"Славянскi базар" пад прыцэлам тэлекамер

14.07.2005
"Звязда", 14 ліпеня 2005 г.


Не засмучайцеся ўсе тыя, у каго не атрымлiваецца трапiць гэтымi днямi ў Вiцебск i на свае вочы пабачыць дзею "Славянскага базару". Па традыцыi "эфект прысутнасцi" на фестывалi мастацтваў забяспечаць сваiм слухачам i гледачам творчыя групы радыйшчыкаў i тэлевiзiёншчыкаў.

БТ I IНШЫЯ
"Белтэлерадыёкампанiя шырокiм фронтам наступае на ўсе мерапрыемствы, якiя будуць праводзiцца ў рамках XIV Мiжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскi базар у Вiцебску!" - амаль па-ваеннаму адрапартаваў галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыi тэлевытворчасцi Белтэлерадыёкампанii Уладзiмiр Iсат. Паводле яго слоў, на працягу васьмi фестывальных дзён самую поўную iнфармацыю пра падзеi ў Вiцебску можна атрымаць ажно з сямi крынiц. (На ўвазе маюцца Першы нацыянальны, тэлеканалы "Лад" i "Беларусь-ТБ", а таксама Першы нацыянальны канал Беларускага радыё, радыёканал "Культура", радыёстанцыi "Беларусь" i "Радыус-FM").
У прамым эфiры Першы нацыянальны пакажа адкрыццё i закрыццё "Славянскага базару", Днi культуры Беларусi, Расii i Украiны, Дзень Саюзнай дзяржавы. 17 i 19 лiпеня таксама ў прамым эфiры - не прапусцiце! - конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песнi "Вiцебск-2005", у якiм за Беларусь выступаюць Гюнеш Абасава i Палiна Смолава. Тэлеканал "Лад" 15-17 лiпеня транслiруе ў прамым эфiры дзiцячы музычны конкурс "Вiцебск-2005", дзе мы "балеем" найперш за 10-гадовых беларусаў Ксенiю Сiтнiк i Мiшу Лiла.
Мiж iншым, упершыню за ўсю гiсторыю конкурсу выканаўцаў паралельна з прафесiйным журы вызначаць свайго фаварыта i гледачы. Па вынiках iнтэрактыўнага галасавання на БТ-1 i "Ладзе" найлепшаму спеваку або спявачцы будзе ўручаны прыз глядацкiх сiмпатый i падарункi на суму 1000 долараў ЗША. Галасаванне адбудзецца як падчас дарослага, так i падчас дзiцячага конкурсу.

АНТ
Другi нацыянальны канал у ноч з 16 на 17 лiпеня прадставiць у Вiцебску канцэрт "Песня года Беларусi на Славянскiм базары". Тэлеверсiю яго гледачы ўбачаць 22 лiпеня.
Гэты спецпраект, якi адбудзецца ў летнiм амфiтэатры а палове другой ночы, збярэ каля 36 папулярных беларускiх выканаўцаў. Карыяна, Вера Карэтнiкава, Жанет, Улялюм, Iскуi Абалян, Галiна Шышкова, Ларыса Грыбалёва, Алеся, Iна Афанасьева, Вiкторыя Алешка, Аляксандра Гайдук, гурты "Тяни-толкай", "Чук i Гек", "Топлес", "Мэры Попiнс", "Чарнiка", "Новы Iерусалiм" i iншыя прадставяць свае лепшыя песнi. Асаблiвая ўвага будзе нададзена выступленням Пятра Ялфiмава - уладальнiка Гран-пры мiнулагодняга конкурсу маладых выканаўцаў на "Славянскiм базары", - i сёлетнiх нашых канкурсантак Гюнеш Абасавай i Палiны Смолавай.

* * *
На XIV Мiжнародным фестывалi мастацтваў "Славянскi базар у Вiцебску" працуюць сёлета творчыя групы тэлерадыёаб’яднанняў з 9 рэгiёнаў Расii, а таксама з Украiны, Малдовы, Латвii, Польшчы. Магчымасць паглядзець на фестываль маюць гледачы яшчэ 16 краiн, на якiя распаўсюджваецца вяшчанне спадарожнiкавага канала "Беларусь-ТБ".

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.