Скрыжаваннi, Еўропа i ўсе-ўсе-ўсе

08.07.2005
"Звязда" (дадатак - газета "Чырвоная змена"), 8 ліпеня 2005 г.


"Я, дзякаваць Богу, не Мацiльда, але таксама вельмi хачу туссэ", - казала гераiня Веркi Сярдзючкi ў мюзiкле "Папялушка". Магчымасцяў зрабiць "туссэ", або, прасцей кажучы, патусавацца, сёлетнiм летам хапае на любы густ. Эстрадных выканаўцаў i iх фанатаў 14 лiпеня прыме ў абдымкi "Славянскi базар у Вiцебску", альтэрнатыўшчыкаў зачакалiся на фестывалi беларускай музыкi ў Польшчы "Басовiшча", медыявальшчыкаў - на сярэднявечнай дыскатэцы ад "Старога Ольсы". Але столькi новых iмёнаў на адной пляцоўцы, акрамя нацыянальнага музычнага форуму "На скрыжаваннях Еўропы", не збiрае больш нiводны фэст цi хiт-парад.
З красавiка па чэрвень свае заяўкi на ўдзел у праекце падалi больш як 70 выканаўцаў. Сярод iх - як ужо вядомыя Галiна Шышкова, Улада, Веста, "J_MOPC", "Экiвокi", так i адкрыццi сезона - гурт Андрэя Дзяркова "Тайланд", фальклорны дуэт "ЯР", абаяльны салiст-вакалiст "усходняга" каларыту Шыр, гурт "Фрыга".
Новы тур "Скрыжаванняў..." разнастайны ва ўсiм: тут вам i нядрэннай якасцi поп-музыка, i фальклор, i сплаў поп-року, i нават рэп ад вядомай каманды "Нестандартны варыянт". Тое самае датычыцца мовы песень: хаця руская пакуль што вiдавочна пераважае, але павелiчэнне колькасцi англа- i беларускамоўных кампазiцый не можа не радаваць. Цалкам хiт-парад "На скрыжаваннях Еўропы" пакажа новыя запiсы з лiпеня па кастрычнiк. Пакуль жа запiсана першая частка Марлезонскага балета: 34 выканаўцы i гурты, як штыкi, з 11 ранiцы да гадзiны ночы ўдзельнiчалi ў здымках праекта. Нам удалося пабываць на зорным "туссэ" непасрэдна падчас запiсу.
Самай адказнай на здымках з усiх артыстаў была, напэўна, Палiна Смолава. Нягледзячы на актыўную падрыхтоўку да ўдзелу ў конкурсе маладых выканаўцаў на "Славянскiм базары", спявачка прыехала на запiс нават загадзя, ды яшчэ спецыяльны нумар з падтанцоўкай прыдумала. А калi дзяўчаты-танцоўшчыцы, незадаволеныя гадзiнным спазненнем у здымках, стамiлiся чакаць i пайшлi, Палiна мужна выйшла на сцэну адна. I паказала, што настрой i iншыя дробязi на ўзровень выступлення артыста ўплываць не павiнны. Хаця ў гэты дзень, здаецца, усё было супраць Палiны: i штучны вецер дзьмуў не ў тым накiрунку i не з патрэбнай iнтэнсiўнасцю, i верх ад касцюма расшпiлiўся проста на сцэне. З першым спявачка справiлася сама, а ўладкаваць касцюм дапамагла стылiст.
- А вось у нас спрэчка выйшла, - звярнулiся на другiм дублi дзяўчаты-глядачкi да Палiнiнай стылiсткi. - Гэта ў яе свае валасы такiя доўгiя паспелi вырасцi альбо штучныя?
- Ну, у яе i ўласныя валасы доўгiя, проста не вельмi густыя, але прыгожыя, - дыпламатычна выкруцiлася дзяўчына. (Я ў чарговы раз задалася рытарычным пытаннем: чаму нiкога не цiкавiць, цi сваiм голасам спяваюць нашы артысты, цi маюць яны музычную адукацыю, аднак усiх хвалюе сакрэт зграбнай фiгуры, роўнага загару, пазногцяў?).
Толькi пасля выступлення Палiна дала волю пачуццям, дый тое ненадоўга. Па-першае, яе тут жа прыйшоў падтрымаць калега па сцэне i сябар па жыццi Саша Папоў (ён запiсаўся па графiку першым, лiтаральна за паўгадзiны да Смолавай, але студыю не пакiдаў i падбадзёрваў iншых выступаючых). Па-другое, не дала разняволiцца прэса; у тым лiку i я скарыстала зручны момант.
- Палiна, вiншую з заканчэннем унiверсiтэта! Што напiсана ў дыпломе, па якой спецыяльнасцi будзеш працаваць?
- Напiсана "артыст сцэны, салiст ансамбля/аркестра, педагог". Буду працягваць працаваць салiсткай у Маладзёжным тэатры эстрады i салiсткай аркестра ГУУС.
- Па чутках, за працу ў аркестры ГУУС табе абяцалi даць званне лейтэнанта мiлiцыi?
- Не тое каб абяцалi, але ж ёсць службовая лесвiца. Буду старацца i працаваць. Атрымаю званне - добра, не - значыць, не.
- Ты i без таго стараешся i працуеш, як пчала! I на фестывалi ў Маладзечне, i на Днi Незалежнасцi, i зараз "На скрыжаваннях Еўропы"... Цi не лепш перад "Славянскiм базарам" крыху адпачыць?
- Я проста такi чалавек па жыццi, хачу паўсюль паспець. Думаю, што ў мяне хопiць сiл i магчымасцяў на ўсё.
