Спортам адзіным Першы ў Беларусі спартыўны тэлеканал да каманды "На старт!" гатовы

30.08.2013
"Звязда", 30 августа 2013 г.


Размовы пра яго стварэнне доўжыліся некалькі гадоў, падаграваючы інтарэс грамадскасці. Скептыкі звыкла не верылі, казалі пра недахоп уласных тэхнічных магутнасцяў і творчых магчымасцяў, аптымісты ўпарта спадзяваліся на лепшае. Пасля таго, як сёлета ўвесну ініцыятыву прыспешыў Прэзідэнт, стала канчаткова зразумела: нацыянальнаму спартыўнаму каналу - быць! Ужо вядомая яго назва - "Беларусь-5" - і прыкладны час запуску: ІV квартал 2013 года. Ці для ўсіх беларусаў будзе даступнай новая "кнопка" і ў чым яе адметнасць, "Звязда" распытала кіраўніка дырэкцыі спартыўнага вяшчання Белтэлерадыёкампаніі Паўла Булацкага.

- Пачну з галоўнага пытання, якое, напэўна, задаюць сабе ўсе беларускія балельшчыкі без выключэння: ну калі ж? Афіцыйная версія гучыць досыць расплывіста...
- Мы ўжо знаходзімся на фінішнай прамой. Дырэкцыя "Беларусь-5" пачне працаваць з 1 верасня. У верасні стартуе і тэставае вяшчанне канала ў межах Белтэлерадыёкампаніі. Гэта значыць, што шырокі глядач яго яшчэ не ўбачыць, пакуль спецыялісты, найперш тэхнічныя, не адточаць усе магчымыя нюансы і шурпатасці, якія могуць узнікнуць падчас трансляцыі. У залежнасці ад таго, якія будуць узнікаць праблемы, і ад хуткасці іх вырашэння і вызначым афіцыйнага дату адкрыцця спартыўнага тэлеканала. Хочацца ж, каб з першага эфіру ўсё было без памылак, каб тэлевізійны "бруд" на першы план не выходзіў. Вядома ж: усе разбіраюцца ў спорце і ў тэлебачанні, а мы адкрываем спартыўны тэлеканал - уяўляеце, якая адказнасць! (Смяецца).

- Неаднаразова гучала інфармацыя, што "Беларусь-5" увойдзе не ў агульнадаступны пакет, а ў пакеты кабельных аператараў...
- На маю асабістую думку, падобны тэлеканал увогуле мусіць быць платным. Цяпер мы (маю на ўвазе дырэкцыю спартыўнага вяшчання), дорым вельмі шмат спартыўных спаборніцтваў топ-узроўню - Алімпійскія гульні, чэмпіянаты свету і Еўропы па футболе, Лігу чэмпіёнаў, КХЛ - фактычна бясплатна. На ўсіх замежных каналах, нават у суседніх краінах, усё гэта распаўсюджваецца толькі праз платныя каналы. І ў перспектыве, каб зменшыць фінансавую нагрузку на Белтэлерадыёкампанію, на дзяржаву, мы б хацелі, каб людзі, атрымліваючы якасны тэлевізійны спартыўны прадукт, плацілі за яго, як гэта робіцца ва ўсіх цывілізаваных краінах.
Што ўбачаць гледачы на "Беларусь-5"? Усе згаданыя вышэй "топавыя" спаборніцтвы, сусветныя і еўрапейскія турніры з удзелам беларускіх спартсменаў і самыя значныя першынствы краіны па гульнявых відах спорту.

- Складваецца ўражанне, што ў прыярытэце будуць, так бы мовіць, больш "раскручаныя" футбол, хакей, тэніс. Між тым мноства суайчыннікаў не ведае, напрыклад, пра дасягненні беларусаў у кіберспорце...
- Дарэчы, мы плануем рабіць на "Беларусь-5" праграму пра кіберспорт! Але нашы заўзятары, і гэта пацвярджаюць рэйтынгі, любяць глядзець спаборніцтвы, у якіх беларусы ўдзельнічаюць і выйграюць - калі гуляе Азаранка, калі страляе Домрачава. Таму мы не можам не паказаць тэнісныя спаборніцтвы, не можам не паказаць чэмпіянат свету па біятлоне, Лігу чэмпіёнаў (яна, між іншым, будзе прадстаўлена на спартыўным канале больш шырока, чым цяпер). Вельмі шмат нараканняў на наш адрас гучала наконт "Беларусь-2" з-за паказу некаторых матчаў у запісах. Дык вось, на "Беларусь-5" мы зможам паказваць спорт больш зручна для балельшчыкаў, перадусім робячы ўпор на прамыя трансляцыі. І толькі калі нейкія падзеі будуць адбывацца адначасова, "развядзём" іх па розных каналах. Пры гэтым з другой "кнопкі" спорт ні ў якім выпадку не знікне, толькі некаторыя праграмы зменяць прапіску.

