Спадчына, якую трэба бачыць

17.11.2004
“Звязда”, 16-17 лістапада 2004 г.


А вы бачылi спадчыну Беларусi такой, якой яе можна бачыць? Такой, якую ведаюць Алег Лукашэвiч i Аляксандр Аляксееў. Паглядзiш фотаальбом, аўтарамi якога яны сталi, i разумееш: усё ў нас са спадчынай у парадку. Яна багатая i вельмi разнастайная - ёсць унiкальныя архiтэктурныя збудаваннi, цiкавыя, з таямнiчымi гiсторыямi палацы, храмы з унiкальнымi фрэскамi, абразы...
Наша спадчына вартая нашай жа ўвагi i клопату - вы ўпэўнiцеся ў гэтым, пабачыўшы яе калi не на свае вочы, то ў фотаальбоме “Спадчына Беларусi”. Гэтае выданне расказвае пра Беларусь - i самiм беларусам, i замежнiкам, якiя цiкавяцца нашай краiнай. Альбом, якi выдала Мiнская фабрыка каляровага друку, змяшчае цудоўныя фотаздымкi, якiя часам лепш за словы сведчаць пра наша багацце. Нездарма ўступнае слова да гэтага выдання належыць Генеральнаму дырэктару ЮНЕСКО спадару Каэцiра Мацууры. Iдэя праекта, над якiм з натхненнем працавалi супрацоўнiкi Белтэлерадыёкампанii Алег Лукашэвiч i Аляксанр Аляксееў, была ацэнена на дзяржаўным узроўнi. У вынiку сумеснай працы i з’явiўся гэты фотаальбом. Ён пачынаецца з прадстаўлення старажытнай Полацкай зямлi i прапануе цудоўную вандроўку па самых розных гарадах i мястэчках - амаль у кожным з iх ёсць тое, што пакiнула нам гiсторыя.
На прэзентацыi гэтага выдання Уладзiмiр Русакевiч, Мiнiстр iнфармацыi Рэспублiкi Беларусь, падкрэслiў: “Гэтая кнiга па-новаму адкрывае Беларусь сусветнаму культурнаму супольнiцтву. Вiдавочна, што кнiгавыданне Беларусi развiваецца па законах цывiлiзаванага свету. Штогод у Беларусi выходзiць у свет 9 тысяч назваў кнiг i брашур. Нам ёсць што паказаць на замежных кнiжных форумах. Ёсць чым папоўнiць духоўную скарбонку народа - сучаснымi выданнямi высокага духоўнага гатунку. Адно з такiх мы якраз сёння i прэзентуем. I я ўпэўнены, што ад кожнага з нас залежыць, цi быць такiм i падобным да iх праектам, цi не змялее i не растрацiцца запас духоўных сiл народа, яго назапашанай вякамi культуры”.

Алег Лукашэвiч, тэлевядучы, а цяпер i адзiн з аўтараў кнiгi, гаворыць:
- Праца над гэтым праектам iшла вельмi лёгка. Мы адразу знайшлi разуменне ва ўсiх зацiкаўленых структурах, без якiх сёння не адбылося б гэтай падзеi. Мы вельмi ўдзячныя Мiнiстэрству iнфарамацыi Рэспублiкi Беларусь. Мы ўдзячныя парламенцкай камiсii па справах ЮНЕСКО i яе старшынi спадару Шчаснаму. Мы ўдзячныя мiтрапалiту Фiларэту i кардыналу Казiмiру Свёнтаку - за тое, што яны далi блаславенне на такую працу.
У нашай кнiзе сапраўды шмат адкрыццяў. Узяць хаця б унiкальныя фрэскi, якiя ўвогуле друкуюцца ўпершыню, з жаночага манастыра ў Магiлёве. Пад купалам у храме яшчэ нiхто не здымаў - мы першыя. У касцёле ў Суботнiках, напрыклад, захавалася унiкальная крыпта. Кожная старонка кнiгi нясе нейкае такое адкрыццё.
- А што вас асаблiва натхняла?
- Любоў. Без любовi гэта немагчыма было зрабiць. Нас да гэтай справы падштурхнула цiкавасць - мы хацелi больш даведацца пра сваю краiну. Мы, на жаль не ведаем сваёй гiсторыi як належыць. У нас ёсць унiкальныя помнiкi культуры, а мы часта не ведаем, як яны ўзнiклi. Мы з Аляксандрам не прафесiянальныя фатографы - гэта для нас хобi. Тры гады таму мы пачалi цiкавiцца фатаграфiяй. Самi асвойвалi гэтае майстэрства, вучылiся на сваiх памылках, вывучалi камеры, камп’ютар. I прадставiлi сваё бачанне, за якое, магчыма, трэба сказаць дзякуй бацькам. I трэба дзякаваць Богу - мы адчувалi яго дапамогу i адчувалi падтрымку нашай заступнiцы Ефрасiннi Полацкай. Яе асоба вельмi моцна паўплывала на наш светапогляд. Мы дакладна можам сказаць пра тое, што адчувалi падтрымку звыш.
- Ваш калега i сааўтар Аляксандр Аляксееў - рускi чалавек, нарадзiўся ў Казанi, але вучыўся ў Мiнску. Вандруючы па Беларусi, ён адкрываў яе ўпершыню.
- Я таксама адкрываў яе ўпершыню, нягледзячы на тое, што тут нарадзiўся. У нас традыцыi не было такой. Была савецкая школа, тоўстыя падручнiкi па гiсторыi, дзе перыяд да 1917 года быў не такi важны, як савецкi. Гэта была не наша вiна, што шмат што прайшло мiма - гэта была закладзена той схемай, па якой усе жылi. Добра, што зараз гэтыя хiбы выпраўлены.
Мы хацелi, прадстаўляючы Беларусь, адысцi ад стэрэатыпу суму, шэрасцi i разбуранасцi, якi ёсць у большасцi сучасных здымкаў. Беларусь - гэта унiкальная краiна. Еўрапейцы будуць адчуваць да яе цiкавасць. Першая прэзентацыя гэтага альбома адбылася ў Рыме тыдзень таму ў рамках Дзён культуры Беларусi. У Рыме гэтыя кнiгi добра куплялi. I мы з вялiкiм здзiўленнем даведалiся, што ўжо лiтаральна за тры тыднi раскуплены ледзь не ўвесь наклад фотаальбома “Спадчына Беларусi”. Уяўляеце, сёння публiчная прэзентацыя, а кнiгi ў нас ужо няма...

Ларыса ЦIМОШЫК.