, у лапах трымае галінку"... Я ўсё разумею, вядома, але важней пытанне: куды схаваць мяне? - смяецца акцёр. - Але даводзіцца выкручвацца. За ўсе гады я налаўчыўся нават Топавай лапай пісаць у сшытку каліграфічным почыркам...
У "Калыханку" я трапіў з лялечнага тэатра. Сёння, праз 25 гадоў, тут і працую. У мяне ўжо сын вырас, унучка падрастае, а вобраз Топы ўсё яшчэ актуальны. Самае цікавае - здымкі. Яны праходзяць звычайна на "кватэры", але бываюць і на адкрытым паветры. Гэта заўсёды вельмі смешна: лялек у кадры тры - трое лялькаводаў ніцма ляжаць на падлозе. Карцінка, зразумела, камічная. Ногі часам так пераплецены, што паглядзіць чалавек недасведчаны - і яшчэ падумае невядома што (смяецца. - Аўт.). Але пад сталом такое ж "калыханачнае жыццё" (яшчэ весялей), як і на стале. Сядзіш, бывае, там, і разам з Янай шнуркі Маляванычу звязваеш... (смяецца. - Аўт.)

Ці вернуць Дзеда Барадзеда?
- Калыханка - насамрэч самая ўзроставая праграма беларускага тэлебачання. Старэйшай праграмы вы не знойдзеце, - гаворыць галоўны рэдактар галоўнай дырэкцыі тэлеканала "ЛАД" Сяргей Кухто. - Змяняецца час, з'яўляюцца новыя праграмы, але "Навіны" і "Калыханка" ідуць без спынення. І здраджваць традыцыям мы не збіраемся.
Вяртаць Дзеда Барадзеда ў "Калыханку" пакуль не плануецца. Але, як адзначае кіраўніцтва канала, цалкам магчымае вяртанне гэтага і іншых лялечных герояў у іншыя дзіцячыя перадачы. Адказваючы на пытанне, ці магчыма зрабіць "Калыханку" штодзённай, Сяргей Кухто патлумачыў, што ў выхадныя канал больш, чым у будні, залежыць ад спартыўных трансляцый.
- Паколькі час прамой трансляцыі рэгулюецца па-за межамі Беларусі, мы не можам гарантаваць, што вечаровыя выпускі "Калыханкі" будуць пастаяннымі. Многія трансляцыі прыпадаюць якраз на гэты час. Падводзіць дзетак мы не хочам, таму па выхадных праграма не выходзіць.
З 17 студзеня ў перадачы пачнецца паказ расійскага мульціка "Маша і мядзведзь". Як прызнаўся Сяргей Кухто, "ЛАД" ужо закупіў усе серыі папулярнага мультфільма. У бліжэйшых планах тэлеканала - запіс дыскаў з выпускамі "Калыханкі".

Ілья ЛАПАТО.

Даведка "Звязды"
Упершыню "Калыханка" выйшла ў эфір у студзені 1981 года. Першымі героямі дзіцячай праграмы былі лялечны хлопчык Бульбінка і яго Дзядуля, якія расказвалі дзецям казкі ў прамым эфіры. За 30 гадоў існавання лялечныя персанажы змяняліся і адаптаваліся да часавых рэалій: гледачы могуць узгадаць Дзеда Барадзеда, Бусліка, Лесавічка, Васілінку і Васілька, ката Марціна, ваўка Вову, парася Сеню, лісічку Яну, медзведзяня Топу і інш.