- Аматары спорту тэлефануюць, хвалююцца: ці ўбачаць у наступным сезоне чэмпіянат Англіі па футболе?
- Зараз ідуць перамовы, каб вырашыць гэту праблему. А гэта сапраўды праблема: з аднаго боку, мы прывучылі беларускіх гледачоў да якаснага футболу, а з другога - чэмпіянат Англіі на сёння - нумар адзін у свеце і самы дарагі для паказу. Нашы заходнія калегі запрошваюць проста шалёныя грошы. І штогод цана правоў павялічваецца працэнтаў на 10-15. Але, мяркую, прафесіяналізму нашых супрацоўнікаў хопіць, каб вырашыць гэта пытанне станоўча.

- Адных прамых трансляцый усё ж мала для паўнавартаснага спартыўнага канала. Чым яшчэ плануецца запаўняць эфір - новымі аўтарскімі праграмамі, вытрымкамі з архіваў?
- Беларусі ёсць што прыгадаць і чым ганарыцца ў гэтай галіне спорту, таму ў нас запланаваны да паказу цыкл "Залатыя імгненні беларускага спорту". У lіfе-рэжыме будзем паказваць найбольш цікавыя моманты з дасягненняў беларускіх спартсменаў: як забіваюць шайбу шведам, як бягуць да алімпійскага "золата" і г.д. Упэўнены, кожны з заўзятараў з задавальненнем паглядзеў бы яшчэ раз хакейны матч Беларусь - Швецыя на Алімпіядзе-2002 - такія "залатыя" гульні мы таксама плануем паказваць. На жаль, не ўсе яны захаваліся ў нас, як, прыкладам, матчы гандбольнага СКА ў Лізе чэмпіёнаў. Таму мы зараз выходзім на архівы расійскага тэлебачання, каб набыць у іх правы на паказ гэтых матчаў.

- Цяпер у складзе спартыўнай дырэкцыі налічваецца крыху больш за 10 каментатараў. Колькі яшчэ трэба для новага канала і як ідзе абвешчаны Белтэлерадыёкампаніяй кастынг спартыўных каментатараў і журналістаў?
- Шчыра кажучы, абвяшчаючы кастынг, мы чакалі значна меншай рэакцыі, чым атрымалі ў выніку. Ужо на мінулым тыдні колькасць заявак набліжалася да сотні, а ўлічваючы, што мноства заявак прыходзіць у апошні момант, да 2 верасня гэта лічба можа істотна павялічыцца. Але трэба разумець, што каментатар - гэта "штучная" прафесія, стаць ім вокамгненна, шчоўкнуўшы пальцамі, нельга, трэба шмат вучыцца і працаваць у эфіры. Апошнім разам падобны адбор адбываўся 10 гадоў таму, і з яго "прыжыўся" толькі адзін каментатар - Аляксандр Дзмітрыеў. Таму цяпер актыўна шукаем новыя, маладыя галасы, каб вырасціць яшчэ 3-4 прафесіяналаў. А выбіраць, безумоўна, будзе з каго: нечакана для нас прыходзяць заяўкі з іншых тэлеканалаў, нават з іншых краін, і нават ад алімпійскіх чэмпіёнаў!.. У ідэале, на кожны від спорту мусіць быць некалькі каментатараў, бо ў жыцці ўсякае бывае: так, Уладзімір Мікалаевіч Навіцкі, каментуючы спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы, што праходзілі ў Маскве, захварэў і страціў голас, апошнія тры дні гераічна трымаўся на антыбіётыках. Каб такога не было, безумоўна, трэба мець падстрахоўку.

- Апошнім часам пра спорт усё больш актыўна расказваюць і пішуць дзяўчаты. Для іх на "Беларусь-5" знойдзецца месца?
- І не проста знойдзецца. Перш за ўсё ў адборы мы звяртаем увагу менавіта на дзяўчат. Бо раней "жаночым голасам" Алімпійскіх гульняў звычайна была Інга Хрушчова, а паколькі яна звольнілася з БТРК, тут узнік прабел. Атрымліваецца, на бліжэйшыя Алімпійскія гульні едуць адны каментатары-мужчыны - пытанне, каму ж каментаваць, скажам, фігурнае катанне, пакуль вісіць у паветры. Так што мы шукаем жаночыя галасы. Карыстаючыся выпадкам, запрашаю: дзяўчаты, якія любяць і разбіраюцца ў спорце, прымайце ўдзел у нашых кастынгах, вы нам патрэбны!

- Не магу не запытацца пра месца беларускай мовы на спартыўным канале - усё ж беларускамоўнае каментаванне многія балельшчыкі ўхваляюць.
- Сапраўды, у нас ёсць некалькі каментатараў з добрай беларускай мовай: Уладзімір Навіцкі, Павел Баранаў і іншыя. Паколькі большасць спартыўных балельшчыкаў усё ж рускамоўныя, то прыярытэт у трансляцыях застанецца за рускай, але і пра беларускую мову мы ні ў якім разе не забываемся, пэўную частку трансляцый з задавальненнем будзем весці па-беларуску.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.