- У тваiм новым клiпе, якi робiць Уладзiмiр Максiмкаў, здымаецца мадэльер Iван Айплатаў. Гэта значыць, ён i ўборы для "Славянскага базару" табе шые?
- Клiп яшчэ толькi будзе здымацца, непасрэдна перад фестывалем. Ваня сапраўды там здымаецца i ён сапраўды шые мне адзенне, але не для "Славянскага базару". Туды я паеду ў адзеннi Наталлi Поткiнай, гэта два абсалютна розныя, цiкавыя касцюмы, якiя пасуюць пад мой стыль.
- А што будзеш спяваць на конкурсе, калi не скарэт?
- Першая песня - "Рэха жураўлiнае" Дзмiтрыя Далгалёва i Уладзiмiра Пяскевiча была напiсана спецыяльна для конкурсу. Другая песня - "Польская мадонна" Марылi Радовiч, я буду спяваць яе ў суправаджэннi аркестра Мiхаiла Фiнберга.
- Ты добра ведаеш другую нашу канкурсантку Гюнэш Абасаву, вы нават былi сапернiцамi ў адборы на "Еўрабачанне". Як складваюцца адносiны напярэдаднi фестывалю?
- Наша мэта - не выступаць адна перад адной, а выступiць за нашу рэспублiку. Таму мы больш сёстры па камандзе.
Палiну прыедуць падтрымлiваць на "Славянскi базар" i мама з татам, i сястра, i сяброўкi, i каханы чалавек. Дарэчы, калi б не ўдзел у фестывалi, то спявачка, хутчэй за ўсё, ужо сёлета выйшла б замуж. Цяпер жа плануе выступiць як мага лепш, крыху адпачыць у Iталii i пачаць рыхтавацца да свайго "сольнiка", а пазней, магчыма, зноў падаць заяўку на ўдзел у "Еўрабачаннi". А як жа замуж? Ну, што замуж... "Гэта справа, якая рашаецца за дзве хвiлiны, - жартуе Палiна. - Аднак кар’ера ўсё адно вышэй за ўсё".
У адрозненне ад добрасумленнай Палiны, маладую спявачку Вiолу з групай падтрымкi на здымачную пляцоўку давялося выклiкаць ажно тройчы. Мы ўсё спрабавалi здагадацца, як выглядае дзяўчына з такiм сцэнiчным псеўданiмам, але рацыi не меў нiхто. Вiола аказалася невысокай паненкай у чорным i са скрыпкай у руках. Каб прадэманстраваць, што скрыпка не проста дзеля антуражу, пакуль адладжвалiся камеры, яна нават сыграла нейкi музычны ўрывак. А яе суправаджэнне - тры дзяўчыны, таксама скрыпачкi, - адпрацаваўшы нумар, чамусьцi пабеглi фатаграфавацца на фоне зачыненых дзвярэй студыi. (Гэта такая фiшка новая: глядзiце, я быў на БТ?)
Астатнiя выканаўцы - практычна ўсе вопытныя, загартаваныя байцы поп-сцэны - паводзiлi сябе больш стрымана i адказна. Традыцыйнай папулярнасцю сярод збiральнiкаў аўтографаў карысталася Iна Афанасьева, якая не адмаўляла ў адказах нават на самыя наiўныя пытаннi. Пераможца вясновай часткi праекта АНТ "Песня года" Карыяна спецыяльна для запiсу прыехала з гастроляў па Магiлёўшчыне i вiдавочна хвалявалася, як паспее вярнуцца. Дарэчы, насуперак чаканням, спявала Карыяна не свой англамоўны хiт, а рускамоўную "Аднойчы". Магчыма, таму i стыль адзення змянiла на больш легкадумны, летнi - зусiм не рокерскi, затое такi жаноцкi...
Калi ты не ўдзельнiк або фанат, запiс цiкавы толькi першыя паўтары гадзiны. Пасля працэс нагадвае канвеер: кароткая рэпетыцыя, два дублi здымак, наступны. На кожнага выканаўцу прыпадала ў сярэднiм па 20 хвiлiн. Не дзiва, што аператары, iнжынеры, рэжысёр i прадзюсар выкарыстоўвалi кожны мiнi-перапынак для мiнi-адпачынку... Зрэшты, гэты тлум развеяўся ўвечары з выхадам на сцэну дзяўчат з "Мэры Попiнс". Цi то харызма дзяўчат, цi то iх амаль неiснуючыя спаднiцы прымусiлi амаль усю здымачную групу заўзята падпяваць: "Я и есть твой бог, меня зовут любовь...". Ажыўленне выклiкаў таксама былы КВЗшнiк i тэлевядучы, а зараз фронтмэн уласнага гурта Андрэй Дзяркоў. Па-першае, нарэшце Андрэй рэалiзаваў сваю даўнюю мару i сур’ёзна заняўся музыкай. Па-другое, сама музыка аказалася незвычайнай i досыць цiкавай. (Хоць мяне дагэтуль забаўляе, чаму каманда з назвай "Тайланд" спявае "Такешы Кiтана". Японiя i Тайланд, яны, канешне, у чымсьцi падобныя, але ж не настолькi...)
Можна было яшчэ расказаць пра мачо Тарыэла Майсурадзэ i цяжкавымаўляльную i ўспрымальную спявачку Улялюм, пра iнтэлiгентаў з "Экiвокаў" і беларускага народнага Аляксандра Саладуху... Але я не буду гэтага рабiць. Бо ўсё ж такi лепш адзiн раз пабачыць, чым сто разоў прачытаць. А "туссэ" можна i дома з сябрамi наладзiць: выканаўцы - па адзiн бок тэлеэкрана, вы - па другi.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.