Сольны нумар

12.06.2013
"Рэспублiка", 12 июня 2013 г.


Беларусь упершыню прымае ўдзел у конкурсе маладых танцораў "Еўрабачанне-2013".
На конкурсе маладых танцораў "Еўрабачанне-2013", які адбудзецца 14 чэрвеня ў польскім Гданьску, беларуская ўдзельніца Яна Штангей выступіць пад другім нумарам, паведамілі "Р" у прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі. Жараб'ёўка прайшла 10 чэрвеня. На сцэне Дзяржаўнай Балтыйскай оперы сольны танец канкурсанты прадставяць у наступным парадку: Арменія, Беларусь, Нідэрланды, Швецыя, Украіна, Чэхія, Польшча, Нарвегія, Славенія, Германія.
Нагадаем, кожны ўдзельнік выканае самастойна абраны танец. 18-гадовая Яна Штангей, навучэнка 3-га курса Беларускага харэаграфічнага каледжа, выканае варыяцыю Эсмеральды з аднайменнага балета па матывах рамана Віктора Гюго "Сабор Парыжскай Божай Маці" на музыку Цэзара Пуні - Рыкарда Дрыга.
Далей у шоу будзе прадстаўлены аднолькавы групавы танец двух груп, пастаноўку якога ажыццяўляюць харэографы конкурсу. У адной групе з Янай - прадстаўнікі Нідэрландаў, Швецыі, Арменіі і Украіны. Па выніках сольных выступленняў і групавых танцаў прафесійнае журы выбірае з кожнай групы двух фіналістаў, якія набралі найбольшую колькасць балаў. Яны выканаюць танец-"дуэль", і сярод іх будзе вызначаны пераможца конкурсу. Імправізаваны танец-"дуэль" Яна рэпеціруе з прадстаўніком Нідэрландаў.
Прамую трансляцыю 15-га конкурсу маладых танцораў "Еўрабачанне-2013" будзе весці тэлеканал "Беларусь 1".

Ірына СВІРКО, "Р".