Слухай любімае!

26.10.2012
"Звязда", 26 rкастрычніка 2012 г.

 
Сёння мы працягваем знаёмства з праектамі сезона 2012-2013??гг. на радыёстанцыі "Сталіца".
Любімая кружэлка "Бітлз", чароўная балада Марка Нопфлера... Напэўна, у кожнага з нас ёсць музыка, якая асацыюецца з чымсьці. Яе каштоўнасць у тым, што яна нагадвае пра мінулае.
Слова "настальгія" прыдумаў швейцарскі ўрач Іаган Хофер у ХVІІ стагоддзі. Доўгі час яна лічылася хваробай. Цяпер так можна назваць здаровае захапленне музыкай, з якой звязаны самыя рамантычныя моманты вашага жыцця. Кампазіцыі, якія гучаць у праграме Алены Ражковай "Аксамітавы вечар" кожны чацвер у 22.15 нагадаюць вам пра шчасце "дзён былых".
Прыемна адпачыць пасля плённага рабочага тыдня марыць кожны. Паслухаць добрую музыку, пагутарыць пра мастацтва з цікавымі гасцямі прапануем у "Літаратурным кафэ". Гаспадыня - Вераніка Бандаровіч. Час працы - кожную пятніцу з 22.15.
Кожны будны дзень у 24.00 Алесь Праўдзін раскажа "Калыханку для дарослых". Праграма забаўляльная, гумарыстычная. У ёй праз смешныя выпадкі са славутымі людзьмі выкрываюцца чалавечыя заганы, праслаўляюцца знаходлівасць і арыгінальны падыход да звычайных рэчаў.
А ў пятніцу пасля "Калыханкі" вядучыя Алена Давыдава і Марына Савіцкая ў праграме "Размова ўначы" з дапамогай псіхолагаў, радыёслухачоў разбяруць "па костачках" гісторыі з асабістага жыцця людзей і пастараюцца знайсці выйсце са складанай сітуацыі.
Больш падрабязна з праграмамі радыёстанцыі "Сталіца" можна азнаёміцца на старонцы ў інтэрнэце www.stаlіса.tvr.bу.