Славянскі базар з экранамі Еўрабачання і трансляцыяй за мяжу

02.07.2010
"Звязда", 2 ліпеня 2010 г.


Галоўная канцэртная пляцоўка "Славянскага базару" - Летні амфітэатр - паўстане сёлета ў абноўленым выглядзе. Здзіўляць спецэфектамі будуць новыя высокатэхналагічныя дэкарацыі. Белтэлерадыёкампанія для атрымання лепшай карцінкі скарыстае найноўшае аператарскае абсталяванне - 16-камерную перасовачную тэлевізійную станцыю, а знарок з Масквы для аздаблення сцэны прывязуць вялізныя экраны, якія выкарыстоўваліся падчас конкурсу "Еўрабачанне-2009" у Алімпійскім.
Акрамя трансляцый "Славянскага базару" ў эфіры каналаў "Першы", "ЛАД" і "Беларусь-ТВ", музычны фэст можна будзе і паслухаць. Адмысловыя музычна-тэматычныя перадачы запланаваныя на радыёстанцыях "Беларусь", "Сталіца" і "Радыус-FM".
Матэрыялы фестывалю, перакладзеныя на англійскую мову, будуць размешчаныя на абменным серверы Еўрапейскага вяшчальнага саюза, матэрыялы з перакладам на нямецкую мову - на серверы радыёкампаніі "Радыё-700" (Германія).

Ілья ЛАПАТО.