Solayoh: Стамбул - Мальмё

06.04.2013
"Культура", 6 апреля 2013 г.

 
"На дадзены момант у маім жыцці акрамя "Еўрабачання", нічога не існуе", - так апісала свой настрой удзельніца конкурса песні "Еўрабачанне-2013" ад Беларусі Алена Ланская. На прэс-канферэнцыі ў Белтэлерадыёкампаніі спявачка прэзентавала відэа на песню "Solayoh", з якой яна выступіць на сцене "Мальмё-Арэна" ў Швецыі.
Прадзюсерам і рэжысёрам кліпа выступіў Сенол Коркмаза з Турцыі. А харэаграфію ў ім ставіла знакамітая сербская школа танца "Zilennium" пад кіраўніцтвам Алекса Райфовіча. Здымкі праходзілі ў Стамбуле, і, па словах Алены, аказаліся складанымі.
"Калі ішоў здымачны працэс, у горадзе было плюс 8 градусаў, - згадвае спявачка, - а трэба было паказваць пазітыў і радасць. Асноўная праца выпадала на раніцу і ноч, калі яшчэ больш халадае, таму справа далася няпроста.
Нагадаем, што падтрымаць беларускую ўдзельніцу пагадзіўся пераможца "Еўрабачання-2009", нарвежац з беларускімі каранямі Аляксандр Рыбак. Ён браў удзел у здымках кліпа, не пабаяўшыся "стамбульскіх маразоў".
Кошт відэа, як адказаў на пытанне журналістаў прадзюсар спявачкі Дзмітрый Баранаў - склаў прыкладна 15 тысяч долараў. "Усе правы на ролік належаць прадзюсарскаму цэнтру "Спамаш", які з задавальненнем аддасць сумежныя правы любым вяшчальнікам на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі", - сказаў ён.
У цэлым, падрыхтоўка да конкурсу адбываецца "сваім парадкам". У рамках прома-тура Алена Ланская ўжо выступіла ў фіналах нацыянальных адборачных тураў у Румыніі і Малдове. У бліжэйшы час спявачка выправіцца ў Грэцыю, у далейшых планах - прома-паездкі ў Лондан, Амстэрдам, Брусэль, Кіеў, Маскву.
На пытанне карэспандэнта "К", ці лічыць Алена ўдзел у еўрапейскім конкурсе своеасаблівым "іспытам на трываласць" адказала: "Тут неабходны вопыт удзелу ў разнастайных конкурсах, вопыт адбору. Форум падобнага ўзроўню прадугледжвае вялікую працу - і я яе не баюся".
У той жа час яна прызналася, што ўсе стрэсы мае звычку здымаць у трынажорнай зале.

Нагадаем: нумар пад якім беларуская канкурсантка выступіць 14 мая ў першым паўфінале "Еўрабачання" , - 11. "Галоўнае, што не першы", - так пракаменціравала спявачка "поспех" абранай для яе рэжысёрамі шоу лічбы. Разам з Аленай у паўфінале выступяць выканаўцы з 15 краін.
Прамую трансляцыю двух паўфіналаў і фіналу будуць весці тэлеканал "Беларусь 1" і міжнародны спутнікавы "Беларусь 24".